Мастера барабанного дела!Ни одно значимое мероприятие в Ушачах не проходит без коллектива юных барабанщиц

Образование и молодежь

Пасля нядаўняга адкрыцця фізкультурна-аздараўленчага комплексу юныя ўшацкія барабаншчыцы трапілі не толькі на старонкі “Патрыёта”, а і “засвяціліся” ў многіх абласных і рэспубліканскіх сродках масавай інфармацыі, у інтэрнэт-прасторы. Зрэшты, апошнія два гады ні адно масавае і значымае для раёна мерапрыемства не абыходзіцца без выступленняў маладога калектыву, якія напаўняюць свята асаблівай атмасферай.

Як у свеце, так і ў Беларусі гэты накірунак харэаграфіі існуе ўжо даўно, але апошнім часам атрымаў новае дыханне. Практычна ў кожным раёне ёсць свае барабаншчыцы, якія суправаджаюць урачыстасці. Вырашылі не адставаць і на Ушаччыне і ў 2016-м у раённым цэнтры дзяцей і моладзі ўзнік гэты своеасаблівы калектыў. У хуткім часе ў Мінску былі на заказ пашыты 10 адмысловых касцюмаў, якія выкананы ў колерах сцяга і герба Ушацкага раёна – бела-сініх, а таксама набыты галоўныя атрыбуты – барабаны.

– Гэта толькі на першы погляд здаецца, што ўсё лёгка і проста, на самой жа справе – гэта як спяваць – не кожнаму дадзена. Трэба мець музыкальны слых, пачуццё рытму, навучыцца чуць адзін аднаго, вывучыць мелодыі і, канечне, мець харэаграфічныя здольнасці – гэта не ігра на барабанах, а дэфіле барабаншчыц, – расказвае нюансы справы педагог цэнтра дзяцей і моладзі Таццяна Віктараўна Лапёнак, якая займаецца з калектывам.

З гэтымі задачамі выдатна спраўляюцца дзяўчаты старэйшых класаў Ушацкай школы, і занятак ім па душы: “Так цікава было асвойваць штосьці новае, хоць на першых парах і крыху складана. Затое цяпер, калі ўсё ведаеш і ўмееш, падчас выступленняў перад вялікай аўдыторыяй адчуваеш не хваляванне, а задавальненне”, – гаворыць адна з барабаншчыц Юлія Мамонава. Даўно ўжо ведаюць, як трымацца на сцэне, умеюць танцаваць і прыгожа рухацца Лізавета Жарнасек з Дар’яй Казак, а таму таксама з энтузіязмам і лёгкасцю асвоілі “барабанную” справу. “Аўтографы ў нас пакуль не бяруць на вуліцы, але ўсе знаёмыя і родныя хваляць і дзякуюць за выступленні, – дзеляцца сваімі эмоцыямі дзяўчаты. – Гэта прыемна, а яшчэ вельмі пачэсна выступаць на значных для раёна мерапрыемствах”.

Такімі з’яўляюцца Дні Перамогі і Незалежнасці, перад вялікай колькасцю гледачоў сёлета давялося выступаць 5 мая падчас святкавання 73-й гадавіны прарыву варожай блакады партызанамі Полацка-Лепельскай зоны. Задзейнічаны і на невялікіх канцэртах, у ходзе якіх адточваюцца навыкі і майстэрства. Нядаўна ў заліку ўшацкіх барабаншчыц з’явілася і яшчэ адно важкае выступленне – на абласным свяце працаўнікоў сяла “Дажынкі”, што праходзіла ў Дуброўне, ладзіўся парад барабаншчыц, у якім бралі ўдзел прадстаўнікі ўсіх раёнаў Прыдзвіння. Толькі там ужо выступаў другі састаў барабаншчыц – дзяўчат сярэдніх класаў, якія толькі пачынаюць займацца і набірацца вопыту. У планах кіраўніка калектыву і яго ўдзель­нікаў развучванне новых рытмаў і мастацкіх элементаў, каб яшчэ больш расквеціць святы і прыносіць станоўчыя эмоцыі гледачам.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *