Именинник, руководитель, педагог. Иван Семёнович Кулага всю свою жизнь посвятил системе образования

Экономика и малый бизнес

Некалькі дзён не сціхалі віншаванні ў доме жыхара вёскі Глыбачка Ушацкага сельсавета І.С.Кулагі. Яно і не дзіўна: на мінулым тыдні Іван Сямёнавіч адзначаў свой 88-ы дзень нараджэння – спачатку з роднымі і блізкімі, пасля – з шаноўнымі гасцямі ў асобе старшыні пярвічкі раённай ветэранскай арганізацыі Ушацкай школы Сяргея Трафімавіча Белавусава і дырэктара названай установы Віталя Іосіфавіча Клімашэўскага.

Менавіта сістэме адукацыі герой нашага сённяшняга аповеду аддаў усё сваё жыццё. Выкладаў беларускую і рускую мову і літаратуру ў Качаноўскай і Глыбацкай школах, быў у абедзвюх дырэктарам, а з 1966 года ўзначаліў аддзел народнай адукацыі. Вядома, у тыя часы ўсё было па-іншаму. У раёне існавала ажно 86 школ: 9 сярэдніх, 20 васьмігадовых і 57 пачатковых. Адукацыю ў іх атрымлівалі больш за 6,5 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак, якія здаралася, вучыліся ў тры змены.

– Памятаю, як толькі прыйшоў на пасаду загадчыка аддзела, – расказвае І.С.Кулага. – Ва “ўласнасці” былі ў мяне толькі стол, шафа і чатыры стулы, а размяшчаліся мы ў адным з памяшканняў Ушацкай школы. Пазней мне як кіраўніку далі асобны пакой на агароднінасушыльным заводзе. І ўсё ж гэтыя акалічнасці не былі вызначальнымі. Мы хацелі працаваць – і працавалі!

Дзякуючы намаганням Івана Сямёнавіча былі пабудаваны Ушацкая, Вялікадолецкая, Глыбачанская, Дубраўская, Ільюшынская школы і шэраг пачатковых. На адкрыццё першай прыязджаў сам міністр адукацыі БССР М.Г.Мінкевіч, які высока ацаніў зробленае. Зрэшты, гэтак было з усім, за што браўся І.С.Кулага. Каб падцягнуць узровень фізічнага выхавання школьнікаў, актыўна праводзіў абсталяванне спартыўных пляцовак у навучальных установах. З 1 верасня 1977 года ў раёне адкрыліся турбаза (у будынках былой Старынкоўскай 8-гадовай школы) і спартыўна-юнацкая школа на 150 вучэбных месцаў. Новае аблічча і “начынне” зай­мелі і многія сталовыя.

Той час не быў простым у сістэме народнай адукацыі, але з усімі задачамі І.С.Кулага ўдала спраўляўся. Максімаліст па натуры, ён ставіў перад сабой высокія мэты і ішоў да іх – чаго б гэта не каштавала. Ды і да акружаючых заўсёды ўмеў знайсці падыход. За часы сваёй прафесійнай дзейнасці адзначаўся на самым высокім узроўні. Сярод знакавых для сябе ўзнагарод Іван Сямёнавіч выдзяляе ордэн Чырвонага Сцяга, а таксама званне “Выдатнік народнай асветы”.

– Для мяне заўсёды было важна, каб у падрастаючага пакалення была магчымасць атрымаць якасную адукацыю і годнае выхаванне, – кажа Іван Сямёнавіч. – Як гэта ні дзіўна гучыць, але ў многім навучыла мяне гэтаму Вялікая Айчынная вайна. І хоць быў тады малым хлопчыкам, убачанае востра ўрэзалася ў памяць і стала своеасаблівым стымулам для далейшай дзейнасці ў галіне асветы.

Прыгадвае І.С.Кулага, як праз Глыбачку ў накірунку Полацка гналі нашых ваеннапалонных. Малым, якія тут жылі, было цікава назіраць за немцамі-канваірамі са зброяй у руках. Вось і герой нашага аповеду нярэдка хаваўся на гарышчы дома, каб усё разгледзець і ў той жа час самому застацца незаўважаным. А аднойчы хлопчык стаў сведкай страшнай карціны. Адзін з палонных паспрабаваў збегчы – непрыкметна адлучыўся ад калоны, прыціснуўся да сцяны тутэйшага будынка. Але ж канваір яго прыкмеціў і застрэліў на месцы.

– З таго часу, відаць, і стаў асабліва цаніць жыццё, – прызнаецца І.С.Кулага. – Таму і выбраў для сябе адну з самых “мірных” і патрэбных людзям сфер дзейнасці.

… За святочным сталом нямала было ўспамінаў. Расказваў Іван Сямёнавіч і пра сваіх блізкіх, і пра тое, як зараз радуецца шматлікім поспехам прадстаўнікоў устаноў адукацыі раёна. Калі ж прыйшоў час развітвацца, не стрымаў мужчына эмоцый – няпрошаная сляза пакацілася па яго шчацэ. Гэта госці шчыра віншавалі І.С.Кулагу з Днём нараджэння і выказвалі надзею павіншаваць яго яшчэ праз два гады на 90-годдзе, а потым абавязкова на векавы юбілей.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *