В центре внимания — покупатель. С чем заканчивает пятилетку Ушачское райпо

Общество

Падыходзіць да завяршэння тэрмін Праграмы сацыяльнаэканамічнага развіцця Ушацкага раёна на 20112015 гады. З чым завяршае пяцігодку Ушацкае райспажыўтаварыства, якое займае дамінуючае палажэнне на таварным рынку Ушаччыны, што ўдалося зрабіць для паляпшэння якасці абслугоўвання патрабавальных пакупнікоў? Аб гэтым – у нашым матэрыяле.

Запрашаюць новыя магазіны

– Я ў гэтым магазіне для ўсёй сям’і адзенне купіла і не таму, што тут сама працую і хачу зрабіць большы тавараабарот ці выканаць план. Сапраўды адчуваеш выгаду і эканомію, асабліва купіўшы некалькі рэчаў. Прычым адзенне якаснае і добра носіцца, – расказвае Святлана Леанідаўна Байцова – прадавец “Магазіна нізкіх цэн” райспажыўтаварыства, які адкрыўся гэтай вясной.
Асноўны тавар невялікага па плошчы магазіна – якаснае, фабрычнае адзенне, але мінулых гадоў выпуску і па гэтай прычыне ўцэненае. Чаму б не купіць цёплае паліто, якое каштавала 2 мільёны 387 тысяч рублёў, а цяпер яго цана 1 мільён 787 тысяч? Класічную белую блузку, напрыклад, можна набыць за 173 ці 123 тысячы замест папярэдніх 206 і 147, а касцюм на дзяўчынку-школьніцу (спадніца і пінжак) за 231 тысячу замест 275. І калі моладзь спасылаецца на тое, што адзенне мінулых гадоў выйшла ўжо з моды, то старэйшае пакаленне ўсё часцей падбірае сабе тут тую ці іншую рэч.

Зрэшты, гэта далёка не адзін магазін, адкрыты райспажыўтаварыствам за апошнюю пяцігодку. У бягучым годзе запрацаваў аб’ект гандлю “Дары прыроды” з шырокім асартыментам пладова-агародіннай прадукцыі. У 2014-м у райцэнтры адкрыліся “Тэхнамір”, які прапануе мабільныя тэлефоны, планшэты, ноутбукі, тэлевізары і шмат іншай бытавой тэхнікі, а таксама “Мясная лаўка” з шырокім асартыментам як ахалоджаных, так і замарожаных мясапрадуктаў, свініны, ялавічыны, мяса птушкі і іншага – гандлёвая кропка адразу ж палюбілася ўшачанам і стала даволі папулярнай, таму і не дзіўна, што месячны тавараабарот магазіна перавышае 400 мільёнаў рублёў.

У 2012-м годзе ўшачане парадаваліся адкрыццю ўніверсама “Родны кут” з сучаснай сістэмай выкладкі тавараў, новым гандлёва-тэхналагічным абсталяваннем, самаабслугоўваннем. У 2013 годзе на работу па такім жа метадзе быў пераведзены і магазін аграгарадка Арэхаўна. Разам з адкрыццём новых магазінаў у райспажыўтаварыстве клапоцяцца і пра рамонт старых. Яскравы прыклад гэтаму – мадэрнізацыя другога паверха ўнівермага, дзе значна пашыраны асартымент тавараў, цяпер, напрыклад, за дзіцячай каляскай можна не ехаць у горад, а набыць яе тут. Праведзеная работа дала станоўчы вынік і дазволіла павысіць тавараабарот, тэмп росту толькі за мінулы год склаў больш 114 працэнтаў. Усяго за 2011-2015 гады адрамантавана 27 гандлёвых аб’ектаў райспажыўтаварыства.

Ад смачных шашлыкоў да духмяных дранікаў

Нядаўна да мяне ў госці прыехалі знаёмыя з іншага раёна. Як вядома, летам застоллі рэдка праходзяць без шашлыка. Каб не траціць час на прыгатаванне гэтай стравы, купіла гатовы ўшацкай вытворчасці.

– Вы самі марынавалі мяса, гэта наўрад ці магазінны шашлык? Напэўна, добры рэцэпт! – гаварылі госці і не маглі паверыць, што гэта пакупны прадукт.

Між тым, не толькі шашлык хутка раскупляецца, немалым попытам у насельніцтва карыстаецца і іншая прадукцыя грамадскага харчавання: буйнакускавыя паўфабрыкаты, фарш, галубцы, пельмені, каўбаса сырая, раздзелка з мяса птушкі. Тое, што попыт на гэтыя прадукты ёсць, спецыялісты райспажыўтаварыства падмацоўваць і лічбамі. Так, сярэднямесячны аб’ём вытворчасці мясных паўфабрыкатаў узрос з 5,1 тоны ў 2011 годзе да 10,5 тоны ў 2015-м. Напрыклад, калі ў 2011 годзе сярэднямесячны аб’ём вытворчасці шашлыкоў быў 258 кілаграмаў, то зараз – 525, а ў ліпені бягучага года наогул было зроблена 1320! Павялічылася і вытворчасць галубцоў – са 167 кілаграмаў да 240, каўбасы сырой з 38 да 420 кілаграмаў, пельменяў з 880 кілаграмаў да 2,2 тоны, паўфабрыкатаў з мяса птушкі з 217 кілаграмаў да 3 тон.

Акрамя вырабу мясной прадукцыі на выдатна адладжаны і выпуск салодкіх прысмакаў, якім займаецца кандытарскі цэх. Ушацкія тарты не саступаюць па смакавых уласцівасцях тым жа полацкім, а цана – больш дэмакратычная. У кандытарскім цэху па індывідуальным заказе прыгатуюць любы торт, які ўпрыгожыць святочны стол. Не ўяўляюць многія ўшачане і свой перакус на рабоце без духмяных дранікаў, булачак.

Каб спажыўцы заставаліся сытымі і задаволенымі, у галіне грамадскага харчавання не абысціся і без укладанняў. За апошнюю пяцігодку інвестыцыі ў гэтую галіну склалі 1090 мільёнаў рублёў. Набыты і ўстаноўлены ў кандытарскім цэху параканвекцыйная печ, цестараскатачная, дрожаратарная, узбівальная машыны, электрычная патэльня для кулінарнага цэха, 2 індукцыйныя пліты для рэстарана, 2 халадзільныя шафы для кулінарнага і кандытарскага цэха, а таксама халадзільнае абсталяванне для сталовай і бара аграгарадка Арэхаўна, кулінарыі, буфетаў райвыканкама і Ушацкай школы. Каб было камфортна і ўтульна наведвальнікам, зроблены бягучы рамонт бара з більярдам, кафэ “Еўропа”, банкетнага зала рэстарана, закусачнай “Піражковая”.

У гэтым годзе ва Ушачах стала больш яшчэ на адну кропку грамадскага харчавання – у красавіку першых наведвальнікаў прыняў новы бар пад назвай “Класіка”.

На сяле абслугоўванне не горш

Многія лічаць, што гандлёвае абслугоўванне ў сельскіх населеных пунктах значна саступае райцэнтру. Аднак райспажыўтаварыствам робіцца ўсё, каб вяскоўцы былі забяспечаны ўсім неабходным і не адчувалі сябе абдзеленымі тымі ці іншымі таварамі.

– У нас у магазіне ўсё добра! Вось якраз за пакупкамі збіраюся, – расказвае Лідзія Усцінаўна Скурковіч, жыхарка вёскі Павулле Вяркудскага сельсавета, – ёсць абсалютна ўсё, што неабходна і пры гэтым нядрэнны асартымент. Хочаш – купі дарагой каўбасы, няма магчымасці – ёсць дзешавейшая. Калі ж штосьці не знайшлося па гусце – тут аператыўна выканаюць заяўку на той ці іншы прадукт. Тое ж самае датычыцца і прамысловых тавараў – усё можна заказаць. Вось я ў хуткім часе хачу набыць пліту і не бачу сэнсу ехаць за ёй у горад, шукаць і ламаць галаву, на чым прывезці. Тут зрабіў заяўку – і дадому прывязуць, гэта ж так зручна! Адным словам, абслугоўванню ў магазіне асабіста я магу паставіць станоўчую адзнаку. Больш таго, аўтамагазін, які накіроўваецца на Янова, пры неабходнасці можа спыніцца і ў нашай вёсцы, перыядычна прыязджае і аўталаўка з прамысловымі таварамі. Ну чым горш за горад?

На сённяшні дзень у сельскай мясцовасці размешчана 33 магазіны, з іх 8 абслугоўваюць населеныя пункты з колькасцю насельніцтва менш за 50 чалавек. А абслугоўванне 210 малых населеных пунктаў з колькасцю каля 2300 чалавек, дзе адсутнічае стацыянарная гандлёвая сетка, ажыццяўляецца 9 аўтамагазінамі. З мэтай павышэння якасці гандлёвага абслугоўвання насельніцтва малых вёсак у 2011-2015 гадах набыта 4 новых аўтамагазіны, аснашчаных сучасным гандлёва-тэхналагічным абсталяваннем, да канца гэтага года плануецца набыць яшчэ адзін. Летась дадаткова была арганізавана работа аўтамагазіна па гандлі прамысловымі таварамі.

Тавар у растэрміноўку – калі ласка!

Яшчэ зусім нядаўна мы не мелі такой магчымасці на скідкі, акцыі і растэрміноўкі на тавары. Цяпер жа мару аб жаданай рэчы ажыццявіць нескладана. Каб стымуляваць пакупніцкі попыт і адначасова пайсці насустрач спажыўцам, штомесячна ажыццяўляецца продаж тавараў у растэрміноўку і крэдыт (пры ўмове плацежаздольнасці пакупніка). Згадзіцеся, што пакупка, напрыклад, мэблі ці бытавой тэхнікі ў растэрміноўку моцна не ўдарыць па кашальку, калі вы будзеце выплачваць суму часткамі за некалькі месяцаў. Далёка хадзіць за прыкладамі не прыйшлося, адна з маіх калег па рэдакцыі падзялілася радасцю ад пакупкі ў растэрміноўку: “Калі б не такая магчымасць, наўрад ці змагла б зараз глядзець любімыя тэлеперадачы па сучасным з вялікім экранам тэлевізары. У мінулым годзе набылі яго ў “Тэхнаміры”. Адразу заплаціць за падобную пакупку каля 9 мільёнаў рублёў было не па кішэні, а ў растэрміноўку на паўгода гэта аказалася не так адчувальна. Некаторыя сцвярджаюць, што ў нас крыху вышэйшыя цэны і купляць тут не выгадна, але гэта спрэчнае меркаванне. Калі ўлічыць патрачаныя на дарогу сродкі пры паездцы ў іншы горад, то пакупка абыдзецца прыкладна ў такую ж суму”.

– Апошнім часам рэгулярнымі сталі ў нашых магазінах акцыі па продажы харчовых тавараў з прадастаўленнем пастаўшчыкамі скідак і фарміраваннем рознічнай цаны са змяншэннем памеру гандлёвай надбаўкі. Заўважана, што ўшачане ўжо прывыклі да такіх акцый і не ўпускаюць магчымасці купіць штосьці па зніжаным кошце. Новым накірункам стаў і продаж тавараў пайшчыкам райспажыўтаварыства: тавар са скідкай пры наяўнасці на рахунку пайшчыка грашовых сродкаў у выглядзе абаротнага паявога ўзносу, – расказвае начальнік гандлёвага аддзела райспажыўтаварыства Ганна Уладзіміраўна Хамёнак.

Платныя паслугі для насельніцтва

Акрамя асноўнага віду дзейнасці – гандлю, райспажыўтаварыства прапануе насельніцтву раёна ўсё больш платных паслуг. У 2011-м з гэтай мэтай у райцэнтры была адкрыта цырульня “Камелія”, у 2013-м запрацаваў другі магазін па продажы рытульных прыналежнасцей. Таксама аказваюцца паслугі па зборцы мэблі, камплектаванні падарункаў, транспартныя паслугі і па дастаўцы буйнагабарытных тавараў на дом пакупніку, забоі жывёлы, абкошванні падворкаў газонакасілкай, радыяцыйным кантролі, музычным суправаджэнні ў прадпрыемствах грамадскага харчавання і нават паслугі Дзеда Мароза да вашага навагодняга свята.

Мадэрнізацыя – крок наперад

За апошні час значна пераўтварылася аўтабаза і бойня райспажыўтаварыства. На першым аб’екце зроблены капітальны рамонт даху гаража, заменены вокны, адрамантаваны кантрольна-прапускны пункт, пакоі адпачынку вадзіцеляў. На другім – рамонт памяшканняў, цеплатрасы, агароджы, падлогі для загону жывёлы, пляцоўкі для мыцця і дэзінфекцыі транспарту, узведзены санпрапускнік.

266 мільёнаў інвестыцый укладзена і ў нарыхтоўчую галіну – устаноўлена камера ахалоджвання для захоўвання сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны. Летась праведзена мадэрнізацыя памяшкання для захоўвання агародніны з устаноўкай абсталявання, рэгулюючага тэмпературны рэжым, гэта дазволіла стварыць належныя ўмовы для захоўвання якасці закладваемай на міжсезонны перыяд прадукцыі.

За пяцігодку завершана і рэканструкцыя хлебнага цэха.

* * *

Як бачым, у сферы гандлёвага абслугоўвання зроблена вельмі многае, каб павысіць ступень камфортнасці пражывання ў раёне, забяспечыць усім неабходным насельніцтва. Мэтанакіраваная работа райспажыўтаварыства дае плён і будзе працягнута і ў новай пяцігодцы.
Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *