Оператор машинного доения коров ОАО «Ильюшинский» Ирина Казаченка представила хозяйство и район на республиканском слёте передовиков

Сельское хозяйство

Вестку аб тым, што трэба прадставіць раён на рэспубліканскім злёце перадавікоў, аператар машыннага даення ААТ “Ільюшынскі” Ірына Васільеўна Казачэнка спачатку нават не ўспрыняла ўсур’ёз. Але гэта быў зусім не жарт, і ў мінулую пятніцу, змяніўшы на адзін дзень рабочае адзенне на святочнае, жанчына ў складзе дэлегацыі Віцебшчыны апынулася ў сталічным Палацы культуры прафсаюзаў, дзе сабралася больш за 200 лепшых жывёлаводаў з усёй краіны.

– Шчыра прызнацца, адчувала сябе няёмка, як кажуць, не на сваім месцы. Кампанію ж мне склала мая калега з “Вялікадолецкага” Марыя Іванаўна Раманоўская. Спадабалася ўсё – атмасфера, трохгадзінная канцэртная праграма, выстава-дэгустацыя і прагулка па Мінску, – дзеліцца ўражаннямі Ірына Васільеўна.

На злёце, які, дарэчы, не праводзіўся на працягу апошніх 20 гадоў, узнагароды ад прафсаюзаў, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, грамадскіх арганізацый уручалі за самыя высокія надоі і прывагі, але ніводны ўдзельнік не застаўся без падарунка – аб мерапрыемстве нашым прадстаўніцам будуць нагадваць цёплыя коўдры.

“Пуцёўку” на злёт І.В.Казачэнка заслужыла сваёй нястомнай працай. За 9 месяцаў бягучага года надой на адну карову па яе групе склаў 3531 кілаграм – самы высокі паказчык у раёне. Больш за іншых – 4818 кілаграмаў – яна надаіла і за мінулы год, што ў параўнанні з папярэднім склала 140 працэнтаў. Свае абавязкі Ірына Васільеўна заўсёды выконвае як след, бо інакш не дазваляе сумленне, да таго ж ад колькасці і якасці малака залежаць і заробкі.

Свой працоўны шлях яна пачынала ў калгасе “Дружба”, калі ёй не было і 18-ці гадоў. Спачатку даглядчыцай, а ў 2003-м пасля другога дэкрэтнага водпуску стала аператарам машыннага даення на ільюшынскім комплексе. Трэба сказаць, што справа не была для яе новай: “Мая маці Надзея Адамаўна Крахотка ўсё жыццё адпрацавала даяркай на сержаноўскай ферме, нават пасля выхаду на заслужаны адпачынак яшчэ 6 гадоў прысвяціла гэтай рабоце. Памятаю, як са Старынкі, дзе мы жылі, бегла дапамагаць ёй. Ужо тады не выбірала сабе “ўчастак” лягчэй і навучылася раздойваць першацёлак”, – прыгадвае жанчына і менавіта гэты момант у рабоце і сёння лічыць самым нялёгкім. Вельмі няпростая задача раздаіць нават некалькі кароў, не тое што статак.

– У кароў, а іх у нашай групе аж 190, як і ў людзей, свой характар, да кожнай трэба знайсці падыход. А яшчэ яны адчуваюць, як ты да іх адносішся. Калі прыходжу пасля выхаднога, пачынаюць аблізваць рукі, ногі. Ужо нават па мычанні, выглядзе магу сказаць, які настрой у маіх жывёлінак, – ласкава зазначае Ірына Васільеўна, нягледзячы на тое, што супраціўляючыся падчас таго ж раздою, “падапечныя” часам пакідаюць сінякі.

Хоць на першы погляд работа аператара не патрабуе спецыяльнай адукацыі ці навыкаў, гэта не так, ды і далёка не кожны зможа жыць у рэжыме, калі дзень пачынаецца ў 4 гадзіны раніцы, бо ў 5 трэба быць на рабочым месцы. Вярнуўшыся пасля 9-ці ёсць пару гадзін на хатнія справы, пасля чаго зноў на працу. Толькі каля 10 гадзін вяртаецца пасля вячэрняй дойкі. Улетку, асабліва калі статак знаходзіцца далёка ад аграгарадка, прыходзіцца яшчэ складаней. Але нават у такім рытме яна знаходзіць час, каб зімой заняцца вязаннем, а летам завіхацца на прысядзібным участку каля дома, які ёй 10 гадоў таму выдзеліла сельгаспрадпрыемства, і нават збегаць у лес. Трымаюць з мужам Мікалаем птушку і свіней, а да нядаўняга часу быў яшчэ і бычок, падораны Ірыне Васільеўне ў канцы мінулага года ў якасці прэміі за высокія паказчыкі. Дарэчы, старанні аператара высока ацэнены не толькі ў “Ільюшынскім”, яе вылучэнню на раённую Дошку гонару шчыра радаваліся не толькі муж і сын з дачкой, а і ўвесь калектыў гаспадаркі. А яна ў сваю чаргу вельмі расхвалявалася, да апошняга моманту не хацела ехаць фатаграфавацца: “У неблагіх надоях не толькі мая заслуга. На групе побач са мной зараз працуюць яшчэ Наталля Калітуха, Наталля Маркевіч і Ларыса Гладыш, ды і не было б паказчыкаў без якасных кармоў, строгай дысцыпліны і граматнага кіраўніцтва! – зазначае Ірына Васільеўна, якая нягледзячы на ўсе стэрэатыпы аб непрэстыжнасці прафесіі, не ўяўляе сябе ў іншай.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *