Полочанин Алексей Сорокин сменил городскую прописку на жизнь в деревне

Личное подсобное хозяйство

Выказаўшы намер прапісацца ў Адэліне, палачанін Аляксей Сарокін супрацоўнікаў Глыбачанскага сельвыканкама адначасова і парадаваў, і здзівіў. Парадаваў зразумела чаму – у “неперспектыўнай” вёсцы на некалькі чалавек з’явіўся працаздольны жыхар, які дапаможа пажылым, працягне жыццё населенага пункта не толькі ўлетку. Здзіўленне таксама зразумелае – не часта ў сельвыканкам звяртаюцца з такім намерам, хутчэй наадварот.

Аляксей, у нядаўнім мінулым памочнік ляснічага Глыбачанскага лясніцтва, сем гадоў таму набыў дом у Адэліне пад дачу, потым памяняў месца жыхарства з гарадскога на вясковае і вырашыў “узаконіць” свае адносіны з вёскай, каб не пераплачваць за газ.

– Раней часта бываў тут у сябра, прыязджаў на рыбалку. Падабаюцца мяс­ціны, таму і нагледзеў дом, дзе раней жыў рукасты цясляр – вунь колькі старадаўніх прылад засталося. Вычысціў усё, зрабіў якія-ніякія выгоды, падключыў інтэрнэт, так і жыву. У любы момант магу вярнуцца ў Полацк, аднак пакуль не цягне.

Разумееш, што чалавек некалі невыпадкова абраў у якасці навучальнай установы Полацкі лесагаспадарчы тэхнікум. Напэўна любоў да прыроды, вясковага жыцця паўплывалі на выбар незвычайнага занятку, які і стаў прычынай нашага візіту – на сваім падворку Аляксей разводзіў перапёлак. Вось толькі крыху спазніліся: трох гадоў хапіла мужчыне, каб разгледзіць эканамічную немэтазгоднасць незвычайнай падсобнай гаспадаркі:

– Нясуцца радзей, чым куры. Яйкі хоць і дыетычныя, каштоўныя, аднак попыт на іх не такі вялікі, як на звычайныя, ды і на саміх птушак няпроста знайсці пакупнікоў. Мне прапаноўвалі пастаўляць перапёлак у якасці корму для куніц – шкада. Догляд жа за імі спецыфічны. Вось і збыў…

Даглядаць перапёлак палачанін вучыўся самастойна ў інтэрнэце. Змайстраваў спецыяльныя абцягнутыя тканінай клеткі, у кожнай трымаў пяць самак і два пеўні. Перапёлкі аказаліся выдатнымі маці, добра выседжвалі падобных на чмялёў куранят, якія адразу пачыналі шпарка бегаць. А першы вывадак атрымаў у інкубатары з купленых яек хутчэй дзеля забавы.

Аляксей раіць разводзіць перапёлак тым, каму па стане здароўя пажадана ўжываць багатыя вітамінамі і бедныя на халестэрын перапяліныя яйкі. У доглядзе за птушкай станоўча адзначае яе пладавітасць, а з адмоўнага боку называе няўстойлівасць да стрэсавых сітуацый. Перапёлкі баяцца ўсяго: ці то кот на клетку ўскочыць, ці гучны гук – тры дні пасля гэтага не нясуцца.

Ад экзотыкі Аляксей адмовіўся, а вось курэй і пчол трымае і лічыць іх надзейнымі карміцелькамі. “З розумам размяркоўваючы даход з яек і мёду, можна хоць і сціпла, але пражыць”, – перакананы малады гаспадар. Як і ў тым, што маючы здароўе і жаданне, чалавек на вёсцы заўсёды знойдзе сабе справу і няхай не “азалаціцца”, але ніколі не будзе галодным.

Пустыя вуллі таксама дасталіся ў спадчыну ад былога гаспадара, а потым самі прыляцелі пчолы. Пашчасціла, што ў вёсцы ёсць заўзяты пчаляр Мікалай Фядура, які падказваў Аляксею, як і што рабіць. Не адразу прыжыўся ля дома і ядловец, а зараз расліна вышэй за немалога гаспадара, хоць сем год таму садзіў маленечкае дрэўца: “Калі выкоп­ваеш, трэба абавязкова памеціць, дзе паўночны бок, дзе паўднёвы, каб так жа пасадзіць і на новым месцы. Гэта мяне ляснік са стажам навучыў”, – дзеліцца сакрэтамі дыпламаваны лесавод.

Вось такім аказалася наша знаёмства з вясковым гараджанінам ці ўжо хутчэй гарадскім вяскоўцам, бо запіс у пашпарце аб месцы рэгістрацыі “Багдановіча, 13, г.Полацк” у яго змяніўся на “Адэліна, 8”. Прыемна, што Аляксей расказвае пра вёску як пра сваю, прыгадваючы цікавыя гісторыі з яе мінулага: паказаў адзіны ўцалеўшы даваенны дом, які захаваўся дзякуючы чарапічнаму даху – саламяныя загарэліся ад фугасных бомбаў, а гэты і зараз нібы новы, толькі мхом пакрыўся.

І вельмі добра, што не пакрываецца мохам гісторыя населенага пункта з прыгожай жаночай назвай Адэліна.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *