Вопрос заготовки дров актуален в любую пору года

Калейдоскоп

Адным з самых надзённых пытанняў у жыхароў раёна на працягу года з’яўляецца нарыхтоўка дроў, асабліва саманарыхтоўка. І хоць газета неаднойчы ўздымала гэту тэму, мы зноў звязаліся з усімі зацікаўленымі службамі, каб нашы чытачы атрымалі канкрэтныя адказы. Інтэрв’ю актуальна і таму, што з пачатку сёлетняга года адбыліся змены ў заканадаўстве.

Арганізацыяй, якая і займаецца выключна забеспячэннем насельніцтва дрывамі, з’яўляецца Ушацкі філіял “Віцебскпаліўзбыт”. У яе дырэктара Генадзя Рыгоравіча ЧАБАТАРА мы высветлілі ўмовы работы з кліентамі.

– Якая зараз сітуацыя з забеспячэннем палівам? Ці ёсць чарга на дровы або брыкет?

– Не, чаргі няма, паліва завозіцца праз дзень-два, калі толькі няма праблем з падвозам з-за адлігі, паколькі людзі часта просяць выгружаць дровы з гаспадарчага боку сядзібы, дзе няма пад’ездаў.

– Ці бываюць тэрміновыя заяўкі?

– Да такога, каб не было дзённага запасу дроў, нашы жыхары звычайна не дацягваюць. Аднак не адзінкавыя выпадкі, калі мы прывозім паліва ў той жа дзень, калі паступіла заяўка. Здараецца, што заказваюць дровы сацыяльная работнікі, якія лепш за гаспадара ведаюць становішча з палівам. Мы гатовы разгледзець любы зварот і адшукаем варыянт, які будзе зручным і выгадным для кліента. Напрыклад, разлік вясковае насельніцтва ро­біць на месцы ў дзень дастаўкі дроў, папярэдне проста патэлефанаваўшы нам і пакінуўшы заяўку.

– Кошт на дровы не змяніўся?

– З сёлетняга года нязначна павялічыўся, аднак нават з улікам гэтага ён таннейшы, чым у прыватнікаў. І на гэтым хацелася б спыніцца асобна. Мне шчыра шкада людзей, якія спачатку пагаджаюцца на паслугі аднавяскоўцаў ці проста незнаёмых людзей, пераплачваюць, а потым высвятляюць, што ў нас танней. Прыводжу прыклад: жыхар Ушач, які жыве блізка ад паліўзбыту, заплаціў 140 рублёў, калі ў нас такі ж аб’ём абышоўся б яму ў 80. Я не гавару пра маральны бок справы: далёка не ўсе, хто сёння прапаноўвае дровы, плацяць падаткі. Такім чынам падтрымліваюцца людзі, якія займаюцца незаконным прадпрымальніцтвам і не робяць адлічэнняў у бюджэт.

– Мы зараз гаворым пра 4,9 куба, якія адпускаюцца насельніцтву па льготным кошце, з перавозкай?

– Так. Калодкамі нашым транспартам у радыусе 15-20 кіламетраў дровы абыдуцца танней, чым у самых выгадных прыватнікаў. Калі адлегласць больш, тады шукаем іншыя шляхі, напрыклад, дамаўляемся з лясніцтвам, іншымі арганізацыямі, аднак ні адну заяўку не пакідаем без увагі.

– Кліенты аддаюць перавагу прыватнікам мабыць з-за таго, што не задавальняе якасць дроў?

– Зараз адна бяроза і вольха. Як і кожны прадавец, мы сочым за якасцю тавару. Аднак калі раптам некага не задавальняе якасць прывезеных дроў, то мы разбіраемся на месцы, перамяраем аб’ём браку і давозім. Таму не якасць дроў, а хутчэй псіхалогія людзей штурхае іх да прыватнікаў, памылкова думаючы, што там танней і якасней.

– Брыкет па-ранейшаму карыстаецца попытам?

– Так, рэалізацыя торфабрыкету перавысіла планавую на 12 працэнтаў. Дзякуючы гэтаму, а таксама забеспячэнню дрывамі на 92 працэнты мы ў ліку чатырох арганізацый у вобласці перавыканалі гадавое заданне па рэалізацыі паліва.

Пакінуць заяўку на дровы колатыя, сечаныя ці двухметровыя вы можаце па тэлефонах: 5-75-93 ці 8029 6955530 (дырэктар), 5-70-93 – бухгалтэрыя.

Саманарыхтоўка на землях сельгаскарыстання і ў населеных пунктах

Куды трэба звяртацца, калі насельніцтва ў стане і жадае самастойна нарыхтаваць дровы з кустоўя, што расце побач з вёскай ці непасрэдна ў ёй, нам расказаў начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаіл Аляксандравіч ШУК.

– Давайце раскладзём па палічках, куды звяртацца, калі насельніцтва прыкмеціла “лішнія” кусты ці дрэвы непасрэдна ў населеным пункце.

– У сельвыканкам, на тэрыторыі якога размешчана вёска. А ўжо яго работнікі накіруюць ліст у адпаведную камісію райвыканкама. Калі дрэва аварыйнае – то адпаведны зварот робіцца ў ДЛГУ “Ушацкі лясгас”, спецыялісты якога прызнаюць гэта дрэва аварыйным або не.

– Калі кусты разрасліся на ўчастку вяскоўца?

– У такім выпадку нікуды звяртацца не трэба, а можна высякаць гэтыя кусты або дрэвы.

– Самы распаўсюджаны варыянт, калі людзі бачаць кусты побач з вёскай?

– Калі кусты растуць на землях сельскагаспадарчага прызначэння, то звяртацца трэба ў сельгаспрадпрыемства. Яно ў сваю чаргу накіроўвае ў райвыканкам паведамленне, што на пэўнай тэрыторыі будзе рабіцца высечка драўніны і дае чалавеку дакумент, які дазваляе гэта рабіць, само вызначае кошт драўніны. Праблема ў тым, што пакуль толькі ААТ “Ільюшынскі” і КФГ “Райнбоф-Агра” маюць дакументы на свае землі.

Ёсць і яшчэ адно “але”: калі ўчастак пазначаны пад драўнінна-хмызняковай расліннасцю, то высечка там забаронена, як і ў водаахоўнай і прыбярэжнай зонах.

... і лясным фондзе

Пра змены ў Лясным кодэксе і парадку саманарыхтоўкі дроў у лясным фондзе рэдакцыі паведаміў начальнік аддзела лясной гаспадаркі і лесааднаўлення Ушацкага лясгаса Аляксандр Васільевіч ЦІШКОЎ.

– Звяртацца трэба ў бліжэйшае лясніцтва. Аднак калі раней чалавек сам мог нагледзець у лесе сухастой, звярнуцца ў лясніцтва, якое вызначала аб’ём і выпісвала лесасечны білет, то зараз саманарыхтоўку можна рабіць толькі на ўчастках, якія пазначаны пад санітарную высечку або ачыстку ад засмечанасці. План такіх высечак робіцца на дзесяць гадоў. Паколькі сёлетні апошні, а высечкі рабіліся, то выбар застаўся невялікі. Новы план рыхтуецца, а працаваць па ім пачнём з 2018 года.

Кошт жа за адзін кубічны метр драўніны пры саманарыхтоўцы застаўся ў прамым сэнсе капеечны: ад 5 да 10 капеек за куб сасны, ад 2 да 4 – на вольху і асіну, ад 9 да 16 – на бярозу. Як і раней, пасля сябе трэба здаць месца – на ўчастку высечкі павінен быць парадак.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *