Зажинки в Ушачском районе

Сельское хозяйство

Сёлета зажынкі азнаменавалі не пачатак уборачнай, а яе працяг, бо жніво на той момант распачала ўжо большасць гаспадарак. Але спрадвеку святочны абрад з’яўляўся сімвалам сапраўды святой справы, таму ад гэтай жыццесцвярджальнай ісціны не адыходзяць і ў наш час: убіраць хлеб адпраўляюцца пад віншаванні і добрыя словы ў адрас усіх, хто будзе мець дачыненне да жніва. Абавязкова гучаць песні, каравай падносіцца кіраўніку раёна, а жанчыны-жнейкі адорваюць ніву і перавязваюць першы сноп новага ўраджаю, які ўрачыста перадаецца гаспадарам свята. У аўторак гэтай павагі быў удастоены Мікалай Леанідавіч Купрыянаў – раённыя зажынкі прымала КУСГП “Арэхаўна”.

Тры збожжаўборачныя агрэгаты гаспадаркі напярэдадні прайшлі абкатку і чакалі ўдзельнікаў мерапрыемства на невялікім полі паміж Сарочынам і Крыжамі – менавіта тут падышла азімая пшаніца. Старэйшыя камбайнеры Аляксандр Каваленка і Аляксандр Гусёнак жартаўліва падбадзёрвалі калегу Валерыя Башуна. Гэты механізатар стаў аб’ектам павышанай увагі невыпадкова – яго КЗС-1218 стаяў на старце першым і павязаць сімвалічны ручнік павінны былі яму. Неўзабаве гэта спрытна зрабіў пераможца мінулагодняга спаборніцтва сярод камбайнераў Аляксандр Аляксандравіч Малахаў – перадавіком жніва прадстаўнік КУСГП “Глыбачаны” станавіўся не толькі падчас мінулагодняй кампаніі, таму прызвычаіўся да такой цырымоніі.

Адкрыў жа свята першага снапа старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка. Ён адзначыў, што ўборачная кампанія падвядзе вынікі работы сельгаспрадпрыемстваў. На нядаўняй нарадзе па гэтых пытаннях Прэзідэнт краіны А.Р.Лукашэнка паставіў дакладныя задачы: сумесна і добрасумленна прыкласці ўсе намаганні для ўборкі ўраджаю ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны і з мінімальнымі стратамі. Бо хлеб – не толькі сам па сабе каштоўнасць, але і стратэгічны запас дзяржавы. Усім удзельнікам жніва кіраўнік раённай вертыкалі пажадаў спрыяльнага надвор’я, добрых намалотаў, працоўных перамог, дастойнай ацэнкі і аплаты сваёй дзейнасці. Уладзімір Генадзьевіч падкрэсліў, што ўборка ўраджаю з’яўляецца галоўнай надзённай задачай і, адпаведна, увага павінна быць накіравана на “радавых” палявых работ – неабходна стварыць аптымальныя ўмовы для працаўнікоў, каб нічога не адцягвала іх увагі ад уборачнай. Для яе паспяховага правядзення зроблена шмат. Акрамя працаўнікоў і тэхнікі гаспадарак задзейнічаны дадатковыя рэсурсы – на зажынкі акрамя прадстаўнікоў раённай улады, спецыялістаў райсельгасхарча, дырэктараў і спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў былі запрошаны і кіраўнікі арганізацый, людскія і тэхнічныя рэсурсы якіх будуць дапамагаць хлебаробам. У тым жа “Арэхаўне”, напрыклад, гэта прадстаўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, ДЭУ-37, ПМК-66. Практычна ўласнымі сіламі будуць праводзіць жніво ААТ “Ільюшынскі” і КУСГП “Вялікадолецкае”, а астатнім на выручку прыйшлі шэфы.

Умовы надвор’я, канечне, унеслі карэктывы ў графік работ, адцягнуўшы масавую ўборку амаль на два тыдні. Таму давядзецца працаваць зладжана і эфектыўна, аб’яднаць намаганні ўсіх спецыялістаў, інжынерных службаў, механізатараў, вадзіцеляў, машыністаў зернесушыльных комплексаў і нават тых, хто корміць хлебаробаў – у гэтым залог агульнага поспеху. Трэба адзначыць, што ўключыліся ў справу і прафсаюзы. Напрыклад, з дапамогай старшыні раённага аб’яднання Уладзіміра Мікалаевіча Кругліка вырашана пытанне арганізацыі харчавання механізатараў КУСГП “Кублічы” і ААТ “Агра-Селішча” – гарачыя абеды працаўнікам палёў гатуе райспажыўтаварыства. Іншыя гаспадаркі кармяць сваіх працаўнікоў уласнымі сіламі.

На свяце ўдзельнікі жніва атрымалі благаславенне на пачатак добрай справы ад благачыннага Ушацкага раёна айца Вячаслава, які пасля слоў малітвы акрапіў святой вадой прысутных і тэхніку. Святар адзначыў, што ўсе мы, калі бяромся за любое пачынанне, просім дапамогі Усявышняга, каб ён даў нам сіл, здароўя, паспрыяў поспеху: “Зараз вы прыступаеце да самай годнай справы – убіраеце хлеб. Няхай з вамі будзе Бог!”

Па сігнале М.Л.Купрыянава камбайны плаўна рушылі па пшанічным полі. Астатнія ж удзельнікі мерапрыемства перайшлі ад святочнай да практычнай часткі – абмеркавалі асноўныя моманты восеньскай кампаніі. Па чарзе слова бралі спецыялісты райсельгасхарча, і без увагі не застаўся ніводны аспект – ад настройкі і рэгуліроўкі камбайнаў непасрэдна на полі да пытанняў аплаты працы і яе аховы, захавання матэрыяльных рэсурсаў і іх рацыянальнага выкарыстання.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *