Более 1600 гектаров отведено под яровой сев в ОАО «Ильюшинский»

Сельское хозяйство

У пятніцу пасля абеду надвор’е абвяргала ўсе прагнозы наконт пахаладання і шчодрыя промні красавіцкага сонейка сушылі роўнае поле меліярацыі ля Вацлавова. Значная яго частка была ўжо засеяна, бо на старасельскім участку механізатары ААТ “Ільюшынскі” працавалі не першы дзень. Запланаваныя на вясну аб’ёмы ўражваюць – пад яравую сяўбу ў гаспадарцы адведзена 1672 гектары.

Адолець такія плошчы і ўкласціся ў аптымальныя тэрміны будзе вельмі няпроста, тым больш што з-за недахопу паліва ў мінулым годзе ўзнялі зусім нязначны працэнт зябліва. “Шлейф” восеньскіх недапрацовак наносіць свой адбітак на веснавую кампанію. І хоць пачалі араць ілью­шынцы аднымі з першых, значная колькасць механізатараў задзейнічана на падрыхтоўцы глебы, а ўсё роўна сеялкі ідуць за імі практычна след у след.

Спрыяе гэтаму без перабольшвання ўдарная праца сейбітаў. “За нашай моладдзю паспрабуй яшчэ ўгнацца, калі надвор’е спрыяе, толькі пыл ззаду курыцца!”, – усміхаецца начальнік участка Мікалай Мікалаевіч Каліцкі, які на ўскрайку ўбіраў рэдкія камяні. Як паведамілі мне механізатары, рэшткаў ледавіка на полі амаль няма дзякуючы папярэдняй працы Віктара Буйніцкага, які да таго, як у свежую раллю ляглі зярняты, працаваў на ўчастку з каменепадборшчыкам.

Моладзь, пра якую гаварыў начальнік участка, дзейнічае з настроем і жаданнем: пасяўная з’яўляецца сезонам заробкаў. “За дзень, калі ёсць значныя падрыхтаваныя плошчы, магу пасеяць і больш 40 гектараў”, – сціпла кажа Уладзімір Урбан, які на сяўбе з першага дня і ў сярэднясутачных паказчыках у 30-35 гектараў не бачыць нічога дзіўнага. І гэта на невялікай сеялцы СЗ-4,2! Менавіта Уладзімір быў першапраходцам у працы з гэтым агрэгатам, які ААТ “Ільюшынскі” набыло яшчэ два гады таму першымі ў раёне і пасля пробнага прагону па полі прыцягнулі на мехдвор: не закрывалі каткі насенне. Малады механізатар прапанаваў метад адаптацыі сеялкі да нашых умоў і свайго МТЗ-952: адчапіць колы і для запрацоўкі насення выкарыстоўваць счэпку барон. Такую тэхналогію “падгледзелі” і зараз з поспехам прымяняюць усе астатнія гаспадаркі, дзе ёсць СЗ-4,2 – КУСГП “Вялікадолецкае”, “ААТ “Дземенец” і “Агра-Селішча”.

І на падвозе насення задзейнічана моладзь. Аляксей Базылеў на МТЗ-82 запраўляе сеялку Уладзіміра Урбана, а МАЗ Рамана Шопы, таксама абсталяваны загрузчыкам, “абслугоўвае” шасціметровы пасяўны агрэгат, зачэплены за МТЗ-3022 Анатоля Усовіка.

Анатоль Віктаравіч вёў сяўбу бліжэй да мінскай трасы, на магутным трактары засяваў ніжэйшыя ўчасткі. Сейбіт ён вопытны і да драбніц ведае патрабаванні да якасці работ. Таму, калі спыніўся для загрузкі пасяўнога агрэгата, заадно і праверыў яго стан. І недарэмна – пасля агляду давялося замяніць адзін трэснуўшы насеннеправод. Дарэчы, абодва сейбіты ў жніво сядуць за руль камбайнаў і будуць у літаральным сэнсе слова пажынаць плады сваёй працы. А М.Каліцкі называе і яшчэ адну прычыну старанных адносін да працы А.Усовіка: “Не можа Анатоль працаваць дрэнна на малой радзіме – жыве непадалёк, у Старым Сяле, а нарадзіўся наогул тут, у Вацлавове”.

Можна сказаць, што на малой радзіме працуе на сёлетняй сяўбе і Аляксандр Маркевіч. Ільюшынскі хлопец з “Рай­аграсэрвіса” на МТЗ-3022 уваходзіць у састаў звяна, занятага на падрыхтоўцы глебы. Яно ў пятніцу ў поўным складзе знаходзілася ля Завыдрына. Юрый Бука і Павел Гардзіёнак на МТЗ-1221 працуюць з чызелямі, а М.Рэут, як і А.Маркевіч на МТЗ-3022 з шасціметровым дыскатарам АД-600 канчаткова рыхтуе глебу пад сяўбу. Пагутарыць удалося з Міхаілам Станіслававічам з-за вымушанага прастою – механізатар барціраваў прабітае кола агрэгата.

– Працуецца някепска – адказвае на традыцыйнае пытанне адзін з лідараў раённых спаборніцтваў. – Хоць і трактар, і дыскатар, як кажуць, многае пабачылі, ды нічога: зараз падладзім, падрамантуем – і ўперад. Зразумела, нялёгка даводзіцца, але да цяжкасцей мы прывычныя, асабліва калі бачыш, што яшчэ патрэбна шмат зрабіць.

У гаспадарцы максімальна ствараюць умовы, каб не адцягваць увагу сейбітаў ад працы. Абеды з падвячоркамі падвозяцца прама на поле, сюды ж уласны бензавоз дастаўляе і паліва, бо пры рэжыме работы ад цёмнага да цёмнага бака не хапае. У адміністрацыі сельгаспрадпрыемства паведамілі, што кожны дзень падводзяцца вынікі зробленага за папярэдні, вызначаюцца задачы на бягучы. Людзі добра ведаюць, што, папрацаваўшы ад душы, можна нядрэнна і зарабіць. А матэрыяльны стымул – важнейшая мера заахвочвання.

Зразумела, не адной пасяўной зараз жывуць працаўнікі “Ільюшынскага”. Дзясяткі відаў работ выконваюцца на веснавым палетку, на пашах і фермах. Але сяўба – галоўны, стратэгічны, і мэта ва ўсіх адна – закласці надзейную аснову будучаму ўраджаю.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *