В музее народной славы работает выставка работ знаменитого деятеля культуры Николая Рериха

Культура

“З цудоўных старажытных камянёў мы зложым ступені будучыні” – гэтае выказванне знакамітага дзеяча рускай і сусветнай культуры Мікалая Канстанцінавіча Рэрыха дало назву праекту, у рамках якога ў гарадах Беларусі ладзіцца перасоўная выстава яго мастацкіх і літаратурных работ. Магчымасць пазнаёміцца з творчай спадчынай выбітнага мастака, вучонага, пісьменніка, філосафа, грамадскага дзеяча атрымалі і ўшачане – у пятніцу ў музеі імя У.Е.Лабанка адбылося адкрыццё выставы, якая будзе працаваць тут на працягу бліжэйшага месяца.

Пра шматгранную асобу Мікалая Канстанцінавіча, перыяды яго творчасці і яе духоўна-філасофскія складнікі расказалі на імпрэзе супрацоўнік віцебскага культурна-інфармацыйнага цэнтра “Скарбы свету” Валянціна Іванаўна Маісеенка і супрацоўнік Беларускага фонду Рэрыха Андрэй Мікалаевіч Пшонка.

Ёсць у гісторыі асобы, унёсак якіх у развіццё культуры цяжка пераацаніць. Да такіх належыць М.Рэрых, творчая спадчына якога велізарная – больш сямі тысяч карцін, безліч кніг, нарысаў, дзённікаў. На выставе прадстаўлены факсімільныя копіі некалькіх дзясяткаў работ мастака розных перыядаў яго творчасці, а таксама матэрыялы, з якіх можна даведацца пра біяграфію Мікалая Канстанцінавіча і яго ўнікальнай сям’і.

“Усведамленне прыгажосці выратуе свет”, – удакладніў знакаміты выраз Дастаеўскага М.Рэрых. І менавіта стварэнню, прымнажэнню прыгажосці, захаванню для нашчадкаў культурных каштоўнасцяў гэты чалавек прысвяціў сваё жыццё. Так, напрыклад, у 1903-1904 гадах яны з жонкай Аленай Іванаўнай накіраваліся ў экспедыцыю па Русі, вынікам чаго сталі 90 работ, на якіх адлюстраваны славутасці розных гарадоў – чатыры карціны гэтага цыкла можна ўбачыць на ўшацкай выставе. Адметна, што некаторыя з шэдэўраў старажытнага дойлідства за прайшоўшы час былі разбураны і засталіся толькі на карцінах майстра.

Так сталася, што вялікі патрыёт сваёй радзімы большую частку жыцця быў вымушаны пражыць па-за яе межамі – у Англіі, ЗША, Індыі, дзе ствараў новыя работы, вёў актыўную асветніцкую дзейнасць, ладзіў экспедыцыі. Яго мара вярнуцца на радзіму так і не спраўдзілася, але сыны майстра выканалі волю бацькі, перадаўшы яго работы рускаму народу – зараз вялікая частка карцін належыць музею Мікалая Рэрыха ў Маскве. Такім быў гэты цудоўны чалавек, які здзіўляў іншых сваёй надзвычайнай працавітасцю, духоўнай сілай і ўнутранай гармоніяй. Гэтым якасцям у яго могуць павучыцца сучасныя творцы – а таму вельмі зацікаўленымі гледачамі на адкрыцці выставы былі юныя мастакі з Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў.

Прыйшлі на імпрэзу і даўнія аматары творчасці Мікалая Рэрыха. Да іх, напрыклад, належыць Тамара Васільеўна Шчэрбік. Прафесійная дзейнасць гэтай жанчыны ніяк не была звязана са сферай культуры (працавала майстрам на льнозаводзе), аднак яна заўсёды шмат чытала, цікавілася духоўнасцю, філасофіяй. “Вельмі прыемна, што нас не абмінаюць такія асветніцкія пазнавальныя праекты, дзякуючы якім ушачане могуць адкрыць для сябе таямніцы новых ведаў і ўражанняў”, – лічыць Тамара Васільеўна. І з ёй цяжка не пагадзіцца.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *