Как наладить отношения с пожилым человеком? Советы психолога

Калейдоскоп

Часта ў зносінах з пажылымі сваякамі мы сутыкаемся з шэрагам праблем, якія беспадстаўна спісваем на старэчую адсталасць ці адвечную праблему бацькоў і дзяцей. Між іншым, прычынай узнікнення “вострых вуглоў” могуць стаць пэўныя праблемы са здароўем. Даць кваліфікаваныя тлумачэнні па гэтым пытанні, вызначыўшы асноўныя стратэгіі паводзін з людзьмі ва ўзросце, мы папрасілі псіхолага аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна Алесю Сяргееўну ДУКМАСАВУ.

– У сваім развіцці арганізм чалавека перажывае пастаянныя змены. Так, напачатку жыццёвага шляху мы расцём, развіваемся, вучымся хадзіць, размаўляць, мець зносіны. Да юнацкасці мы ўжо ўсяму навучыліся (маю на ўвазе навыкі самаабслугоўвання, бытавыя пытанні), удасканальваем веды, асвойваем новыя віды дзейнасці і сацыяльныя ролі.

Ужо з 40 гадоў у арганізме пачынаюцца зваротныя змены: зніжаецца хуткасць правядзення нервовага імпульсу, пагаршаецца функцыянаванне нырак і сардэчна-сасудзістай сістэмы, слабее сіла мышц, змяншаюцца карысны аб’ём лёгкіх і іх жыццёвая ёмістасць. У выніку змяняюцца і адносіны чалавека да жыцця, яго псіхіка. У міжасобасных адносінах таксама наступае новы перыяд, звязаны з фізіялагічнымі зменамі: менапаўза ў жанчын (яны адчуваюць сябе засмучанымі, непрывабнымі), зніжэнне ўзроўню андрагенаў (мужчынскіх палавых гармонаў) у прадстаўнікоў моцнай паловы. У перыяд старасці (умоўна 60-90 гадоў) з’яўляюцца новыя аспекты Я-канцэпцыі: настрой на адпачынак, адсутнасць перспектывы, падрыхтоўка да смерці, жаданне перадаць жыццёвы вопыт маладому пакаленню і інш.

Узроставыя змены могуць суправаджацца рознымі кагнітыўнымі парушэннямі: зніжэннем памяці, разумовай працаздольнасці, увагі, мыслення, арыентацыі ў прасторы, пагаршэннем каардынацыі рухаў. Пазней яны могуць прывесці да дэменцыі – набытага зніжэння памяці і іншых мазгавых функцый, што прыводзіць да немагчымасці выконваць пэўныя віды дзейнасці без чужой дапамогі.

– Як дапамагчы чалавеку з кагнітыўнымі парушэннямі?

– На ранніх стадыях, калі чалавек разумее, што з ім адбываецца, і хоча палепшыць свой стан, карыснымі будуць рухальная актыўнасць і кагнітыўныя трэніроўкі – разгадванне крыжаванак, завучванне новых вершаў, песень. Эфектыўным будзе дабаўленне ў ежу спецый і прадуктаў, якія спрыяюць аднаўленню жыццёвага балансу. І, вядома, неабходны ўвага, дапамога блізкіх, іх кантроль за паводзінамі, актыўнасцю і зменай стану хворага.

На пазнейшых стадыях чалавека нельга пакідаць дома аднаго. Такія хворыя многае забываюць, развучваюцца рабіць тое, што заўсёды ўмелі, нават абслугоўваць сябе. Ад блізкіх патрабуецца вялізнае цярпенне і любоў.

– Раскажыце, калі ласка, пра найбольш частыя праблемы ў зносінах з такімі хворымі і парайце, што рабіць.

– Яны паўтараюць адно і тое ж пытанне, адказ на якое тут жа забываюць, што звычайна выклікае ў акружаючых раздражненне. Не акцэнтуйце ўвагу пажылых на гэтым, змяніце тэму гутаркі, прапануйце заняцца чым-небудзь карысным.

Людзі з дэменцыяй пастаянна штосьці губляюць, прычым, вінавацяць у гэтым іншых. Для прадухілення негатыўных наступстваў захоўвайце важныя дакументы ў вызначаным месцы, пажадана недаступным для хворага чалавека. Яму можна аддаць копіі, каб не думаў, што яны згубіліся. Варта мець пад рукой і запасныя акуляры.

Нярэдка пажылыя забываюць прымаць лекі. Завядзіце кантрольны ліст накшталт календара, у якім будзе адзначацца прыём неабходных медпрэпаратаў (калі чалавек у стане справіцца з гэтым самастойна). Ці дамоўцеся з суседзямі, каб яны кантралявалі гэты працэс, ці найміце сядзелку. У любым выпадку прасачыце, каб адначасова былі даступныя лекі не больш чым на 1-2 прыёмы, паколькі хворы можа забыцца пра тое, што іх ужо прыняў.

Такі чалавек лёгка губляецца на вуліцы, нават побач з домам. Хай у кішэні яго верхняга адзення ці ў сумачцы заўсёды будзе лісток з імем хворага і нумарам вашага тэлефона.

Бывае, што ўзнікаюць праблемы з зашпільваннем гузікаў, маланкі, завязваннем шнуркоў, паколькі ў хворых парушаецца каардынацыя і дробная маторыка, здольнасць выбудоўваць паслядоўнасць нават простых дзеянняў. Таму іх адзенне павінна быць максімальна простым і зручным.

На позніх стадыях дэменцыі ў чалавека могуць узнікаць галюцынацыі. Хвораму здаецца, што ў памяшканні ёсць незнаёмыя людзі, поўзаюць насякомыя, льецца вада са столі. Не імкніцеся даказваць, што нічога гэтага няма. Не пужайцеся, калі чалавек не пазнае вас і іншых блізкіх. Проста зараз яго мозг працуе інакш, успрымае навакольны свет па-свойму.

– Аднак гіперапека не заўсёды ідзе на карысць…

– Безумоўна. Усё, што чалавек можа, ён павінен рабіць сам! Нават калі гэта зойме шмат часу ці штосьці будзе выканана няправільна. Асабліва гэта датычыцца навыкаў самаабслугоўвання.

– Цяжка, калі нехта з блізкіх пакутуе дэменцыяй.

– Менавіта таму так важна звярнуць увагу на першыя прыкметы захворвання, своечасова пачаць лячэнне і знайсці заняткі, якія дазваляюць захаваць ці нават актывізаваць дзейнасць мозгу. Варыянты ёсць заўсёды!

У выпадку ж, калі зносіны з пажылым сваяком становяцца для вас невыноснымі, запрашаем на кансультацыю ў аддзяленне сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН Ушацкага раёна па адрасе: в.Градзянец, вул. Цэнтральная, д.3а.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *