На областном смотре-конкурсе «Ёлка-Фэст-2016» педагоги и воспитанники Ушачского районного центра детей и молодёжи заняли второе место

Общество

На двары апошні месяц восені, а ва Ушацкім цэнтры дзяцей і моладзі даўно ўсталяваўся навагодні настрой. А ўсё дзякуючы шматлікім конкурсам, да якіх традыцыйна ў лістападзе рыхтуюцца педагогі і навучэнцы нашай установы, ды і не толькі нашай…

Дзевяць школ раёна ўжо прадставілі работы на адборачны тур зімовых конкурсаў дэкаратыўна­-прыкладнога мастацтва “На добрую памяць”, “Калядная зорка”, “Лёд. Кветкі. Фантазія”. Лепшыя з іх прымуць удзел у адпаведных абласных спаборніцтвах, астатнія ж занялі пачэснае месца ў выставачнай зале цэнтра. Зрэшты, навагодняя тэматыка адчуваецца ў нас і падчас работы гурткоў: дзеці выразаюць з паперы сняжынкі, цацкі, гірлянды, а дома радуюць бацькоў сваімі поспехамі.

І ўсё ж максімальна адчуць радасць надыходзячага свята ўсім работнікам і навучэнцам цэнтра дапамаглі рэгулярныя рэпетыцыі, якія ладзіліся з нагоды падрыхтоўкі да агляду­-конкурсу Дзедаў Марозаў і Снягурак “ЁЛКА­-ФЭСТ­-2016”. Абласны яго этап прайшоў сёлета ў Палацы дзяцей і моладзі ў Віцебску 15 лістапада.

Пакарыць вяршыню гэтага алімпу не першы раз спрабуюць педагогі нашай установы Пётр Аляксандравіч Алексяёнак і Вольга Віктараўна Пугачова. І, трэба сказаць, небезвынікова! (Нагадаю: у 2015­-м быў дыплом ІІІ ступені). Сёлета журы адзначыла арыгінальнасць іх творчых нумароў, майстэрства і артыстызм групы падтрымкі, выдатнае мастацкае афармленне праграмы. У выніку ўшацкія канкурсанты ўзнагароджаны дыпломам II ступені.

Дапамагалі ж нашым Дзеду Марозу і Снягурцы Надзея Раманоўская, Алеся Бойчанка і танцавальны калектыў “Капрыз”. Сваім феерычным выступленнем ушацкія артысты дапамаглі паверыць у Навагоднюю казку нават самаму патрабавальнаму гледачу.

Л.ДАВЫДАВА, дырэктар раённага цэнтра дзяцей і моладзі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *