Интересную экскурсионную поездку совершили ученики Ушачской школы во время осенних каникул

Наши дети

Шанаваць памяць продкаў, пастаянна спасцігаць штосьці новае, незразумелае нас вучаць з маленства. І асабліва прыемна, што такія жыццёвыя ўрокі нам – школьнікам – даюцца не толькі падчас вучэбных заняткаў, але і ў шматлікіх экскурсійных паездках.

Адна з апошніх такіх карысных вандровак у рамках рэспубліканскіх акцый “Я – грамадзянін Беларусі”, а таксама “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” для нас – вучняў пятых, шостых і дзявятых класаў Ушацкай школы – была арганізавана напрыканцы кастрычніка. Разам з настаўнікамі Верай Васільеўнай Спірчонак, Ірынай Уладзіміраўнай Леснічэнка, Людмілай Васільеўнай Трафімавай, Маргарытай Анатольеўнай Бутоўскай і Марынай Уладзіміраўнай Міхайлавай мы накіраваліся ў горад Мінск.

На шляху да сталіцы не маглі не наведаць мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Гукі званоў нагадалі пра жыхароў спаленай фашыстамі вёскі, а бронзавая скульптура “Непакорны чалавек” з мёртвым дзіцем на руках растрывожыла сэрцы нават тых, хто дагэтуль да гістарычных падзей ваеннага часу адносіўся не надта сур’ёзна. Тут, у “Хатыні”, мы ўбачылі адзіныя ў свеце “Могілкі вёсак” – 185 пахаванняў, што сімвалізуюць неадноўленыя населеныя пункты Беларусі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай разам з насельніцтвам. Нікога не пакінула абыякавым “Сцяна памяці” з назвамі звыш 260 лагераў смерці, месцаў масавага знішчэння людзей на тэрыторыі нашай краіны. Памяць аб гераізме нашых землякоў мы ўшанавалі хвілінай маўчання ля “Вечнага агню”, запаленага ў памяць пра кожнага чацвёртага загінуўшага беларуса.

Не менш эмоцый, праўда, ужо зусім іншага плана, выклікала ва ўдзельнікаў экскурсіі наведанне музея папулярных навук “Квантум”, дзе да ўсяго можна датыкацца рукамі. Зрэшты, такой магчымасцю ахвотна карысталіся і школьнікі, і настаўнікі. У гэтым навукова­папулярным цэнтры, які знаходзіцца на праспекце Газеты Праўды, на практыцы можна спазнаць пра сакрэты аэрадынамікі, магнетызму і сілы прыцягнення. Мы бліжэй пазнаёміліся з законам захавання энергіі маятніка Ньютана, вырашылі некалькі галаваломак, паглядзелі на мадэль “вечнага рухавіка”. А наколькі цікава было, прымяніўшы законы фізікі, адным пальцам падняць 32­кілаграмовую гіру, стаць у два разы вышэйшым, прайсці па люстэркавым лабірынце ці зрабіць вялізную мыльную бурбалку! Самыя ж смелыя накінулі на сябе “мантыю нябачніка (невидимки)”, пакінуўшы парыць у паветры толькі галаву. Аб усім, што давялося ўбачыць у “Квантуме”, адразу і не раскажаш – трэба ехаць і глядзець!

Вялікі дзякуй нашым настаўнікам за выдатна арганізаваную паездку. Спадзяемся, у хуткім часе збяромся такой жа вялікай дружнай кампаніяй і адкрыем для сябе новыя гарызонты, бліжэй пазнаёмімся з роднай Беларуссю, яе гісторыяй.

Анастасія Пугачова і Юлія Мамонава, вучаніцы 9­-х класаў Ушацкай школы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *