Время неумолимо — память вечная. Бывшие коллеги и ученики посетили места захоронения ушедших из жизни учителей

Общество

Любімыя настаўнікі застаюцца ў нашай памяці, нават калі няўмольны час адлічыў іх жыццёвы шлях. Дзякуючы Ірыне Іванаўне Сінкевіч кожны былы вучань нашага класа і зараз памятае, што матэматыку толькі за тое вучыць трэба, што яна розум у парадак прыводзіць. Напэўна, толькі стаўшы дарослымі, мы спаўна ацанілі, як старанна прывіваў нам любоў да фізікі Яўген Пятровіч Васілеўскі, як цярпліва і шчыра вучыла сакрэтам дамаводства Ганна Іванаўна Грачухіна…

Гэтых і многіх іншых педагогаў прыгадвалі іх былыя калегі і вучні, якія напярэдадні Пакрова ажыццявілі своеасаблівую вандроўку памяці. Ідэя наведаць месцы апошняга спачыну пайшоўшых з жыцця настаўнікаў, каб ускласці кветкі, а пры неабходнасці навесці парадак на магілах, належала старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Маргарыце Віктараўне Вараве і актывісту ветэранскай арганізацыі Ушацкай школы Маі Мікалаеўне Гарановіч. Палову сродкаў на аплату транспарту выдзеліў названы прафсаюз, а астатнюю частку сабралі ўдзельнікі акцыі.

Прыемна, што добрая ініцыятыва знайшла падтрымку: атрад з ліку самых актыўных і неабыякавых настаўнікаў­ветэранаў Ушацкай школы Ларысы Іванаўны Талмачовай, Тэрэзы Пятроўны Крыванос, Ніны Аляксандраўны Багдановіч, Надзеі Мікалаеўны Пашуты і названых вышэй арганізатараў накіраваўся па маршруце памяці. Многія іх калегі з розных школ раёна не змаглі прыняць удзел у мерапрыемстве па стане здароўя ці з­за занятасці (паездка была наладжана ў будні дзень), аднак розным чынам далучыліся да акцыі. Вялікія букеты руж, вяргіняў, хрызантэм са сваіх палісадаў перадалі Наталля Васільеўна Леднік і Фаіна Пятроўна Зубцова.

Не магла не падтрымаць ініцыятыву Ларыса Іванаўна Талмачова: на могілках у Ваўчо знайшлі вечны спачын яе бацькі, знакамітыя ў раёне педагогі Іван Кірылавіч Падворны і Ніна Якаўлеўна Ткачонак, былы класны кіраўнік Тамара Ільінічна Калеснік. Ляглі кветкі да падножжа помнікаў Ларысе Аляксандраўне Гарадзецкай, Лідзіі Васільеўне Лаўрыновіч, Валянціне Сяргееўне Паршанка, Ліліі Васільеўны Белавусавай, Фёдару Пятровічу Волаху. Чакала ўдзельнікаў акцыі на гэтым жалобным месцы і прыемная сустрэча – з іх былой калегай Валянцінай Рыгораўнай Анкудовіч (Барысенка), якая прыехала, каб навесці парадак на магілах родных. Асабліва ж рада яна была ўбачыць Надзею Мікалаеўну Пашуту, якая калісьці вучыла яе матэматыцы. Дарэчы, самая сталая ўдзельніца паездкі ні хвіліны не вагалася, атрымаўшы прапанову далучыцца да годнай справы: у актыўнасці і энтузіязме Надзея Мікалаеўна можа даць фору куды маладзейшым людзям.

Наступным пунктам маршруту памяці стала Арэхаўна. Настаўнікі мясцовай школы расказалі калегам, што догляд за месцамі пахавання былых педагогаў для іх установы – справа абавязковая, утрымліваць іх у парадку дапамагаюць і вучні. Асаблівым аб’ектам для жыхароў аграгарадка з’яўляецца помнік заслужанаму настаўніку БССР Нікандру Прохаравічу Жукаву, які быў устаноўлены тры гады таму пры ўдзеле раённага аддзялення Беларускага фонду міру. Памяць былога дырэктара Арэхаўскай школы прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання.

Вельмі шмат эмоцый і ўспамінаў выклікала ва ўдзельнікаў акцыі наведванне цэнтральных могілак гарпасёлка, дзе на гранітных і мармуровых плітах пазначаны дзясяткі прозвішчаў тых, хто ўзброіў ведамі не адно ўшацкае пакаленне. Усевалад Антонавіч Сямёнаў і Сцяпан Пятровіч Ануй, Эдуард Фёдаравіч Сінкевіч і Анатоль Мікалаевіч Карабань, Лідзія Сцяпанаўна Пугачова і Галіна Сцяпанаўна Басак, Фаіна Рыгораўна і Рыгор Гардзеевіч Ціханенкі, Фадзей Францавіч і Эдуард Фадзеевіч Багдановічы, Канстанцін Паўлавіч і Зінаіда Трафімаўна Баразна, Алена Ягораўна Сухоўская і Уладзімір Стэфанавіч Спаткай, іншыя сышоўшыя ў нябыт былыя настаўнікі засталіся ў памяці ўдзячных вучняў, не забываюць пра іх і тыя, хто пераймаў у гэтых людзей веды і вопыт.

– Вельмі шкада, што далёка не ўсіх сваіх былых калег мы змаглі сёння ўшанаваць: многія пахаваны на вясковых могілках у розных канцах раёна, ну а месцы спачыну некаторых, на жаль, не ўдалася адшукаць, – падзялілася ўражаннямі ад паездкі М.М.Гарановіч. – На жаль, сустрэліся нам і недагледжаныя магілы – у кагосьці родныя жывуць далёка, а ў некаторых блізка, ды, відаць, занадта занятыя важнымі справамі. Але хай гэта будзе на іх сумленні. Тым больш што людзей адказных і чулых, паважаючых спрадвечныя традыцыі нашага народа, значна больш.

Арганізатары і ўдзельнікі акцыі выказалі намер зрабіць яе традыцыйнай і абавязкова пашырыць геаграфію будучых маршрутаў памяці.

Наталля БАГДАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *