В Ушачском районе всё чаще дикие животные заходят в населённые пункты

Общество

У снежні бягучага года зафіксавана рэзкае павелічэнне наведвання дзікімі жывёламі населеных пунктаў раёна – мы паведамлялі пра такія выпадкі ў Глыбачцы Глыбачанскага, Строктах і Кляпцах адпаведна Ушацкага і Кубліцкага сельсаветаў, а зусім нядаўна паляўнічы застрэліў янотападобнага сабаку, які завітаў у вёску Дубінец Вялікадолецкага сельсавета. Менавіта янотападобныя сабакі, а таксама лісы, ваўкі, кажаны і дробныя грызуны з’яўляюцца асноўнымі прыроднымі носьбітамі шаленства – смяротна небяспечнай хваробы, якой пры кантакце з інфіцыраванай жывёлай можа заразіцца і хатняя, і чалавек. Адбываецца гэта не толькі пры ўкусах, бо небяспечным з’яўляецца трапленне сліны інфіцыраваных асобін на пашкоджаны ўчастак скуры, слізістыя абалонкі. Клінічныя прыкметы хваробы праяўляюцца незадоўга да гібелі, а здольнасць да заражэння праз сліну ў шалёнай жывёлы – раней. Таму ў мэтах бяспекі ўсе асобіны дзікай жывёлы заведама разглядаюцца як патэнцыяльная крыніца хваробы. Спецыялісты райветстанцыі праводзяць вывучэнне кожнай сітуацыі наведвання дзікімі жывёламі гаспадарак грамадзян і тэрыторый сельскагаспадарчых аб’ектаў і, як высвятляецца, небеспадстаўна. Праз тыдзень пасля ўвядзення каранціну па шаленстве ў Кляпцах комплекс такіх жа спецыяльных мерапрыемстваў праводзіцца ў Старым Сяле Жарскага сельсавета, дзе смяротна небяспечнае захворванне выяўлена ў хатняй жывёлы. Каза ў адной з падсобных гаспадарак вёскі падавала яўныя клінічныя прыкметы заражэння інфекцыяй, што і пацвердзілася пасля лабараторнага аналізу.

Спецыялісты і паляўнічыя сцвярджаюць, што прычынамі актыўнасці дзікіх драпежных жывёл стаў рост іх колькасці і цёплае надвор’е – янотападобныя сабакі не ўпадаюць у спячку, лісы з­за адсутнасці снегавога покрыва не могуць паляваць на мышэй – асноўную сваю здабычу зімой, вось і накіроўваюцца ў пошуках ежы бліжэй да чалавека. Адпаведна і верагоднасць кантакту хатніх жывёл з дзікімі, у тым ліку і хворымі, павялічваецца.

– Любыя анамальныя паводзіны дзікай жывёлы, такія, як адсутнасць страху перад чалавекам, ласкавасць або наадварот, нападзенне без прычыны, з’яўляюцца прыкметамі шаленства, – кажа ўрач-­эпізаатолаг райветстанцыі С.А.Мішалаў. – Пазбягайце любых кантактаў з імі, бадзяжнымі катамі і сабакамі, ні ў якім разе не пытайцеся іх злавіць, як гэта спрабавалі зрабіць жанчыны ў Глыбачцы, якія вымушаны цяпер праходзіць курс спецыяльнай вакцынацыі, нягледзячы на тое, што факт шаленства янотападобнага сабакі ў дадзеным выпадку, на шчасце, не пацвердзіўся.

Клінічныя прыкметы захворвання шаленствам хатніх жывёл – змяненне паводзін, адмаўленне ад ежы, боязь вады і святла. Яны не слухаюцца гаспадара, становяцца неспакойнымі і агрэсіўнымі, могуць збегчы са двара і кідацца на людзей. У сабакі, напрыклад, адвісаюць хвост і ніжняя сківіца, цячэ сліна. Калі жывёла паводзіць сябе не так, як раней, атрымала раны ад іншых жывёл, то яе неабходна па магчымасці ізаляваць і абавязкова звярнуцца да ветэрынара – ён установіць за ёй дзесяцідзённае назіранне на прадмет захворвання. Лепшай прафілактыкай ад захворвання шаленствам хатніх любімцаў з’яўляюцца прышчэпкі, якія трэба рабіць кожны год.

Калі ж любыя, нават знешне здаровыя жывёлы, пакусалі ці падрапалі вас, то прамывайце тэрмінова рану вадой з мылам не менш чым 15 хвілін, апрацуйце скуру вакол раны ёдам, накладзіце стэрыльную павязку і тэрмінова звярніцеся да медыкаў. Ведайце, што толькі хірург або траўматолаг можа вызначыць рызыку магчымага заражэння вірусам на шаленства і назначыць пры неабходнасці курс прышчэпак, ад якога ні ў якім разе нельга адмаўляцца ці самастойна прарываць лячэнне – гэта можа прывесці да трагедыі.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *