30 лет посвятили Ушачскому промкомбинату Е.Пугачёва, И.Лабань, Н.Полозова

Наш современник Экономика и малый бизнес

Пачатак верасня быў багаты на прафесійныя святы, адметныя падзеі і даты. Значную вяху акрэсліў ён і ў біяграфіі трох калег-сябровак Алены Анатольеўны Пугачовай, Іны Уладзіміраўны Лабань і Наталлі Фёдараўны Полазавай: роўна трыццаць год таму ў іх працоўных кніжках з’явіўся адзіны запіс – “прынята на работу ва Ушацкі прамкамбінат”.

У далёкім 1987 годзе Лепельскае СПТВ-175 размеркавала на наша прадпрыемства адразу пяць дыпламаваных швачак-матарыстак трэцяга разраду. Флагман ушацкай лёгкай прамысловасці пашыраў і перааснашчаў вытворчасць: было заказана некалькі новых двух­ігольных машынак, па рабоце на якіх праходзілі навучанне выпускніцы прафтэхвучылішча.

Свой першы дзень прабывання ва Ушачах ураджэнкі Докшыц Алена і Наталля і лепяльчанка Іна запомнілі добра. З усмешкамі прыгадваюць, як, выйшаўшы з аўтобуса, запыталі пра месцазнаходжанне прамкамбіната. “Вунь там, ля рэчкі”, – махнуў рукой у прыкладным напрамку нехта з мясцовых – і дзяўчаты накіраваліся… у бок касцёлу. Паблукаўшы з вялікімі сумкамі па наваколлі і не знайшоўшы там аніякіх слядоў вытворчасці, яны пачалі расчароўвацца ў сваім размеркаванні. Калі ж з дапамогай іншых прахожых падкарэкціравалі “навігатар” і дабраліся да прамкамбіната, не адразу змаглі сярод мноства паўбарачных карпусоў адшукаць швейны цэх…

Аднак усе казусы дарогі цалкам кампенсаваў гасцінны прыём, які аказалі маладым спецыялістам у калектыве. Шэфства над навічкамі адразу ўзялі тэхнолаг Галіна Пятроўна Жалейка і майстар Галіна Вікенцьеўна Жаўранак, якія не толькі ўвялі ў курс вытворчых спраў, а і дапамаглі зняць жыллё, уладкаваць быт. Дзяўчаты трапілі ў адну брыгаду і адразу “селі на паток” – гэта сістэма, калі кожная работніца выконвае сваю аперацыю, перадаючы выраб наступнай. “Увайсці ў працоўны рытм было нескладана: з нормай спраўляліся, а іншы раз нават перавыконвалі!” – прыгадваюць першыя працоўныя будні гераіні аповеду. А паколькі былі яны спрытныя не толькі ў рабоце, неўзабаве знайшлі сабе мясцовых жаніхоў: так і замацаваліся – і ў калектыве, і на Ушаччыне. “Пра тое, каб шукаць іншае месца працы, нават не задумваліся, бо ўсё тут нас задавольвала. Год праз пяць пераехалі ў новы камфартабельны будынак, памятаем, з якім выдатным настроем ішлі ў вялікі светлы цэх. А якія ў той час цікавыя “агеньчыкі” ладзілі да святаў! Наш калектыў заўсёды быў дружным, разам працавалі і адпачывалі, прымалі ўдзел у конкурсах і спартакіядах”, – расказваюць жанчыны.

Неяк непрыкметна праляцеў час, і вось ужо самі яны з’яўляюцца ветэранамі вытворчасці, вернасць якой пранеслі праз гады. Працуюць зараз на розных участках: Алена Анатольеўна – закройшчык, Іна Уладзіміраўна – швачка, Наталля Фёдараўна – загадчык склада, а таксама “прафсаюзны бог” – так называюць актыўную і неабыякавую жанчыну яе калегі. І хоць не самы просты этап перажывае зараз прадпрыемства, удзельніцы гэтага “працоўнага трыа” дзеляць разам з прамкамбінатам усе выпрабаванні і па-ранейшаму з’яўляюцца яго надзейнай апорай.

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *