100 лет Октябрьской революции

Юбилейные даты

На старце новай эпохі

Кастрычнік 1917-га адкрыў новую старонку ў гісторыі як усяго чалавецтва, так і нашага краю. Ва ўзброеным паўстанні ў Петраградзе прымалі ўдзел многія ўшачане. Адны знаходзіліся на ваеннай службе, іншыя працавалі на прадпрыемствах горада. Напрыклад, Іван Антонавіч Асташкевіч са Строктаў быў унтэр-афіцэрам крэйсера “Расія”, Ілья Апанасавіч Клопаў з Арэхаўна працаваў на парахавым заводзе, Аляксандр Несцеравіч Полазаў са Звоні ўліўся ў рады рабоча-сялянскай арміі.

Савецкая ўлада ва Ушацкай воласці была ўстаноўлена ўжо ў сярэдзіне лістапада 1917 года. У людзей падзея выклікала вялікі палітычны і працоўны ўздым. Ліквідаваліся органы дарэвалюцыйнага самакіравання – гарадскія думы і ўправы, земскія ўстановы, іх функцыі ўзялі на сябе павятовыя і валасныя Саветы. Яны растлумачвалі змест Дэкрэта аб міры, выносілі рашэнні аб канфіскацыі памешчыцкай зямлі, вялі работу па харчазабеспячэнні насельніцтва, пераходзе на 8-гадзінны рабочы дзень. Калі ў дарэвалюцыйны перыяд Ушаччына была амаль непісьменнай, то пазней у вёсках пачалі адкрывацца школы, хаты-чытальні і культурна-асветніцкія ўстановы, быў заснаваны ўрачэбны пункт і бальніца на 10 ложкаў.

Карэнныя змены адбываліся ў сельскай гаспадарцы. У былых памешчыцкіх маёнтках арганізоўваліся таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі, пазней яны сталі называцца сельгаставарыствамі, у некаторых дакументах – саўгасамі. Пашыраліся пасяўныя плошчы зерневых і льну. Да 1925 года ў раёне было ўтворана 5 калектыўных гаспадарак, а да пачатку 1933 года іх налічвалася ўжо больш за 160! Паўсюдна ў вёсках ствараліся сялянскія камітэты ўзаемадапамогі. У розных населеных пунктах пачалі працаваць швейныя арцелі.

– Праводзячы экскурсіі ў музеі, не абмінаем і тэму Вялікага Кастрычніка, тыя падзеі змянілі ход гісторыі і вызначылі шлях развіцця ўсяго чалавецтва, – адзначае дырэктар музея народнай славы Н.П.Бугай.

У першай зале маецца адпаведная экспазіцыя, дзе акрамя фотаздымкаў ёсць, напрыклад, асабістыя рэчы нашых землякоў А.Полазава і М.Гомана, якія ўдзель­нічалі ў Паўстанні ў Петраградзе і грамадзянскай вайне, памятны жэтон з адлюстраваннем У.І.Леніна, якім узнагароджаны ўдзельнік грамадзянскай вайны Б.Пахілка. Асобна вылучаюцца ўзнагароды  тагачаснага мясцовага актывіста М.Касцюковіча, які даходліва тлумачыў сялянам сэнс рэвалюцыйных падзей, першых дэкрэтаў савецкай улады.

У пасляваенны час дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі для беларусаў і ўшачан у тым ліку быў вялікім усенародным святам, якое шырока адзначалася. Менавіта да гэтай даты прымяркоўваліся значныя падзеі і адкрыцці – напрыклад, 7 лістапада 1930-га выйшаў першы нумар раённай газеты “Прымежны калгаснік”, а роўна праз 40 гадоў адкрыўся Ушацкі музей народнай славы, да 50-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі здадзены ў эксплуатацыю Ушацкі тэлерэтранслятар. Нават вяселлі маладыя спецыяльна назначалі на гэтую пару. І сёння старэйшае пакаленне з цеплынёй згадвае далёкі Кастрычнік – дзякуючы савецкай уладзе нашы бацькі і дзяды атрымалі права на бясплатныя адукацыю, лячэнне, адпачынак, выстаялі ў самай страшнай вайне.

Вольга КАМАРКОВА.

***

Лёсы вельмі многіх ушачан непарыўна звязаны з савецкай эпохай. Тымі часамі датуюцца і самыя яркія ўспаміны – як аб складаных выпрабаваннях, што загартоўвалі характар, так і пра ўзнёслыя моманты, якія прымушалі ганарыцца сваёй вялікай дзяржавай. Пра гэта напярэдадні свята мы папрасілі прыгадаць некаторых нашых чытачоў.

Павел Пятровіч ПУГАЧ, г.Слуцк.

У 1957 годзе, калі я вучыўся ў сёмым класе, у нашай вёсцы Адворыца ўжо было правадное радыё – менавіта па ім я пачуў пра запуск першага штучнага спадарожніка Зямлі, адкрыўшага касмічную эру. Гэта падзея ўмацавала маё жаданне звязаць жыццё з небам. Пасля школы планаваў вучыцца на верталётчыка, але ў ваенкамаце сказалі, што абяцаную мне “вакансію” заняў іншы хлопец, і прапанавалі паступаць у авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча ў г.Вольску. Памятаю момант, калі ў красавіку 1961 года мы ішлі на абед і пачулі інфармацыю пра палёт Юрыя Гагарына – усе спыніліся і хвілін сем зачаравана слухалі ўнутранае радыё, пасля чаго грымнула гучнае “Ура!”

Усё маё жыццё было звязана з ракетнымі войскамі, давялося служыць у Сібіры і Казахстане, але заўсёды хацелася вярнуцца ў родную Беларусь. Доўгі час з’яўляўся членам Камуністычнай партыі і вельмі прыемна было да сёлетняй знамянальнай даты атрымаць ад ЦК КПРФ памятны медаль “100 год Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай Рэвалюцыі”.

Галіна Іосіфаўна НІКІЦІНА, аг.Ільюшына.

У пачатку мінулага стагоддзя мае продкі валодалі ўчасткам зямлі ля Зарубаўшчыны, мелі вялікую гаспадарку і нават цагляны заводзік. У гады калектывізацыі нашу сям’ю, у якой было 11 дзяцей, раскулачылі і выслалі ў Архангельскую вобласць – у месца, дзе мы жылі, зараз можна трапіць толькі на верталёце. У тых краях было нямала нашых землякоў з прозвішчамі Пліскевіч, Дрозд, Піткевіч. Калі ж пачалася вайна, бацька і пяцёра маіх братоў мужна змагаліся на фронце, тата быў узнагароджаны ордэнам Славы і мноствам медалёў. Нарадзілася я ў год заканчэння вайны, таму добра памятаю цяжкія ўмовы, у якіх мы жылі. Памятаю і “халоднае лета 53-га”, калі амнісціравалі злачынцаў, якія потым рассяліліся па нашым пасёлку…

Бацькі вельмі хацелі вярнуцца на радзіму, што мы і зрабілі. Школу я заканчвала на Ушаччыне, атрымала ў Мінску вышэйшую адукацыю, шмат год прысвяціла педагогіцы, займала кіруючыя пасады і прызнаюся, што крыўды на савецкую ўладу ў сваёй душы не захавала. Разам з усім народам прайшла вялікую школу мужнасці і атрымала ад дзяржавы ўсе даброты жыцця.

Віктар Яўгенавіч ШАЙТАР, г.п.Ушачы.

Савецкія часы ўспамінаю з цеплынёй – гэта мая маладосць, стварэнне сям’і. Большую частку жыцця аддаў нашай ПМК-66, хаця калі ўладкаваўся туды на працу, яна мела іншую назву. Асабліва мне з той пары запомнілася арганізацыя працоўнага спаборніцтва на прадпрыемстве. І як бы зараз ні адносіліся да “пяцігодкі за тры гады”, але гэта форма маральнага і матэрыяльнага заахвочвання рэальна дзейнічала. Брыгады муляроў, цесляроў, вадзіцелі, якія дабіваліся лепшых вынікаў за пэўны прамежак часу, атрымлівалі прэміі, іх ушаноўвалі – зараз, здаецца, такога няма. А яшчэ варта было б адрадзіць навучанне па месцы працы. Я, напрыклад, прафесію муляра асвойваў непасрэдна на вытворчасці і ўжо праз паўгода атрымаў разрад. А то зараз некаторыя і пасля вучылішча не ведаюць, як кельму трымаць…

Яўгенія Анатольеўна КЛАЧОК, г.п.Ушачы.

Маё пакаленне застала заключны перыяд савецкай эпохі. Камсамолкай я не была, а вось прыём у піянеры запомніўся і мне, і маім аднакласнікам, як адзін з самых яскравых момантаў дзяцінства – настолькі неардынарным і запамінальным было мерапрыемства ў Весніцкай базавай школе, за падрыхтоўку якога адказвала Лідзія Гаўрылаўна Ільюшэвіч. Як зараз памятаю іскры вялікага вогнішча, гукі горна, адчуваю той узрушаны настрой, калі нам павязвалі чырвоныя гальштукі… Мы былі маленькія і, зразумела, не думалі пра палітычныя аспекты часу перабудовы, але хачу адзначыць, што не толькі гэта, а любое школьнае мерапрыемства да дзяржаўных святаў у нас праходзіла на вышэйшым узроўні. Мне падаецца, што менавіта з-за гэтага гальштукі мы насілі не пад прымусам, а з задавальненнем, пачуццём патрыятызму і прыналежнасці да вялізнай краіны, якой па-сапраўднаму ганарыліся.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *