Поддержка личных подсобных хозяйств ушачан

Общество

Урадам, кіраўніком дзяржавы ўдзяляецца значная ўвага развіццю асабістых падсобных гаспадарак. Гэта невыпадкова, бо ў агульным аб’ёме сельскагаспадарчай прадукцыі раёна іх доля складае 39 працэнтаў. Аднак аналіз выканання асобных паказчыкаў Праграмы адраджэння і развіцця сяла за 2006-2010 гады паказвае, што з 7 даведзеных раёну заданняў па вытворчасці прадукцыі насельніцтвам выканана толькі 4 (па бульбе, агародніне, пладах і ягадах, яйках). Не атрымана запланаваная колькасць зерня, малака, рэалізацыі жывёлы і птушкі. За мінулы год толькі па Вялікадолецкім сельсавеце перавысілі запланаваную вытворчасць зерня і караняплодаў, па Кубліцкім – буракоў. І усё! Самы нізкі працэнт выканання задання – па Глыбачэнскім сельсавеце, дзе бульбы і караняплодаў атрымана менш чым напалову ад планавага.
Прычына зніжэння перш за ўсё ў памяншэнні насельніцтва сельскай мясцовасці, з 2000 па 2010 на 4907 чалавек, і адпаведна колькасці падсобных гаспадарак з 7449 да 5925 (на 20 працэнтаў). Калі ў 2006 годзе ўшачане трымалі 2218 кароў, то сёлета 1089, адпаведна коней 696 і 505, парсюкоў 2755 і 2065, птушкі 23853 і 23216. Як бачна, перш за ўсё людзі адмовіліся ад утрымання кароў, іх колькасць за 4 гады скарацілася на 51 працэнт.
Па даных сацыялагічнага апытання, якое праводзіў аблвыканкам, 42 працэнты апытаных лічаць, што дзяржава аказвае дастатковую дапамогу па развіцці асабістай падсобнай гаспадаркі, і разам з тым 41,5 працэнта не змаглі ацаніць гэтай дапамогі, таму што разлічвалі пераважна на сябе.
У нашым раёне, безумоўна, аказваецца такая дапамога. Мала хто з ушачан, якія сеяць зерневыя, не прыбягалі да паслуг сельгаспрадпрыемстваў, таксама як і пры нарыхтоўцы кармоў, апрацоўцы агародаў. Штогод спецыяльна арганізоўваюцца сельскагаспадарчыя кірмашы, каб прыватнікі маглі набыць насенны матэрыял, угнаенне, саджанцы. Праз сетку спажывецкай кааперацыі таксама рэалізоўваецца ўсё неабходнае. Гаспадаркі аказваюць дапамогу і ў набыцці маладняку для гадоўлі. Сёлета, напрыклад, ПУП “Сарочына” прадало 445 парасят. Для ўтрымання кароў выдзяляюцца пашы – каля 70 сотак на галаву. Праўда, пакуль толькі на асобных праведзены неабходныя агратэхнічныя мерапрыемствы. Для пакрыцця кароў людзі таксама звяртаюцца да паслуг сельгаспрадпрыемстваў. Спецыялісты ветстанцыі за мінулы год аказалі насельніцтву паслуг па лячэнні і прафілактыцы інфекцыйных захворванняў жывёлы на 21,5 мільёна рублёў і сёлета на 7,1. Лабараторыяй ветстанцыі пры неабходнасці робіцца дыягнастычнае абследаванне хвароб пчол.
Усе ўшачане, якія жадалі прадаваць лішкі малака, маюць гэту магчымасць. За 5 месяцаў пераважна прыватнымі прадпрыемствамі “Ставр” і “Сямёныч” закуплена 230 тон, не было ніводнай затрымкі з аплатай. Паколькі нярэдкія выпадкі нязгоды з вызначанай тлустасцю, распараджэннем старшыні райвыканкама створана рабочая група па кантролі за якасцю, праведзены першыя рэйды, якія паказалі, што здаваемае грамадзянамі малако не заўсёды адпавядае нормам па шчыльнасці і кіслотнасці.
Па-ранейшаму нізкімі тэмпамі ў насельніцтва закупляецца маладняк – за 5 месяцаў толькі 46 галоў або 4 працэнты ад пагалоўя кароў у раёне. Не заўсёды праўдзівымі застаюцца і даныя, якія трапляюць у кнігу пагаспадарчага ўліку.
Канечне, не ўсе рэзервы задзейнічаны для павелічэння прадукцыі на асабістых падворках грамадзян, і шляхі ўзмацнення дапамогі шукаюцца сумесна кіраўніцтвам раёна, мясцовымі Саветамі дэпутатаў, свае варыянты выпрацоўваюцца на канкрэтных сельгаспрадпрыемствах.
А.ВАЙЦЯНКОЎ,
першы намеснік старшыні
райвыканкама, начальнік
райсельгасхарча.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *