Не хуже, чем в городе. В ОАО «Ильюшинский» молодёжь работает с удовольствием!

Образование и молодежь

Стэрэатып аб тым, што ў сельскай мясцовасці ў моладзі менш магчымасцей для раскрыцця сваёй асобы, здольнасцей, пабудовы кареры, можна развеяць, пабываўшы ў калектыве ААТІльюшынскі”.

З гэтым згодны і адзін з прадстаўнікоў маладога пакалення названай гаспадаркі, які ў свае 27 гадоў ужо займае пасаду намесніка дырэктара. Камунікабельны, адказны і старанны Андрэй Тарасевіч паспяхова спраўляецца са сваімі абавязкамі і прымае актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах:
– У мяне паверылі і нягледзячы на малады ўзрост даверылі высокую пасаду, заўсёды падтрымліваюць і дапамагаюць вопытныя калегі. Працаваць на сяле і пры гэтым жыць цікава і насычана – рэальна! Удзел у шматлікіх раённых і мясцовых мерапрыемствах, турзлёты, спартыўныя спаборніцтвы, суботнікі і іншае не даюць часу сумаваць, да таго ж згуртоўваюць. З упэўненасцю магу сказаць, што ў нашым калектыве моладзь вельмі дружная і працавітая. Мае родныя карані ў іншым раёне, але на Ушаччыне мне вельмі падабаецца, адчуваю сябе як дома і ганаруся тым, што тут працую.

І калі ў многіх арганізацыях моладзь, адпрацаваўшы пасля размеркавання патрэбны час, адпраўляецца ў пошуках лепшага жыцця ў горад, то ў “Ільюшынскім” дастаткова адваротных прыкладаў. Бухгалтар­касір Марыя Пліско пасля вучобы вярнулася ў роднае Ільюшына і з задавальненнем працуе ў гаспадарцы ўжо не першы год. На малой радзіме вырашыла застацца галоўны эканаміст Кацярына Селівёнак. Выдатна ўліўся ў калектыў галоўны інжынер Аляксей Клопаў. Тут усё жыццё працуюць яго бацькі, і хлопец прыехаў дамоў пасля вучобы па мэтавым накіраванні, ды яшчэ з другой палавінкай. Спіс працавітых ільюшынцаў можна працягваць і далей.

– Моладзь – гэта наша аснова і будучыня. Мне самому ў свой час пасля заканчэння ўніверсітэта даверылі адказны ўчастак работы ў адной з гаспадарак Лепельшчыны, а неўзабаве я стаў самым маладым кіраўніком сельгаспрадпрыемства на Ушаччыне. А гэта абавязвае апраўдваць давер, а не сядзець на месцы, падштурхоўвае развівацца. Галоўнае, каб было жаданне працаваць, а яно ў маладых ільюшынцаў ёсць, для гэтага мы стараемся іх падтрымліваць і заахвочваць, – гаворыць дырэктар гаспадаркі С.А.Халімоненка.

Пэўна, адным з самых важных момантаў замацавання маладых людзей на сяле з’яўляецца жыллёвае пытанне. У свой час на новых вуліцах аграгарадка дамы з усімі выгодамі атрымалі Юрый Бука, Дзмітрый Бурак, Аляксандар Селезень, Уладзімір Урбан, а сёння гэтыя хлопцы – перадавыя механізатары гаспадаркі, якія не саступаюць вопытным калегам.

Сёння крыху больш за 30 працэнтаў ад усіх працуючых у гаспадарцы складаюць маладыя людзі ва ўзросце да 31 года. Неўзабаве гаспадарка папоўніцца яшчэ двума маладымі спецыялістамі – інжынерам і аграномам, якія зараз вучацца ў навучальных установах па мэтавым накіраванні. Упэўнена, што яны таксама будуць з задавальненнем працаваць на карысць гаспадаркі, раёна, краіны.

Вольга  КАМАРКОВА.




Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *