Какие учебные заведения и специальности выбрали ушачские выпускники?

Общество

Як і абяцалі, працягваем расказваць нашым чытачам пра тое, якім навучальным установам аддалі перавагу сёлетнія выпускнікі школ Ушаччыны. І зараз спынімся на прадстаўніках сельскіх альма­-матэр.

Кацярына Клопава, выпускніца Арэхаўскай школы:

– Мне пашчасціла паступіць у Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт на спецыяльнасць інжынер­хімік­тэхнолаг. Выбірала штосьці звязанае з хіміяй, паколькі ў школе сябравала з гэтым прадметам. Увогуле, лічу названую ўстанову адной з самых прэстыжных у нашай краіне. Ды і Мінск мне вельмі блізкі – хацела вучыцца менавіта ў сталіцы. І вось мая мара спраўдзілася. Пабываўшы ва ўніверсітэце, я проста закахалася ў яго! Пакінулі станоўчыя ўражанні і сама ўстанова, і людзі, якія там працуюць. Упэўнена: не складзе цяжкасці знайсці агульную мову і з аднакурснікамі. Зараз я поўная сіл і энергіі, каб цалкам аддацца вучобе. З гонарам магу сказаць, што я першакурснік адной з лепшых ВНУ Беларусі!

Ілья Брыкун, выпускнік Арэхаўскай школы:

– У праўдзівасці народнага выслоўя “Усё, што ні робіцца, – да лепшага” ніколькі не сумняваюся. Пацвердзіла яго і гісторыя майго паступлення.

З дзяцінства люблю футбол. Таму, узважваючы “за” і “супраць” розных прафесій, аддаваў перавагу трэнерству па названым відзе спорту. Падаў дакументы ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава – і ўсё ж стаць студэнтам факультэта фізічнай культуры і спорту мне не давялося: не хапіла балаў. Тады пайшоў у Полацкі лясны каледж. Уступныя іспыты ўдала вытрымаў і зараз вельмі рады, што ўсё так склалася. Дарэчы, вучыцца тут мне дапамогуць веды і навыкі, атрыманыя ў школьным лясніцтве “Лесавічок”, што дзейнічае ў Арэхаўскай СШ.

Ад думкі ж пра атрыманне вышэйшай адукацыі я не адмаўляюся – толькі цяпер звяжу апошнюю хутчэй за ўсё з лясной галіной. Час пакажа… Ну а са спортам працягну сябраваць. І абавязкова адслужу ў арміі, пра што – як ні дзіўна гэта можа падацца – мару  з дзіцячага садка.

Кірыл Ляхоўскі, выпускнік Вялікадолецкай школы:

– Я паступіў у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт на радыётэхнічны факультэт. Мая прафесія будзе звязана з электразабеспячэннем. Зараз гэта вельмі перспектыўная галіна, таму без працоўнага месца, думаю, не застануся. У школе любіў дакладныя навукі, шмат займаўся самастойна, што дазволіла паспяхова справіцца з цэнтралізаваным тэсціраваннем і стаць студэнтам. З нецярплівасцю чакаю пачатку навучальнага года – з новымі ведамі і знаёмствамі.

Кацярына Фісенка, выпускніца Вяркудскай школы:

– Я здолела паступіць на геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Каб гэта стала магчымым, вядома, спатрэбілася нямала сіл. Свой любімы прадмет – геаграфію – разам з настаўніцай Ірынай Васільеўнай Мілай вывучала як на ўроках, так і падчас дадатковых заняткаў, факультатываў. Каб “падцягнуць” матэматыку, наведвала спецыяльныя курсы. Пакуль я не ведаю, якую спецыяльнасць давядзецца атрымаць: нас, студэнтаў, на групы будуць дзяліць толькі пасля першага курсу. Прыкладу ўсе намаганні, каб добра зарэкамендаваць сабе і трапіць на “геадэмаграфію”.

Кірыл Агідуллін, выпускнік Вяркудскай школы:

– У медыцыну мяне цягнула даўно. Яшчэ ў восьмым класе канчаткова для сябе вырашыў, што хачу стаць менавіта ўрачом. На жаль, паступіць у Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт сёлета не атрымалася. Знаёмыя раілі пайсці ў Віцебскі ўніверсітэт імя П.М.Машэрава, стаць настаўнікам хіміі ці біялогіі. Аднак адступаць ад намечанага толькі дзеля атрымання вышэйшай адукацыі я не хацеў. Таму падаў дакументы ў Полацкі медыцынскай каледж на спецыяльнасць лячэбная справа і, на шчасце, прайшоў па конкурсе. Прыемна, што разам са мной будзе вучыцца мой сябар Юрый Глынчак. Дарэчы, у медыцынскі каледж, толькі ў Мінску, пайшла вучыцца і наша аднакласніца Віка Мірыян.

У будучым зноў паспрабую паступіць у ВДМУ. Дзе хацеў бы працаваць? Гэта не так важна: людзі ўсюды аднолькавыя, і кожнаму патрэбна кваліфікаваная медыцынская дапамога.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *