Галоўны накірунак работы Матырынскага сельскага клуба – адраджэнне і зберажэнне народных традыцый, мясцовага фальклору. Вёска Матырына ганарыцца сваім вядомым народным фальклорным калектывам “Матырынская спадчына”, які мае ўжо больш чым 30-гадовую гісторыю. Багаты ж фальклорны скарб трэба абавязкова перадаваць нашчадкам, а таму пры клубе дзейнічае дзіцячы фальклорны гурток “Спадчына”, які з’яўляецца спадарожнікам дарослага калектыву. Не адно пакаленне матырынскіх дзетак прайшло праз названы гурток. Многія з іх ужо сталі дарослымі і самастойнымі, а прыязджаючы ў вёску, заўсёды ўспамінаюць, як займаліся тут і спяшаліся наведаць гурток.
Неаднаразова гурткоўцы “Спадчыны” ўдзельнічалі ў абласных святах і фестывалях, на нядаўнім абласным аглядзеконкурсе “Ад прашчураў да зор” былі адзначаны дыпломам за зберажэнне народных традыцый. Зусім нядаўна Матырынскі сельскі клуб запрасіў вяскоўцаў на свята народнага календара “Саракі”. У сучаснасці гэтае свята ўжо забываецца, а наша маладое пакаленне з вялікім стараннем і захапленнем рыхтавалі аднайменную пастаноўку. Выступленне ўдзельнікаў гуртка выдатна дапоўнілі веснавыя абрадавыя песні ў выкананні дарослага калектыву “Матырынская спадчына”. Прыемна, што гледачам спадабалася падрыхтаванае намі мерапрыемства, а дзеці былі радасныя, што іх матулі і бабулі засталіся ў захапленні ад іх выступлення. Цяпер яны рыхтуюцца да наступнага абраду – на Вялікдзень.
Молодцы! Так держать!