Выборы-2015: Как проходит агитация и что делать, если нет возможности прийти на избирательный участок

Общество

Да выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь засталося ўсяго два тыдні. Чым жыве ў гэтыя дні раённая выбарчая камісія, наша гутарка з яе старшынёй С.У.Аўдошкай.

– Святлана Уладзіміраўна, зараз самы пік агітацыі, які як у рэспубліцы, так і ў раёне праходзіць вельмі спакойна. Ад чаго гэта залежыць і калі заканчваецца агітацыя за кандыдатаў?

– Як і раней, агітацыю нельга праводзіць у дзень выбараў, а да 10 кастрычніка можна ўсімі вызначанымі выбарчым заканадаўствам формамі: праз сродкі масавай інфармацыі, вырабам і распаўсюджваннем агітацыйных друкаваных матэрыялаў, а таксама праз арганізацыю масавых мерапрыемстваў. Менавіта апошняя форма, а гэта сходы ў вызначаных для гэтых мэт месцах, сустрэчы з выбаршчыкамі, пікетаванне – найбольш папулярная ў нас: у раёне пікет правяла кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч, а сустрэчы з выбаршчыкамі праводзіць давераная асоба Аляксандра Лукашэнкі У.П.Андрэйчанка. Сяргей Гайдукевіч і Мікалай Улаховіч не інфармавалі ні райвыканкам, ні раённую камісію аб мяркуемым візіце ў раён, аднак могуць зрабіць гэта да 8 кастрычніка. Формы агітацыі абіраюць штабы кандыдатаў у прэзідэнты, ад іх жа залежыць і актыўнасць падчас перыяду агітацыі.

– Колькі наглядальнікаў мяркуюць прыняць удзел у наглядзе за ходам выбараў у нашым раёне?

– На 21 верасня акрэдытаваны 91 наглядальнік, 82 бу­дуць знаходзіцца на ўчастках для галасавання, а 9 – у раённай камісіі.

– Выбаршчыкі праз паштовыя скрыні ўжо атрымалі інфармацыйны матэрыял аб кандыдатах у прэзідэнты. А калі ўшачане атрымаюць запрашэнні аб удзеле ў выбарах?

– Запрашэнні ўжо падрыхтаваны, і хутка члены камісій пойдуць па дамах выбаршчыкаў. Хочам, каб кожны атрымаў іх у рукі, але ў крайнім выпадку, калі гаспадароў не застануць дома, запрашэнні будуць пакінуты ў паштовых скрынях. У запрашэннях указаны дзень, час, месца галасавання, адрас і нумар тэлефона ўчастка, на якім галасуе выбаршчык. Гэты працэс павінен быць завершаны 30 верасня.

– Калі выбаршчык не атрымае запрашэння ці заўважыць недакладнасць – нехта застаўся няўключаным або наадварот?

– У такім выпадку трэба звярнуцца ў выбарчую камісію па месцы рэгістрацыі. Наогул з 26 верасня выбаршчык у памяшканні ўчастковых камісій можа праверыць, уключаны ён у спіс і ці правільна ўказаны звесткі аб ім. Азнаямленне праводзіцца членамі камісій з захаваннем патрабавання аб захаванасці спіса.

– Ёсць выбаршчыкі, якія па стане здароўя не могуць самастойна з’явіцца на выбарчы ўчастак. Калі ім трэба паведаміць аб жаданні галасавання на доме?

– Выбаршчык можа звярнуцца пісьмова або вусна з просьбай аб арганізацыі галасавання па месцы свайго знаходжання ў дзень выбараў у любы час пасля ўтварэння ўчастковых камісій, а 11 кастрычніка не пазней чым за дзве гадзіны да заканчэння галасавання – да 18 гадзін.

– Дзякуй Вам за карысныя тлумачэнні.

Гутарыла Вольга КАРАЛЕНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *