Деревня Городец привлекает внимание своей ухоженностью, красотой природы и активными людьми

Общество

Вёска Гарадзец Жарскага сельсавета нават у цяперашнюю восеньскую непагадзь выглядае прывабна і ўтульна. Прыгожыя дамы і акуратныя падворкі, неблагая дарога, дагледжаная тэрыторыя агульнага карыстання, ну а пра тутэйшыя дзівосныя краявіды і казаць залішне – невыпадкова ўчасткі ў Гарадцы актыўна прадаюцца з аўкцыёну: толькі за апошнія тры гады тут пачалі будавацца пяць новых гаспадароў, усяго ж зараз у вёсцы занята 43 участкі. І нават не верыцца, што 10-­15 год таму гэта было неахайнае заросшае пустазеллем сяло, якое, здавалася, не жыло, а дажывала свой век.

Многае змянілася, калі ў Гарадзец перасяліліся працавітыя і актыўныя сем’і Нічыпараў і Валяйцёнкаў, якія вырашылі навесці парадак не толькі на сваіх сядзібах, але і ва ўсёй вёсцы. Актыўную грамадскую пазіцыю Валянціны Пятроўны Валяйцёнак хутка ацанілі аднавяскоўцы, абраўшы яе старэйшынам населенага пункта. Працоўнае жыццё жанчыны і яе мужа Уладзіміра Міхайлавіча прайшло ў Наваполацку, але заўсёды іх цягнула на родную Ушаччыну, куды і вырашылі пераехаць пасля выхаду на заслужаны адпачынак. Зрэшты, адпачынку ў іх цяперашнім жыцці не так і шмат: будаўнічыя работы, падсобная гаспадарка не даюць сядзець склаўшы рукі, ну а Валянціна Пятроўна да таго ж пастаянна занята грамадскімі справамі, бо выконвае свае абавязкі з узорнай адказнасцю. “Кожнага новага жыхара нашай вёскі адразу стаўлю перад фактам, што ўдзел у добраўпарадкаванні Гарадца цяпер будзе і яго абавязкам”, – расказвае старэйшына. І, па яе словах, ніхто яшчэ не адмовіўся ўносіць сваю лепту ў агульнакарысныя справы, а таму па зборы сродкаў самаабкладання гэтая вёска заўсёды на лідзіруючых пазіцыях у сельсавеце. Тое ж, куды накіраваць сабраныя грошы, жыхары вырашаюць на агульным сходзе. Два гады таму мы ўжо пісалі пра пабудаваны праз раку новы масток, які злучае дзве часткі вёскі. Пазней ён быў пакрыты спецыяльнай прапіткай для даўгавечнасці. Ёсць у планах вяскоўцаў і рамонт яшчэ адных масткоў, якія таксама патрэбны жыхарам: мяркуецца, што ён будзе зроблены яшчэ сёлета. Не так даўно ў вёсцы, дзе жыве шмат вернікаў, з’явіўся крыж, быў праведзены абрад яго асвячэння. Сабраныя сёлета сродкі пайшлі на рамонт дарогі, абкошванне населенага пункта, а таксама тэрыторыі ля помніка, устаноўленага на месцы спаленай фашыстамі вёскі Гвазды. Хутка вуліцу Гарадца ўпрыгожаць драўляныя лаўкі, якія змайстраваў гаспадар адной з тутэйшых сядзіб Андрэй Доўгаль. У бліжэйшых планах вясковага самакіравання – добраўпарадкаванне пляжу на возеры Існа: ёсць намер зрабіць тут лавачкі, раздзявалку і іншыя патрэбныя для адпачынку збудаванні. “Летам у нашай вёсцы збіраецца каля паўсотні дзяцей! Толькі ў нас з мужам – чацвёра ўнукаў, столькі ж і ў суседзяў, будуе тут дом мнагадзетная сям’я з Ушач, а таму хочацца, каб для ўсіх у нашай вёсцы былі самыя лепшыя выгоды”, – расказвае Валянціна Пятроўна. Трэба таксама дадаць, што за чысцінёй у населеным пункце старэйшына персанальна сочыць круглы год: ніколі не пройдзе міма, калі ўбачыць, што нехта кінуў на зямлю паперку ці акурак. А днямі, прачытаўшы ў “Патрыёце” аб’яву пра выезд на раён машыны райспажыўтаварыства для закупу другаснай  сыравіны, арганізавала па ўсёй вёсцы збор шклабою (ля яе адрыны ўжо стаяць некалькі поўных мяхоў) і дамовілася з кааператарамі пра заезд у Гарадзец.

Увогуле ж дзейнасць старшыні вясковага самакіравання, яе цесны кантакт і з жыхарамі, і з мясцовымі органамі ўлады – узор таго, як можна сумесна вырашаць надзённыя праблемы вяскоўцаў практычна ўласнымі сіламі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *