Виктор Калина выступит в Ушачах

Общество

Да стылю шансон людзі ставяцца па­рознаму. Нехта лічыць такую музыку неглыбокай, аднак нельга не прызнаць, што простыя тэксты пад “тры акорды” трапна выражаюць пачуцці і лёгка “засвойваюцца”. Пра выключную папулярнасць шансону сведчыць, прынамсі, той факт, што білеты на адпаведны канцэрт на “Славянскім базары ў Віцебску” раскупляюцца ў першую чаргу. У Беларусі гэты стыль асацыіруецца з Віктарам Калінай. Спевака добра ведаюць і ўшачане, бо падчас гастрольных тураў ён ніколі не абмінае наш гарпасёлак. 10 лістапада Віктар парадуе аматараў сваёй творчасці новай праграмай “Дом, дзе саграваюцца сэрцы”. Напярэдадні гэтай падзеі мы сустрэліся са спеваком. Субяседнікам, дарэчы, ён аказаўся вельмі цікавым – размова доўжылася некалькі гадзін і датычылася самых розных аспектаў жыцця.

– Стаць знакамітым артыстам у дзяцінстве плануюць вельмі многія. Вось і ў нас на Ушаччыне кожны трэці школьнік вучыцца музыцы, спевам. Але ж вялікая сцэна пакараецца толькі адзінкам. Як Вы шукалі свой шлях да слухача?

– Пачалося ўсё якраз з музычнай школы. Вярнуўшыся ў Беларусь пасля пакарэння Цаліны, мае бацькі пасяліліся ў рабочым раёне Барысава – называўся ён Залінейны і меў статус крымінальнага. Вядома ж, мне хацелася заваяваць на вуліцы аўтарытэт, а ў той час у пашане былі хлопцы, што ўмеюць іграць на гітары. Праўда, на аддзяленні па гэтым інструменце не было месцаў, таму давялося асвойваць баян, бо дадаткова тым праходзілі і гітару. Пазней запісаўся ў клуб бардаўскай песні, стаў ездзіць па фестывалях. Першы альбом запісаў у 1996 годзе – гэта стала пачаткам плённай музычнай кар’еры: зараз у маім багажы 500 песень, 14 альбомаў, каля 30 кліпаў.

– Музыка была ў жыцці важным, але не адзіным Вашым заняткам…

– Сапраўды, я з тых, хто не трымае сябе ў вузкіх рамках: спрабую ўсё тое, да чаго ёсць цікавасць. Паколькі з дзяцінства быў моцным і спрытным, многага дасягнуў у спорце: займаўся веласіпеднымі гонкамі, каратэ, рукапашным боем (па гэтым відзе быў бронзавым прызёрам СССР). Атрымаўшы медыцынскую адукацыю, пэўны час практыкаваў у сферы мануальнай і рэфлексатэрапіі. Увогуле мяне заўсёды прыцягвала парапсіхалогія, усходняя філасофія. Цікавым вопытам былі заняткі на курсах знакамітай Джуны, якая лічыла мяне адным з лепшых вучняў: з гэтай незвычайнай жанчынай пашчасціла мець сяброўскія стасункі. Давялося пабываць у гарачых кропках на Паўночным Каўказе, з’яўляюся ветэранам войскаў спецыяльнага прызначэння Расіі. Займаўся таксама будаўнічым бізнесам, ну а нядаўна адкрыў аграсядзібу на Смаленшчыне.

– А чаму не ў Беларусі? Хіба нашы мясціны менш маляўнічыя?

– Спачатку меў такі намер і нават разглядаў варыянты ў Браслаўскім раёне, але не знайшоў падыходзячага ўчастка. У выніку будаваць “Калінаву Даліну” вырашылі на радзіме жонкі. Увогуле ж лічу, што аграэкатурызм – вельмі вартая справа. Як нельга лепш падыходзіць яна і для вашых мясцін, прыгажосць якіх паспеў ацаніць. Трэба толькі не ленавацца і верыць у свае сілы. У мяне шмат планаў па добраўпарадкаванні свайго “райскага куточка”. Ужо пасадзіў у наваколлі каля 700 дрэў, у тым ліку дубовую алею. Вясной пачну разбіваць пладовы сад. Дрэвы – яны ж як жывыя помнікі: праз стагоддзе, гледзячы на іх, унукі і праўнукі прыгадаюць мяне добрым словам…

– А іх жа ў Вас, таты чатырох дзяцей, напэўна, будзе многа!

– Ды ўжо нават і ёсць – дачка 7 год таму зрабіла мяне маладым дзедам. А летась ашчаслівіла каханая жонка Святлана, падарыўшы сыночка Ігната. Упэўнены, што сям’я, дзеці – гэта галоўная жыццёвая каштоўнасць. Прыйшоў да такой высновы пасля шэрагу выпрабаванняў, памылак. Увогуле цяпер на многае гляджу іншымі вачыма…

– Аднак вакол Вашай асобы і зараз шмат інфармацыі рознага кшталту…

– У многім гэта наступствы іміджу “бунтара і хулігана”. А між тым я, да прыкладу, ніколі ў жыцці не курыў, не захапляюся спіртным, шмат працую фізічна. Не буду сцвярджаць, што з’яўляюся прыкладам узорных паводзін, але часта журналісты згушчаюць фарбы, з задавальненнем “смакуюць” дробныя казусы і недарэчнасці. А вось пра годныя справы ўмоўчваюць…

– Напэўна, маеце на ўвазе дабрачынную дзейнасць?

– Быць заўсёды на баку слабых – гэты дэвіз узяў для сабе, яшчэ калі займаўся ўсходнімі адзінаборствамі. І зараз, калі ёсць магчымасць, са шчырым задавальненнем дапамагаю тым, каму цяжка. Пастаянна ўдзельнічаю ў дабрачынных канцэртах. З нядаўніх такіх акцый можна назваць выступленне ў Смаленску, сродкі ад якога пайшлі на лекі і выданне кнігі мясцовай паэтэсы­інваліда, канцэрт у дзіцячым рэабілітацыйным цэнтры “Надзея” на Вілейшчыне. Неаднойчы бываў у зоне ваенных дзеянняў ва Украіне. Мы з жонкай сабралі і завезлі ў Данецкую вобласць дзве фуры гуманітарнай дапамогі. Бачылі там столькі гора, слёз, разбурэнняў. Траплялі і пад мінамётны абстрэл: аднойчы снарад лёг метрах у трохстах ад нас… Пасля гэтых паездак яшчэ больш стаў цаніць спакой і стабільнасць, што пануюць у Беларусі, міратворчую дзейнасць нашай краіны і яе Прэзідэнта – дальнабачнага і руплівага гаспадара гэтай зямлі. Да слова, і я, і мае дзеці, хоць і жывём зараз у Расіі, застаёмся грамадзянамі Беларусі. І калі чую ад некаторых землякоў, маўляў, не хапае грошай, нейкіх рэчаў, заўсёды адказваю: “Ваш дом не разбамбілі? Сына не забілі на вайне? Дык радуйцеся жыццю, мірным світанкам. А крызісаў было шмат – прыгадайце тыя ж талоны і чэргі ў 90­х – усе перажылі, адолеем і гэты”.

– Змяненне светапогляду адбілася на творчасці?

–Так, у апошнія некалькі год пішу пераважна патрыятычныя і лірычныя песні. Класічны “шансон” з турэмным лейтматывам стаў мне нецікавым. У вялікай канцэртнай праграме, якую ўбачаць ушачане, будзе прысутнічаць патрыятычны блок, новыя творы і, канечне, шлягеры накшталт “Старых сяброў”. Дапамогуць жа мне зрабіць гэты вечар яркім і незабыўным спецыяльны госць Аляксандр Курган, якога у расійскім шансоне называюць адкрыццём года, а таксама жаночы гурт “Жара”. Чакаем усіх, хто хоча прыемна адпачыць, 10 лістапада ў 18 гадзін у РДК. Кошт білетаў невысокі. Ну а чытачам “Патрыёта” зычу цярплівасці, здароўя, дабрабыту і, канечне, кахання.

Гутарыла Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *