В Ушачском районе палов травы стало меньше

Cлужба-101

У Полацкім раёне пенсіянерка паліла на сваім прысядзібным участку смецце і сухую расліннасць. Вецер  падхапіў полымя і імгненна панёс па сухой траве. Хоць і спрабавала, але справіцца з ім пажылая жанчына самастойна не змагла, у выніку чаго агнём практычна поўнасцю знішчаны хлеў, што знаходзіўся непадалёк. А ў Віцебску з-за выпальвання сухой травы адбыўся пажар на пляцоўцы складзіравання другаснай сыравіны ААТ “Віцязь”, пенапласт гарэў на плошчы больш за 200 квадратных метраў.

Красавік традыцыйна з’яўляецца гарачым месяцам для выратавальнікаў з-за палаў травы і смецця. У мінулым годзе на пажарах, якія адбыліся па гэтай прычыне, загінулі 2 чалавекі, трое траўміраваны. Па даных МНС, усяго за 10 гадоў ахвярамі сталі 80 чалавек, 60 пацярпелі.

Перыяд з 27 сакавіка па 28 красавіка на Ушаччыне быў аб’яўлены месячнікам па папярэджанні выпальвання сухой расліннасці. Выратавальнікі праводзілі шматлікія прафілактычныя мерапрыемствы з удзелам зацікаўленых службаў, якія абследавалі населеныя пункты і прымалі меры па недапушчэнні выпальвання сухой расліннасці, узнікненні пажараў у лясах і на тарфяніках. У адзін з красавіцкіх дзён мы разам з супрацоўнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях адправіліся ў рэйд па раёне, каб высветліць, наколькі прытрымліваюцца правіл пажарнай бяспекі ўшачане. Як у гарпасёлку, так і іншых населеных пунктах раёна можна было заўважыць невялікія слупкі дыму, але прыемна адзначыць, што ва ўсіх выпадках вогнішчы былі кантралюемымі, на патрэбнай адлегласці не бліжэй 10 метраў ад пабудоў і 20 – ад ляснога масіву. Масавага ж выпальвання травы, як гэта не раз бывала ў папярэднія гады, не заўважылі. “Вылучыўся” толькі пенсіянер з вёскі Стайкі Вялікадолецкага сельсавета (на здымку), які паліў сухую траву вакол дома і гаспадарчых пабудоў, патлумачыўшы, што гэта для парадку. Кантраляваў жа агонь, які бег у некалькі бакоў па сухой траве, адной толькі мятлой. Будзь на той момант моцны вецер, такое навядзенне парадку скончылася б так, як у вышэй прыгаданым выпадку ў Полацкім раёне.

– Гэтая вясна стала для нас не такой гарачай, як чакалася. Калі ў мінулым годзе ў раёне было зарэгістравана больш 500 выпадкаў узгаранняў сухой расліннасці і часам нашы машыны не паспявалі вяртацца з аднаго выезду, як паступалі ўжо іншыя выклікі, то сёлета масавых палаў на Ушаччыне не было, супрацоўнікі не выязджалі на тушэнне вялікіх плошчаў і  пажараў, якія б узніклі з-за палаў травы. Практычна кожны дзень кантралявалі сітуацыю па ўсіх сельсаветах – грамадзяне сталі больш дысцыплінаванымі ў гэтым плане,  – расказвае начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях С.Я.Аваднёў.

У цэлым жа па краіне пакуль нельга сказаць, што грамадзяне перасталі паліць сухую траву – адбылося каля 800 узгаранняў у экасістэмах – гэта ў некалькі разоў менш, чым у папярэднія гады. Сезон палаў травы ўжо мінуў, але не забывайце выконваць правілы бяспекі падчас “ліквідацыі” смецця на сваіх участках, адпачынку ў лясах і на прыродзе.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *