С молодым задором. Молодой специалист Василий Наумов умеет заинтересовать посетителей музея народной славы имени В.Лобанка в Ушачах

Образование и молодежь

Першае наша знаёмства з маладым спецыялістам, навуковым супрацоўнікам музея народнай славы імя У.Е.Лабанка Васілём Навумавым адбылося восенню падчас сустрэчы кіраўніцтва раёна з тымі, хто прыбыў у наш раён на сваё першае рабочае месца. Маладога хлопца, які толькі прыступіў да сваіх абавязкаў, вельмі хвалявала не якое-небудзь сваё прыватнае, а агульнае пытанне: калі ж распачнецца рамонт музея.

Толькі гэты факт ужо падказваў пра неабыякавасць маладога спецыяліста да абранай справы. Пры гэтым Васіль сам родам з Шуміліна і ва Ушачах раней быў хіба што толькі праездам. Ды і заканчваючы гістарычны факультэт Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.М.Машэрава, ніяк не думаў, што будзе працаваць у музеі, бо па дыпломе ён выкладчык гісторыі. У адной з віцебскіх школ Васіль праходзіў практыку і падпрацоўваў настаўнікам. Размеркаванне таксама атрымаў у адну са школ Чашніцкага раёна. Аднак там маладому спецыялісту прапаноўвалі толькі паўстаўкі, таму прыйшлося пераразмяркоўвацца. У другі раз вагаючыся паміж Бягомлем і Ушачамі хлопец выбраў тое, што бліжэй да дома.

Да новай справы малады спецыяліст прывык хутка, ра­забрацца ва ўсім дапамагаў добразычлівы калектыў.

– Ушацкі музей мне адразу спадабаўся – ён незвычайны, не падобны на астатнія, з багатай экспазіцыяй. Напрыклад, шумілінскі музей яму значна саступае – там уся плошча займае столькі, колькі тут фае, – дзеліцца ўражаннямі В.Навумаў.

Як падчас працы ў школе, так і ў музеі малады спецыяліст імкнецца цікава паднесці інфармацыю, утрымаць увагу тых, хто слухае. Для гэтага ў яго свае метады і прыёмы. Так, проста завучыць інфармацыю і манатонна яе расказаць – недастаткова. Васіль шмат чытае, аналізуе, лічыць, што трэба разумець і бачыць карціну, каб зацікавіць наведвальнікаў. Падчас сваёй першай экскурсіі, канечне, хваляваўся, але справіўся з задачай на выдатна. У абавязкі навуковага супрацоўніка ўваходзіць не толькі правядзенне экскурсій, а і шмат чаго іншага. І за якую б справу ён не браўся – у яго ўсё ладзіцца. Нядаўна, напрыклад, арганізаваў адмысловую выставу “Рэтра-радыё”, знайшоўшы для гэтага калекцыянера з Наваполацка.

– Папрацаваць з гэтым маладым спецыялістам мне давялося пакуль яшчэ нямнога часу, але хапіла ўсяго пару тыдняў, каб зразумець, які гэта старанны, адказны работнік. Заўсёды ўлічвае аўдыторыю гасцей, якія да нас наведваюцца і падае ўсё так, што можна заслухацца. Днямі да нас прыязджала на экскурсію група дзяцей з Полацка, дык ім так спадабаўся наш навуковы супрацоўнік, што ніяк не маглі з ім развітацца, ледзьве з сабой не забралі, – расказвае дырэктар музея народнай славы Наталля Пятроўна Бугай.

Як прызнаецца Васіль, сваю будучыню ўсё ж ён марыць звязаць з выкладчыцкай дзейнасцю – вельмі яму падабаецца работа з падрастаючым пакаленнем. А ведаючы яго мэтанакіраванасць  і стараннасць, ніколькі не сумняваемся, што гэта ў яго атрымаецца не горш.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *