Кормозаготовка в «Ильюшенском»

Общество

 

Колер зялёнай масы, якая трамбавалася ў траншэі вёскі Жары, беспамылкова ўказваў на закладзены прадукт.P1150495 Сянаж. Самы пажыўны для жывёлы, калі, канечне, назва і змест супадаюць. А паназіраўшы за ўсім працэсам, давялося ў гэтым пераканацца.P1150489

 

Толькі здавалася, што дождж не даваў траве прасохнуць, аднак у валку ляжала добра правяленая маса. Зусім нядаўна Уладзімір Урбан зрабіў чарговы круг: паварушыў і аб’яднаў стужкі. Аднымі граблямі паспяваюць падсушваць тое, што скасілі дзве касілкі. Завяршае працэс новы корманарыхтоўчы камбайн КВК-800, якім і падбіраюцца валы. А за штурвалам Уладзімір Лёля – механізатар, які, пэўна, нарыхтаваў кармоў больш за ўсіх у раёне. На працягу апошняга дзесяцігоддзя на КЗР-10 нават у час жніва ён убіраў траву. І канечне, паспеў параўнаць магчымасці двух камбайнаў.

– Новая тэхніка вельмі асцярожная, калі якая перашкода, камень ці вал большы, адразу спыняецца. Таму і норму выканаць будзе вельмі складана. Уборку ж пачалі толькі на мінулым тыдні, таму ўсіх нюансаў яшчэ не ведаю.

Разам з бацькам знаёміўся з тэхнікай і малодшы сын Лёлі Аляксей. Семнаццацігадовы юнак так распараджаецца канікулярным адпачынкам па ўласнай волі. З маленства побач, і вырас у сапраўднага памочніка. Ды і практычна не засталося таго агрэгата, якім бы не мог упраўляць. І хоць без правоў і катэгорый, аднак за свайго ўспрымаюць хлопца ў калектыве. “Смела можна правы выпісваць”, – сказаў Аляксандр Селезень, які адвозіў ад камбайна масу. Не ён адзін. Паколькі распачалі касьбу з самых аддаленых участкаў гаспадаркі, на адвозцы задзейнічаны тры адзінкі.

На пытанне, ці ёсць у СВК “Ільюшынскі” тэхніка, каб убіраць траву напрамую, старшыня Сяргей Анатольевіч Халімоненка адказаў пытаннем.

– Навошта? Лепшага корму за сянаж не прыдумаць, самы якасны. Таму мы будзем практычна ўсе кармы закладаць менавіта сенажом. Для гэтага і выкупілі ўсю выдзеленую тэхніку: падборшчык, граблі. Сіласу хопіць кукурузнага, для гэтага ў КВК-800 ёсць спецыяльнае прыстасаванне. Ну а яшчэ не абысціся без сена, прычым самае пажыўнае менавіта чэрвеньскае. Нягледзячы на не вельмі спрыяльнае надвор’е для яго сушкі, скасілі самыя лепшыя ўчасткі і абавязкова высушым, у жніўні якаснага сена не атрымаеш. І галоўнае, цялят не падманеш. Робім жа для сябе, таму і імкнёмся, каб было ўсё па тэхналогіі. У дзве змены працуе тэхніка на трамбоўцы, і, канечне, будзем павялічваць колькасць адзінак на нарыхтоўцы кармоў.

Механізатары знаёмы з нормамі і расцэнкамі, намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце Т.Бондарава яшчэ раз нагадала іх на полі А.Селезню і У.Лёлі, таксама расказала пра палажэнні турыстычнага злёту. Хоць і гарачая пара ў аграрыяў, аднак і на спартыўныя мерапрыемствы ільюшынцы знаходзяць час. А яшчэ раз у тыдзень падводзяцца вынікі ўнутрыгаспадарчага спаборніцтва, незалежна ад віду работ і марак транспарту бярэцца адзіны бясспрэчны паказчык – адпрацаваны час, і віншуецца пераможца.

 

В.КАРАЛЕНКА.

На здымку:

брыгадзір Я.Бумага, У.Урбан; С.Халімоненка, А.Селезень, Аляксей і Уладзімір Лёля, Т.Бондарава.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *