Региональный сход местных Советов депутатов прошёл в Ушачах, подведены итоги года, поставлены задачи на новый

Саветы і жыццё

Напярэдадні святкавання Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі зала раённага Дома культуры была паўнюткай. Адметна, што ў ёй практычна не было гасцей. Пераважная большасць запрошаных мела да самакіравання ў сваіх населеных пунктах, навядзення парадку на зямлі і наогул да вырашэння любых пытанняў, што паўстаюць ва ўшачан, самае непасрэднае дачыненне. Тут сабраліся дэпутаты раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў, старэйшыны вёсак, а таксама ўсе тыя, хто многа зрабіў сёлета, каб ушацкая зямля была яшчэ больш прывабнай. Чацвёртага лістапада прайшоў рэгіянальны сход мясцовых Саветаў дэпутатаў – прадстаўнічы форум, які падвёў вынікі года і акрэсліў задачы на наступны.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка прыгадала, што першы ў гісторыі раёна рэгіянальны сход мясцовых Саветаў дэпутатаў адбыўся ў раёне практычна год таму. Тады на ім, напрыклад, прагучаў зварот да ўшачан стаць актыўнымі ўдзельнікамі рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу “Прарыў” – справы нашага гонару. І вось зараз Вольга Мікалаеўна нагадала землякам, што ў рэканструкцыі нашай святыні прымалі ўдзел жыхары ўсёй краіны – на гэтыя мэты пералічаліся сродкі рэспубліканскага суботніка, выдзяляліся сродкі з абласнога і раённага бюджэтаў, прымаліся добраахвотныя пералічэнні спонсараў. Менавіта старшыня абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Мікалаевіч Шарснёў і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў каардынавалі работы па рэканструкцыі. Тут падчас рэспубліканскага суботніка, на якім поплеч з ушачанамі працавалі памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр Рыгоравіч Пазняк, старшыня аблвыканкама М.М.Шарснёў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў У.У.Цярэнцьеў, кіраўнікі ўсіх абласных службаў. Самімі ўшачанамі было праведзена 3 раённыя суботнікі, падчас якіх упрыгожвалася плошча, месцы адпачынку, ну а на мемарыяле не адзін дзень працавалі практычна ўсе арганізацыі раёна.

Сімвалічна, што ў Год культуры ў нашым раёне было адкрыта дзве святыні. Таксама народнай будоўляй можна назваць і храм святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры, у якім праходзяць першыя службы.

Ушачане прынялі актыўны ўдзел у выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. 86,8 працэнта галасоў было аддадзена за Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанку – гэта адзнака канкрэтных спраў і самае высокае прызнанне выбаршчыкаў спікеру ніжняй палаты Парламента. У Савет Рэспублікі ўшачане разам з жыхарамі Расонскага, Полацкага і Шумілінскага раёнаў абралі старшыню Полацкага райвыканкама Мікалая Мікалаевіча Шаўчука.

Сёлета быў падпісаны і першы ў гісторыі раёна дагавор аб супрацоўніцтве паміж Плявінскай краевай думай Латвійскай рэспублікі і Ушацкім раённым Саветам дэпутатаў – першы вопыт міжнароднага супрацоўніцтва.

Падымаліся на сцэну “Дажынак‑2016” у Сянно і прадстаўнікі працавітай Ушаччыны.

Але 2016 перш за ўсё ўвайшоў у гісторыю і як год Пятага Усебеларускага сходу, у якім прымалі ўдзел лепшыя працаўнікі Ушаччыны, і на якім былі абмеркаваны планы чарговай пяцігодкі. “Беларусы – мудры народ, і разумее, што ў сённяшніх умовах самыя галоўныя, самыя дарагія нашы каштоўнасці – гэта мір у краіне, незалежнасць, бяспека кожнага. Будзе гэта – усё астатняе вырашым. Мы можам і павінны знайсці рэзервы росту. Мы можам і павінны мабілізавацца!”, – з гэтымі заклікамі звяртаўся да ўдзельнікаў сходу Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Мабілізацыя і работа на адзіны вынік усіх звенняў улады, дэпутатаў усіх узроўняў, усіх ушачан – такім быў і лейтматыў рэгіянальнага сходу. Задачы на бягучую пяцігодку складаныя, але рэальныя. Акцэнт робіцца на інвестыцыі, занятасць, экспарт, інфарматызацыю, моладзь. І для іх ажыццяўлення раённай уладай прымаюцца адпаведныя ўпраўленчыя рашэнні.

Сёлета адбылося восем сесій і чатырнаццаць пасяджэнняў прэзідыума раённага Савета дэпутатаў і 39 сесій дэпутатаў пярвічнага ўзроўню, на якіх былі разгледжаны актуальныя пытанні жыццядзейнасці ўшачан, 65 і 57 адпаведна.

Прэзідэнт краіны вызначыў у якасці галоўнага прыярытэту ў дзейнасці органаў улады ўменне працаваць з людзьмі, здольнасць мабілізаваць іх на выкананне пастаўленых сацыяльна­эканамічных задач. Усяго за справаздачны перыяд разгледжана 127 пытанняў. Старшынёй раённага Савета дэпутатаў праведзены 41 прыём грамадзян, падчас асабістых і выязных прыёмаў паступіла 23 звароты, на 10 прамых тэлефонных ліній – 27. Гэта самая запатрабаваная форма вырашэння пытанняў жыццядзейнасці. З 27 16 пытанняў вырашана станоўча, па 8 дадзены тлумачэнні, а тры застаюцца на кантролі – гэта капітальны рамонт дома №12 па Дзяржынскага, перадача на баланс камунгаса сістэмы водазабеспячэння ў Павуллі, абсталяванне прыпыначнага пункта на вуліцы Віцебскай.

Вольга Мікалаеўна падкрэсліла, што ўдзел дэпутатаў пярвічнага ўзроўню, старшынь сельскіх Саветаў дэпутатаў у вырашэнні пытанняў на месцах у апошнія гады ўзрос. Аб гэтым сведчыць і колькасць зваротаў да мясцовай улады. Загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Ірына Леанідаўна Літвінава, якая выступіла з сасправаздачай, агучвала вынікі работы са зваротамі грамадзян, зазначыла, што калі на працягу апошніх гадоў назіраецца значнае зніжэнне іх у райвыканкам і вышэйстаячыя органы, то павялічваецца менавіта ў сельвыканкамы. І праблемы вырашаюцца там жа, на месцы, з падключэннем актыву, прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў, з дапамогай мясцовага насельніцтва. Такіх прыкладаў шмат па кожным сельсавеце.

І задача дэпутатаў усіх узроўняў – стварыць сапраўды дзейсны механізм самакіравання, падкрэсліла ў сваім выступленні В.М.Захарэнка. Каб увесь дэпутацкі корпус, старэйшыны, а іх у раёне 153, працавалі, па­першае, рэгулярна, па­другое, у цеснай сувязі з раённай уладай, па­трэцяе, якасна – са зваротамі грамадзян, умелі растлумачыць, нацэліць, каб разам выпрацаваць найбольш аптымальны варыянт вырашэння праблемы. Менавіта такія арыенціры ставіў перад дэпутатамі мясцовага ўзроўню старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч.

Самыя распаўсюджаныя ж звароты грамадзян датычацца стану дарог, высякання старых дрэў на могілках, водазабеспячэння. І ў сваіх выступленнях дэпутат раённага Савета дэпутатаў ад Ільюшынскай выбарчай акругі, старшыня Жарскага сельскага Савета дэпутатаў Святлана Цімафееўна Міхейка і дэпутат Кубліцкага сельскага Савета дэпутатаў ад Баяршчынскай акругі Людміла Іванаўна Крывёнак прывялі канкрэтныя прыклады. Вёска Гарадзец ужо не першы год вырашае свае праблемы за сродкі самаабкладання. Больш таго, нават распрацавалі доўгатэрміновыя планы, якія паступова ператвараюць у жыццё.  Усё менш застаецца карэннага насельніцтва ў вёсках Пушча, Замошша­І і Замошша­ІІ Ушацкага сельсавета, а яны развіваюцца за лік дачнікаў, якія актыўна дапамагаюць ва ўсіх пытаннях старэйшыне гэтых трох вёсак Генадзю Уладзіміравічу Рафановічу. Яркі прыклад сумеснай работы дэпутатаў, старэйшыны і мясцовага насельніцтва можна прывесці на прыкладзе вёскі Новае Сяло Ушацкага сельсавета. Дэпутат і старэйшына Вольга Уладзіміраўна Хамёнак, мясцовы жыхар Мікалай Афанасьевіч Дук  тэлефанавалі, каб падзякаваць старшыні сельвыканкама Васілю Іванавічу Шнітко за тое, што наняў альпіністаў, якія па­майстэрску, акуратна выразалі ўсе векавыя дрэвы, не пашкодзіўшы ніводнага помніка. А В.І.Шнітко засяроджваў увагу на тым, што парадак на мясцовых могілках жыхары пастаянна наводзяць самі, кусты і дрэўцы высякалі, сваю тэхніку прыцягвалі, адвод вады рабілі, а да яго звярнуліся толькі тады, калі не ў сілах справіцца самім. Такой яна і павінна быць – счэпка дэпутатаў усіх узроўняў. Тады вось так, ад малога, будуць вырашацца і вялікія задачы. А яны, акрэсленыя ў планах на бягучую пяцігодку, перш за ўсё датычацца канкрэтнага чалавека, павышэння дабрабыту беларусаў. І ў рэзалюцыі сходу, якую прынялі дэпутаты, прыярытэтнай прызнана работа са зваротамі грамадзян, а асноўная ў раёне нацэлена на выкананне паказчыкаў сацыяльна­эканамічнага развіцця. Разам – за моцную і квітнеючую Беларусь будуць ісці ўшачане разам з усім беларускім народам, каб узмацніць эканоміку краіны, захаваць яе незалежнасць, прымножыць дабрабыт яе жыхароў.

Урачыстым жа момантам рэгіянальнага сходу стала ўзнагароджанне самых актыўных дэпутатаў, старэйшын Ганаровымі граматамі, падзякамі і Лістамі падзякі раённага Савета дэпутатаў і яго старшыні. А лагічным працягам мерапрыемства – ушанаванне тых, хто дапамагае мясцовай уладзе наводзіць парадак і ствараць прыгажосць на сваёй зямлі – пераможцаў конкурсу па добраўпарадкаванні.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *