Озеро Вечелье — один из двух водоёмов Беларуси, где есть очень редкое животное класса ракообразных — озёрная эвритемора

Экология

На пытанне, чым адметнае наша Вечалле, мы адразу прыгадаем ганаровае 8­е месца па глыбіні сярод усіх беларускіх азёр, славутую мінералку і багатыя воднаспартыўныя традыцыі. Але ёсць і яшчэ адна малавядомая акалічнасць: Вечалле з’яўляецца адным з двух айчынных вадаёмаў, дзе жыве азёрная эўрытэмора – рэдкая жывёла класа ракападобных атрада весланогіх, занесеная ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Зрэшты, не намагайцеся прыгадаць, ці бачылі вы яе, купаючыся ці плаваючы на лодцы па тутэйшых хвалях: гэта зусім маленькі рачок, даўжыня якога ўсяго каля паўтара міліметра, да таго ж асноўная маса папуляцыі трымаецца ў возеры на глыбіні 10­-15 метраў.

Цэнтр арэала распаўсюджання эўрытэморы – вадаёмы паўночнай часткі Еўропы і Заходняй Сібіры. Гэты від фаўны прылічаны да рэдкіх і знікаючых у Германіі і Літве, яго можна сустрэць толькі ў адным вадаёме Польшчы, у Беларусі ж акрамя Вечалля папуляцыя маецца яшчэ ў возеры Волчын, што таксама належыць да басейна Заходняй Дзвіны.

Чаму ж гэтая патрабавальная жывёла аблюбавала менавіта Вечалле? Навукоўцы сцвярджаюць, што яна можа жыць толькі ў чыстых вадаёмах, дзе на блізкай да дна глыбіні маецца камфортная тэмпература і высокая насычанасць вады кіслародам. Гэтым патрабаванням адпавядае Вечалле, дзе тэмпература пластоў вады значна адрозніваецца: нават летам, калі паверхня праграваецца да 20 і больш градусаў, тэмпература на глыбіні не вышэй за 6, а менавіта 5­-10 градусаў – аптымальныя ўмовы для жыцця эўрытэморы. Дарэчы, для вывучэння гэтага ўнікальнага насельніка вадаёма на Вечалле неаднаразова прыязджалі навуковыя экспедыцыі. Сярод экспанатаў міни-­музея, размешчанага на былой водналыжнай базе (мы расказвалі пра яго на старонках газеты месяц таму) захоўваецца даведка, падпісаная старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута заалогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі В.Вежнаўцом. Дакумент пацвярджае факт прысутнасці ў возеры папуляцыі рэліктавага рачка, які, дарэчы, карысны яшчэ і тым, што з’яўляецца кормам для сігавых рыб (рапушкі, снятка). “Наяўнасць гэтага рэлікта ў вадаёме сведчыць пра чысціню яго вод”, – адзначана ў даведцы.

Разам з тым, праведзеныя навукоўцамі даследаванні гавораць, што на Вечаллі назіраецца паступовае зніжэнне празрыстасці вады: калі ў 1976 годзе тут фіксавалася 4­-метровая бачнасць, у 2005 яна знізілася да 2, а летам 2011 складала толькі 1,2­-1,5 метра. Прычынай гэтага з’яўляецца эўтрафіраванне вадаёма – павелічэнне ўтрымання ў ім біягенных элементаў (галоўным чынам азоту і фосфару). Назапашваюцца яны ў возеры ў выніку інтэнсіўнага развіцця раслін, прамысловых і бытавых забруджванняў, эрозіі прыбярэжнай глебы і нават з атмасферных ападкаў. На фоне зніжэння празрыстасці вады змяншаецца і колькасць эўрытэморы: калі ў 1977 годзе яе сярэдняя шчыльнасць ў слупе вады дасягала 7.92 тысячы экзэмпляраў на метр кубічны, то даследаванні 2011 года паказалі даныя 0.22 тысячы экз./м3, што стварае пагрозу поўнага знікнення гэтага віду з фаўны возера.

На жаль, абядненне нашай флоры і фаўны часта адбываецца пад уплывам дзейнасці чалавека. І ў нашых з вамі сілах калі не спыніць, то хаця б замарудзіць пагаршэнне якасці вады ў рэках і азёрах, захоўваючы ўсе правілы ўтрымання водаахоўных зон.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *