Конец лета- начало осени — горячая пора для служб ЖКХ

Общество

Канец лета-пачатак восені для работнікаў камунальнай службы – пара сапраўды гарачая, бо перад тым, як тэмпературная крывая пойдзе ўніз, неабходна праверыць гатоўнасць да ацяпляльнага сезона абсталявання, камунікацый, будынкаў, завяршыць запланаваныя работы па замене цеплатрас. Менавіта за апошнім з прыгаданых працэсаў давялося паназіраць днямі на ўчастку УП ЖКГ у Астравенцы.

На баланс камунальнага прадпрыемства невялікая мясцовая кацельня перайшла 16 год таму і зараз падае цяпло ў 21 кватэру двух дамоў, што будаваліся каля паўстагоддзя назад для работнікаў тэлерэтранслятара. Зразумела, што свой тэрмін службы старая надземная цеплатраса, якая вядзе да будынкаў, даўно вычарпала, а таму на бягучы год была запланавана яе замена. Як вядома, адпаведна рашэнню беларускага ўрада, на працягу апошніх год будаўніцтва новых і рэканструкцыя старых цепласетак праводзіцца толькі з прымяненнем сучасных ПІ-труб, вытворчасць якіх наладзілі паўтара дзясятка айчынных прадпрыемстваў.

У Астравенцы ў выкапаную экскаватарам траншэю даўжынёй у 625 метраў будзе ўкладзена гнуткая папярэдне ізаляваная (ГПІ) труба – ізапрафлекс. У адрозненне ад стальной ПІ-трубы, якую ўжо некалькі год выкарыстоўваюць у раёне, яна цалкам выраблена з палімерных матэрыялаў. Гэта мнага­слойная канструкцыя, якую складаюць поліэтыленавая напорная труба, цеплаізаляцыя з пенаполіўрытана і гафрыраваная абалонка. Як патлумачыў майстар па рамонце і эксплуатацыі цепласетак УП ЖКГ Аляксандр Васільевіч Апёнак, гэта не самы першы вопыт прымянення на Ушаччыне навінкі: летась ізапрафлекс быў укладзены на вуліцы Віцебскай – па палімернай трубе зараз спажыўцам падаецца гарачая вада. А вось у Астравенцы яна будзе ўпершыню ўсталявана для сістэмы цеплазабеспячэння – тэхналагічныя параметры ГПІ-трубы дазваляюць перамяшчаць па ёй ваду да +95 градусаў пры максімальным ціску 1МПа.

З перавагамі ізапрафлекса цеплатэхнікі УП ЖКГ Міхаіл Іванавіч Кісялёў, Ігар Сямёнавіч Бурак, Аляксандр Васільевіч Мароз, экскаватаршчык Мікалай Віктаравіч Радзюш і зваршчык Ва­дзім Лявоненка сутыкнуліся ў працэсе пракладкі цеплатрасы. “Труба лёгкая і гнуткая, мае мінімальную колькасць стыкаў, што значна спрашчае работы па яе мантажы”, – з задавальненнем канстатуюць спецыялісты. А яшчэ дадаюць, што пасля заканчэння ўкладкі збіраюцца “забыцца” пра гэтую цеплатрасу – у тым сэнсе, што ніякіх паломак і аварый пры ўмове правільнай устаноўкі і адсутнасці завадскога браку на ёй не будзе. Тэрмін эксплуатацыі ГПІ-трубы – больш пяцідзесяці год, што і зразумела: сінтэтычны матэрыял не падвяргаецца карозіі, устойлівы да ўздзеяння практычна ўсіх знешніх фактараў.

А вось яшчэ адну важкую перавагу новай трасы – яе эканамічнасць – хутка ацэняць машыністы астравецкай кацельні. Генадзь Іванавіч і Віталь Генадзьевіч Арцямёнкі, Пётр Аляксеевіч Машчон і Вячаслаў Пятровіч Амосаў, дарэчы, актыўна дапамагаюць у будаўніцтве. Калі пры эксплуатацыі старой трасы страты цяпла складалі парадку 20 працэнтаў, то з новымі трубамі будуць не больш 5. “Вельмі рады, што цяпер практычна не давя­дзецца “грэць паветра”! – адзначае Г.Арцямёнак. – Гэта дазволіць эканоміць паліва і час. Увогуле прыемна працаваць, калі ўсё аптымальна арганізавана. Вось завершым будаўніцтва – і будзем цалкам гатовыя да ацяпляльнага сезона, бо ўсе астатнія неабходныя рамонтныя і прафілактычныя работы мы правялі загадзя”.

Падобнае могуць сказаць і работнікі іншых участкаў, дзе таксама завершаны асноўныя прыгатаванні да запуску катлоў. Прынамсі, праз новую ПІ-трубу будуць падаваць цяпло ў жылыя дамы і сацыяльныя аб’екты і машыністы Глыбачанскай кацельні – у аграгарадку сёлета абноўлена 700 метраў цеплатрасы.

Як бы ні было складана ў фінансавым плане, але кіраўніцтва камунальнага прадпрыемства добра разумее, што ўклад у мадэрнізацыю – неад’емнае патрабаванне сённяшняга дня, якое прынясе плён ужо заўтра.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *