Заказ виртуальный, права — реальные. Что нужно знать потребителям, делая покупки в интернет-магазинах

Калейдоскоп

Сёння адзначаецца Сусветны дзень абароны правоў спажыўцоў. Сёлета яго тэма – “Спажывецкія правы ў лічбавую эпоху”. Што трэба ведаць спажыўцам, робячы пакупкі ў інтэрнэт-магазіне, якія правы яны маюць? Аб гэтым і іншым – наша размова з начальнікам аддзела эканомікі райвыканкама Таццянай Уладзіміраўнай ХАНЯК.

– Інтэрнэт-гандаль сапраўды ўсё актыўней уваходзіць у наша жыццё. Практычна ў кожнага пад рукой інтэрнэт у камп’ютарах, планшэтах, тэлефонах, а таму гэты від пакупак для многіх вельмі зручны. Тым больш, што ў інтэрнэт-магазінах выбар даволі шырокі, ёсць дастаўка прама на дом ды і цэны часам ніжэйшыя, чым у рэальных магазінах. Адразу хачу адзначыць, што пры набыцці тавараў у інтэрнэт-магазіне за пакупніком захоўваюцца ўсе правы, гарантаваныя Законам Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў”.

– Заказаны ў  інтэрнэце і дастаўлены тавар не мае відавочных дэфектаў, аднак не задавальняе – апынуўся не такім, як на малюнку, не падыходзіць атрымальніку падарунка і г. д. Што рабіць?

– Вы маеце права здаць якасную пакупку, набытую дыстанцыйным спосабам.  Гэта правіла прадугле­джана арт. 28 Закона “Аб абароне правоў спажыўцоў”: пакупнік мае права адмовіцца ад дастаўленага тавару без тлумачэння прычын на працягу 14  дзён пасля яго атрымання, а прадавец на працягу агаворанага тэрміну вярнуць заплачаныя грошы.

– Пэўна, ёсць пералік тавараў, якія нельга вярнуць…

– Міністэрствам гандлю ўстаноўлены пералік тавараў належнай якасці, якія нельга вярнуць. Сюды ўваходзяць тэхніка і электроніка з гарантыяй, мэблевыя гарнітуры, касметыка, нацельная бялізна, тавары садовых і заамагазінаў, тавары, якія прадаюцца метражом, сродкі гігіены, цацкі і некаторыя іншыя. Таксама не падлягаюць вяртанню і харчовыя тавары.

– А давайце разгледзім такую сітуацыю: праз некаторы час пасля дастаўкі тавар, напрыклад, фен, выходзіць са строю, ламаецца, і вы ўпэўнены, што гэта – вытворчы брак. Як паступіць у такім выпадку?

– Вы маеце тыя ж правы, што і пры куплі тавару ў звычайным магазіне. Гэта значыць, можна патрабаваць замены дэфектнага тавару на новы (вываз-дастаўка за кошт інтэрнэт-магазіна), бясплатнага рамонту або поўнага вяртання грошай. У выпадку ўзнікнення спрэчкі наконт наяўнасці браку прадавец абавязаны за свой кошт правесці экспертызу тавару.

У пакупнікоў часта ўзнікае пытанне: куды ж звярнуцца з прэтэнзіямі, калі гандлёвая кропка – віртуальная? Запомніце: па законе пры дастаўцы тавару вам абавязаны перадаць дакумент (таварны чэк і інш.), дзе ўказаны канкрэтны “жывы” адрас, па якім можна звяртацца з прэтэнзіямі. Дарэчы, гэтая інфармацыя таксама павінна быць на сайце магазіна.

– На што звярнуць увагу, выбіраючы тавар у інтэрнэце і ўжо непасрэдна пры яго атрыманні?

– Калі вы вырашылі набыць тавар пры дапамозе інтэрнэта, звярніце ўвагу на тое, што пошук тавару неабходна ажыццяўляць толькі ў інтэрнэт-магазінах, размешчаных на беларускіх парталах, г.зн. у зоне BY. Пры гэтым прадавец на сайце інтэрнэт-магазіна павінен давесці да ведама спажыўца на беларускай або рускай мове інфармацыю пра сябе (назва арганізацыі, юрыдычны адрас, УНП, звесткі аб спецыяльным дазволе (ліцэнзіі) на ажыццяўленне рознічнага гандлю) і  аб тавары (найменне, вытворца, імпарцёр і г.д). Калі набываеце тавар, абавязкова захавайце дадзеныя аб інтэрнэт-старонцы, на якой размешчана інфармацыя аб прадаўцы і абраным тавары.

Падчас атрымання ўважліва агледзьце тавар, пераканайцеся ў яго цэласнасці і ў тым, што ён адпавядае апісанню на сайце. Згодна пункта 1 арт. 16 Закона “Аб правах спажыўцоў” калі пры рэалізацыі тавару ў спажыўца няма магчымасці атрымаць неабходную інфармацыю аб тавары ў момант дастаўкі, ён мае права адмовіцца ад набыцця без пакрыцця расходаў, звязаных з дастаўкай такога тавару.

Абавязкова праверце дакументы! Калі вы набываеце бытавую тэхніку, то спачатку праверце ці ўсё працуе, а толькі потым расплачвайцеся. Удалых вам пакупак!

– Дзякуй за размову.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.

Па даных Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, за апошнія 4 гады колькасць інтэрнэт-магазінаў у Беларусі ўзрасла ў 3,5 раза. Найбольш актыўна праз інтэрнэт-магазіны беларусы купляюць бытавую тэхніку і электроніку.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *