В Ушачском районе заканчивается уборка кормов с полей

Сельское хозяйство

Глеба зараз перанасычана вільгаццю. На пачатку тыдня трактары ў гаспадарках з цяжкасцю заязджалі на палі, а ў большасці выпадкаў працаваць з плугамі наогул не ўдавалася. А на асобных палетках весці ворыва немагчыма – перашкаджаюць рулоны, якія неабходна звезці.

Гэта справа позняй восенню адна з першачарговых. У ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс” акрамя саломы на палях яшчэ застаюцца нескладзенымі і рулоны з сенажом, запакаваным у стрэйч­-плёнку. Звезці іх да жывёлагадоўчых аб’ектаў пры дэфіцыце паліва і часу, раскіслых дарогах –  справа нерэальная. Таму ў гаспадарцы “кансерваваны” сянаж кладуць на ўскрайкі палёў, адкуль потым будуць дастаўляць на фермы.

Сяргею Крывёнку працаваць з гружаным рулонамі прычэпам ПРТ­7, як і з рознымі відамі прычапных механізмаў – не ў навіну – за рулём трактара ён ужо трынаццаты год, асвоіў усе асноўныя віды работ. “Зараз будзе буксаваць”, – з веданнем справы кажа механізатар, пакідаючы кабіну і паказваючы на другі МТЗ. І сапраўды, аснашчаны захопамі трактар з лёгкасцю пад’ехаў да прычэпа, а вось заднім ходам з рулонам у некалькі цэнтнераў ужо рухацца не мог і вязнуў нават на шырокіх колах. С.Крывёнку прыйшлося пераехаць, і толькі тады, па крузе аб’язджаючы вымачку, яго калега паставіў чарговую “цагліну” ў сцірт. “Як піраміду ўзводзім!” – параўноўваў сваю працу з будаўнічай малады механізатар Артур Карабань. І ў многім ён правы, бо сцірт з рулонаў па сваёй форме насамрэч больш падобны да гэтай фігуры, чым яго сабрат з саламяных рулонаў. Ды і прызначаны для пагрузкі сенажу ў стрэйч­плёнцы спецыяльны захопнік мала нагадвае звычайныя “вілы”, якімі грузяць салому, і здалёк выглядае хутчэй як пад’ёмнік. “Дугі спецыяльныя, круглыя, каб не парушыць герметычнасць упакоўкі. Калі плёнка парвецца – сянаж страціць усе свае пажыўныя якасці”, – патлумачылі асаблівасць канструкцыі механізма работнікі. З гэтай прычыны рулоны з дэфектамі ў сцірт не ўкладваюцца, іх у хуткім часе адвязуць на комплекс у Завячэлле.

Не звезенай з палёў заставалася дзесьці пятая частка рулонаў – каля 450 штук неабходна ўбраць ля Ільюшына, Матырына, Ліпаўца і Лутава Сяльца, дзе і застаў за работай механізатараў. У панядзелак С.Крывёнак і А.Карабань працавалі ўдвух, а на мінулым тыдні на дапамогу прыходзіла і звяно з КУСГП “Кублічы” – на МТЗ­-82 з прычэпам звозіў рулоны Сяргей Кляпец, а на пагрузцы­разгрузцы быў задзейнічаны “Амкадор” Анатоля Хадасевіча. Галоўны аграном “Райаграсэрвісу” Ігар Уладзіміравіч Іванюта адзначыў, што выкарыстоўваць рулоны ў стрэйч­плёнцы пажадана восенню, пакуль зялёнка не замерзла, або вясной – таму значная частка сакавітага корму ўжо пайшла на корм жывёле.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *