Сезон грибов: собираем внимательно, употребляем в меру

Здравоохранение

Сезон ціхага палявання ў разгары. Разам з тым абвастраецца праблема атручвання грыбамі. Такія выпадкі нярэдкія, іншы раз нават трагічныя.

Прыкметы недамагання з’яўляюцца праз некалькі гадзін пасля ўжывання ўсіх відаў ядавітых грыбоў. Рэзкая слабасць, ванітаванне, дыярэя, галаўны боль, галавакружэнне. Калі вы на дачы, у вёсцы, а ўрач далёка, прыміце вялікую колькасць актываванага вугалю, выпіце як мага больш вады, што дазволіць прадухіліць абязводжванне, і тэрмінова выклікайце “хуткую”.

Збірайце толькі вядомыя дары лесу. Ніколі не спрабуйце сырыя грыбы на смак. Перарослыя, старыя, няхай нават не чарвівыя, не варта класці ў вядро, бо ў іх назапашаны ядавітыя рэчывы.

Сабраныя грыбы не рэкамендуецца захоўваць больш за 2-3 гадзіны. Калі ж не атрымліваецца адразу іх апрацаваць, нямытымі раскладзіце ў адзін рад на плоскую паверхню і пастаўце ў халаднаватае месца, якое добра праветрываецца. Можна змясціць у посудзе невялікімі кучкамі і паставіць у хала­дзільнік. Так яны застаюцца бяспечнымі не больш за суткі, затым пачынаецца працэс інтэнсіўнага псавання.

Салёныя грыбы спажывайце не раней чым праз 40-50 дзён пасля засолу. За гэты час яны страчваюць горыч. Важна памятаць, што небяспечна захоўваць такую страву ў алюмініевым і ацынкаваным посудзе.

Не купляйце грыбы на рынку: невядома, дзе іх збіралі, магчыма,  уздоўж дарог, дзе лясныя дары ўвабралі ў сябе шмат таксічных рэчываў.

Памятайце, што грыбы – цяжкі прадукт для страўніка, паколькі бялковы. Не ешце іх многа нанач. Пры апрацоўцы старайцеся наразаць дробна. Небяспечны гэты прадукт для цяжарных і матуль, якія кормяць грудзямі. Дзецям да 8 гадоў і тым, хто мае захворванні страўнікава-кішачнага тракту (гастрыт, халецыстыт, панкрэатыт, гепатыт), грыбы супрацьпаказаны.

Не забывайцеся, што яны могуць быць крыніцай батулізму. Калі перад кансерваваннем дрэнна памытыя, на паверхні з дробнымі часцінкамі зямлі могуць аказацца ўзбуджальнікі сур’ёзнай хваробы. Хатняя пастэрызацыя іх не знішчае, а ўмовы ў герметычна закаркаваным слоіку без доступу кіслароду спрыяюць развіццю вельмі небяспечнага для чалавека батулатаксіну. Таму збірайце толькі маладыя грыбы і якасна іх апрацоўвайце.

Н.МАРОЗ, памочнік  урача-гігіеніста Ушацкага РЦГЭ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *