Зажинки в Ушачском районе

Сельское хозяйство

Зусім не перабольшаннем прагучалі з вуснаў першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка райсельгасхарча Леаніда Аляксандравіча Лісоўскага словы аб тым, што на Ушаччыну завітала вялікае свята. Было гэта ў мінулую пятніцу падчас раённых “Зажынак” на полі ААТ “Ільюшынскі” за Гутай. У наш час, як і сотні год таму, гэты абрад успрымаецца з імпэтам і ўзнёсласцю. З ёй, а яшчэ са спадзяваннем на ўдачу і прыхільнасць надвор’я ўступілі  сяляне ў жніво.

Месца правядзення выбрана не выпадкова. “Ільюшынскі” – адна з гаспадарак, дзе жніво арганізавана як след, апошнія гады дае самы вялікі вал у агульнараённы намалот, механізатары і вадзіцелі сельгаспрадпрыемства кожны сезон у перадавіках жніва.

– Няпроста сёлета прыйдзецца, – гледзячы на пахмурнае неба, разважаў перад пачаткам свята камбайнер Уладзімір Лёля, лідар мінулагодняй уборачнай, якіх у яго за плячыма дзясяткі. – У Наваселлі камбайны правальваліся нават на роўным месцы. Буксуем, убіраем заездамі, трацім каштоўнае паліва. Але наш абавязак — сабраць ураджай, які быў вырашчаны ў сёлетніх нялёгкіх умовах.

Пра іх успаміналі спецыялісты райсельгасхарча, кіраўнікі і аграномы гаспадарак раёна, якія на “Зажынкі” сабраліся загадзя. Цяжка давалася сяўба, не хапала паліва. Потым падсушыла, былі праблемы з угнаеннямі пад поўную патрэбу, каб  падкарміць ніўкі. Між тым, хлеб на палях хоць і не параўнаць з мінулагоднім, але месцамі стаіць добры. Толькі трэба не палічыцца з сіламі і часам, каб убраць яго, паклапаціцца пра якасць. А гэта азначае, што трэба правесці жніво ў самыя сціслыя тэрміны, выканаць дзяржаўны заказ на хлеб, запоўніць свае засекі і пасеяць новы хлеб.

Л.А.Лісоўскі звярнуўся да ўдзельнікаў “Зажынак” са словам прывітання, пажадаў поспехаў і моцнага здароўя для паспяховага завяршэння распачатай справы, параўнаў камбайны з караблямі, а камбайнераў – са штурманамі і зычыў ім “ні каменя, ні кроплі”.

Уборачная – справа агульная. І гэта не нейкі лозунг савецкіх часоў, бо і вясной на сяўбе, пры доглядзе за культурамі і непасрэдна на завяршаючым этапе, на жніве, свой асабісты ўклад уносяць работнікі многіх прадпрыемстваў і ўстаноў райцэнтра, кіраўнікі якіх таксама былі запрошаны на ўрачыстасць.

Хаця няма адназначных даных, якія б расказвалі аб вытоках свята, усё ж існуюць версіі аб датах яго правядзення. Згодна  з адной, зажынкі святкаваліся ў дзень Пракопія Жніўніка, 21 ліпеня. Па іншай, свята праводзілася, каб ушанаваць памяць свяшчэннапакутніка Афінагена, 29 ліпеня. “Якраз сёння!” – казалі вяскоўцы, якіх паглядзець на абудзіўшае наваколле свята сабралася даволі многа. Як і дзяцей, што з цікавасцю назіралі за дарослымі і ласаваліся пачастункамі з гасцінна накрытага на ўзмежку стала.

Зразумела, не абышлося ў абрадзе без жніўнай песні, фальклорных, народных матываў. З адказнасцю падрыхтаваліся да ўшанавання першага снапа артысты раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, фальклорны калектыў “Матырынская спадчына”, удзельніцы якога па традыцыі першы сноп новага ўраджаю зжалі ўручную. Бо хлеб, як гучала на свяце, — гэта нашае жыццё, ды і ў корані гэтага слова выразна адчуваецца яго агульнасць са словам “жыта”. І хоць нябёсы пятнічным адвячоркам былі хмарныя, велічная песня хлебу ўзнімалася высока, дадаючы настрою і аптымізму прысутным.

Незабыты аказаўся і звычай нашых продкаў прыходзіць падчас зажынак у поле, каб падарыць яму бохан хлеба мінулагодняга ўраджаю, выказаць падзяку зямлі і Богу. Такая ж павага аказваецца і зажыну. У гаспадара ён ставіўся на куце ў хаце і абвязваўся ручніком. А ля Гуты прыгожыя і духмяныя снапы па традыцыі былі паднесены Л.А.Лісоўскаму і дырэктару “Ільюшынскага” Сяргею Анатольевічу Халімоненку. Смак караваю змаглі ацаніць усе жадаючыя, а зжатыя першыя каласы збажыны, як сімвал будучага багацця, былі ўручаны ўсім кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў.

Ад імя “радавых” жніва павіншаваў удзельнікаў мерапрыемства са стартам уборачнай У.Лёля. Менавіта на мазолістыя рукі камбайнераў у большасці сваёй ускладаецца адказнасць за ўборку. Вопытныя, мудрыя і руплівыя працаўнікі са стажам будуць дапамагаць маладым, гарачая пара і ў аператараў зернесушыльнага абсталявання, вадзіцеляў і механізатараў на адвозцы. Уладзімір Уладзіміравіч павязаў ручнік старшаму камбайнеру Юрыю Буку, які разам з Канстанцінам Макрыдзіным напрыканцы мерапрыемства змянілі сярпы механізаванай уборкай.

Сваё духоўнае слова на пачатак адказнай працы выказаў протаіерэй Вячаслаў Лобец. Ён адзначыў, што зараз наступіў вянец гадавых старанняў і клопатаў, дзе спатрэбіцца моц не толькі фізічная, але і духоўная, а хлебаробы спаўна заслугоўваюць да сябе павагі вялікай, патрэбнай усяму грамадству працай. Айцец Вячаслаў блаславіў на яе працаўнікоў малітвай, акрапіў усіх прысутных святой вадою, пажадаў божай літасці, добрага здароўя  і плёну ў рабоце. Сімвалічна, што якраз у гэты час моцна прыгрэла сонейка, каб прасушыць збажыну ў калоссях.

Традыцыйны семінар па арганізацыі ўборачнай кампаніі сёлета не праводзіўся. Не было ў гэтым сэнсу, бо фактычна ва ўсіх гаспадарках жніво ўжо распачалося, задачы і патрабаванні аграрыі добра ведаюць. Таму яшчэ пад гукі апошніх мелодый канцэрта раз’язджаліся кіраўнікі па сваіх вотчынах, удакладнялі па мабільных тэлефонах, ці ідзе дождж, і планавалі фронт работ на заўтра.  Ніхто не гарантуе добрага надвор’я. Разлік — толькі на сябе, на беражлівыя адносіны да вырашчанага ўласнымі рукамі багацця.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *