Сильная духом мама. Мария Карпова одна воспитывает троих детей

Общество

У доме смачна пахла выпечкай, была натоплена печ, па пакоі бегалі дзеці, якія то і справа хінуліся да сваёй мамы. Яна ж у сваю чаргу з непадробным захапленнем расказвала пра двух дачок і сыночка. У яе крыху сумных вачах іскрылася радасць. Для сваіх траіх дзетак ушачанка Марыя Карпава стала і мамай, і татам у адной асобе. Галоўная яе мара – каб дзеці былі здаровымі і шчаслівымі.

– А вы будзеце нас фатаграфаваць? – стараўся вымавіць складанае слова чатырохгадовы Улад.

А можна, каб на фота з намі коцік быў? – далучылася да браціка пяцігадовая Ангеліна.

– Зараз мы вам чарапаху пакажам, – прадаўжалі актыўна “атакаваць” мяне маленькія непаседы.

– Дзеці – гэта мая радасць, як можна жыць без такіх сонейкаў, проста не ўяўляю. Нас у мамы таксама было трое, напэўна, таму і ў мяне не было думак, каб расціць адно дзіця, – гаворыць Марыя.

Яна вырасла ў простай ушацкай сям’і, заўсёды старалася браць прыклад са сваіх працавітых бацькоў. Маці Надзея Міронаўна ўсё жыццё прысвяціла працы на льнозаводзе, рабочым быў бацька Васіль Уладзіміравіч. Першае замужжа, як кажуць, было няўдалым – не зладзілася сямейнае жыццё, хоць і нарадзілася дачушка Вераніка. А падчас вучобы ў Віцебску Марыя сустрэла сваё сапраўднае каханне, чалавека, які падыходзіў ёй ва ўсім. У хуткім часе яны пераехалі жыць на радзіму мужа на Гомельшчыну. У пасёлку Парычы маладая сям’я паступова абжывалася, набыла дом. Як будаўнік, муж шмат рабіў у жыллі сваімі рукамі. Сям’я папоўнілася дачушкай, крыху пазней нарадзіўся і сынок. Але сямейнае шчасце ў адзін момант перакрэсліла аўтамабільная аварыя, у якой абарвалася жыццё мужа і таты… На той момант маленькаму Уладу было ўсяго паўтара месяца. Не перадаць словамі, як цяжка прыйшлося Марыі з дзецьмі на руках перажываць гэта гора. Чакаць дапамогі не было адкуль, а таму праз некаторы час жанчына прыняла рашэнне пераехаць на родную Ушаччыну.

– Усё ж лягчэй, калі побач знаходзіцца родны чалавек, які можа дапамагчы, падтрымаць. Калі жыла на Гомельшчыне, мы з мамай бачыліся два разы ў год – адзін раз я ехала на радзіму, другі – мама прыязджала да мяне. Зараз жа жывём на суседніх вуліцах. Да новага месца малодшыя дзеці прывыклі хутка, а вось старэйшая Вераніка цяжэй перанесла пераезд, яно і зразумела – іншая школа, новыя людзі. Цяжка перажывала і страту таты, – расказвае Марыя.

Зараз жа старэйшая дачка дае падставы толькі ганарыцца ёй. Яна першая маміна памочніца ва ўсіх справах. Вераніка вучыцца ў восьмым класе, вельмі актыўная і спартыўная дзяўчынка. Мама з задавальненнем паказвае на медалі, якія не так даўно дачка заваявала на спаборніцтвах па вэйкбордзінгу, наведвае дзяўчынка і аддзяленне дзюдо ў ДЮСШ. Стараюцца радаваць сваімі здольнасцямі маму і малодшыя дзеці – Ангеліна праявіла жаданне хадзіць у гурток танцаў у садку, а Улад – малявання. Хоць ён самы малодшы ў сям’і, аднак як адзіны мужчына і будучы абаронца, таксама імкнецца дапамагаць маме. Ва ўсім, што робіцца, ён абавязкова прымае ўдзел, нават у прыгатаванні страў. Дарэчы, Марыя з задавальненнем праводзіць час на кухні, гатаваць – адзін з любімых яе заняткаў. Акрамя гэтага, яна любіць хадзіць у лес за грыбамі і ягадамі і нават захапляецца рыбалкай. А яшчэ трымае агарод, нямала робіць разнастайных нарыхтовак на зіму.

У доме настае цішыня толькі калі днём дзеці ў садку і школе. Тады ў Марыі з’яўляецца час для шматлікіх хатніх спраў. Добрыя адносіны ў маладой жанчыны склаліся з суседзямі па вуліцы, большасць з іх сталага ўзросту і Марыя пастаянна наведвае іх, дапамагае па неабходнасці чым­небудзь.

Што і казаць, выхоўваць траіх дзяцей адной вельмі складана, як у маральным плане, так і ў матэрыяльным. Часта не хапае моцнага мужчынскага пляча, а дзецям таты, але яна робіць усё, каб яны не былі ні ў чым абдзеленымі. Вельмі неабходнай, як адзначае Марыя, з’яўляецца падтрымка з боку дзяржавы ў выглядзе грашовай дапамогі, якую яна атрымлівае сама, а таксама на кожнага з дзяцей.

Яна моцная духам мама і стараецца стойка спраўляцца з усімі цяжкасцямі. Ёй ёсць дзеля каго жыць. Каб гэта зразумець, хапае толькі адной дзіцячай усмешкі. Ну а выказаць сваю ўдзячнасць за маміну пяшчоту дзеці збіраюцца ў святочнай паштоўцы да Дня маці, якую, як паведамілі па сакрэце, яны зробяць у дзіцячым садзе.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *