Молодой водитель ОАО «Ильюшинский» быстро заслужил признание не только в своём сельхозпредприятии, но и в районе

Сельское хозяйство

У любой арганізацыі да новых работнікаў некаторы час прыглядаюцца: як зарэкамендуе сябе чалавек, ці справіцца? Вадзіцелю ААТ “Ільюшынскі” Ігару Кароткаму спатрэбілася нямнога часу, каб  заслужыць прызнанне не толькі ў сваёй гаспадарцы, а і на раённым узроўні.

Летам гэтага года хлопец у пошуках работы вырашыў звярнуцца ў гаспадарку – на той момант у таварыстве не хапала вадзіцеля грузавога аўтамабіля і яму даверылі МАЗ-555. Часу на раскачку не было, адразу прыйшлося ўключыцца ў напружаную пару – малады вадзіцель адвозіў з палёў зялёную масу, надзвычай запатрабаванай яго адзінка тэхнікі стала і падчас уборачнай кампаніі. Але Ігара ніколькі не напужаў нестандартны графік работы без выхадных.

– Чуў пра раённае спаборніцтва сярод камбайнераў і вадзіцеляў на жніве, але ў падрабязнасці, як кажуць, не ўдаваўся і тым больш не думаў пра перамогу: у “Ільюшынскім”, ды і ў цэлым у раёне нямала вопытных работнікаў. Іх прозвішчы бачыў і на Дошцы гонару, зацверджанай на час жніва ў раённай газеце. Ну а сам проста выконваў усе даручэнні, імкнуўся зрабіць усё, каб у чаканні тэхнікі камбайны не гублялі дарагія хвіліны,  – гаворыць І.Кароткі.

Аб тым, што стаў адным з пераможцаў раённага спаборніцтва, малады чалавек даведаўся толькі напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі. Спачатку нават падумаў, што гэта жарт ці нейкая памылка. Сумненні зніклі, калі ў складзе дэлегацыі “Ільюшынскага” быў запрошаны на раённае свята, дзе ўшаноўвалі лепшых працаўнікоў сяла: прадстаўнік “Ільюшынскага” перавёз 793 тоны зерня і заняў другое месца, саступіўшы толькі вопытнаму Генадзю Качану з “Вялікадолецкага”.

– Прызнаюся, крыху хваляваўся: у кабіне МАЗа адчуваеш сябе куды спакайней, чым на раённай сцэне. Гэта маё першае прызавое месца, і ў далейшым буду старацца, каб трымаць марку і не падводзіць гаспадарку,  – зазначае хлопец.

Нягледзячы на тое, што зараз у аграрыяў не гарачы сезон, І.Кароткаму не прыходзіцца сядзець без справы, а машыне прастойваць – перавозкі ў такой вялікай гаспадарцы заўсёды знойдуцца. Калі трэба каго замяніць, перасядае на іншыя аўтамабілі ці становіцца аўтаслесарам – за рамонтам адной з легкавых машын сельгаспрадпрыемства якраз і ўдалося яго застаць. Дарэчы, вяртаць іх да жыцця гэты хлопец любіць і ўмее. Яшчэ ў дзяцінстве дапамагаў бацьку рамантаваць аўто, пазней самастойна спасцігаў гэтую навуку. Да прыходу ж у гаспадарку паспеў папрацаваць ва “Ушацкім райаграсэрвісе” і на прадпрыемстве “КВАТ”, а таксама амаль пяць гадоў на адной са станцый тэхнічнага абслугоўвання машын у Полацку. Так, па прыкладзе многіх сваіх знаёмых некалі імкнуўся ў горад, а потым вырашыў вярнуцца ў родныя Ушачы: “Гарадское жыццё ўсё ж не для мяне, ды і мець добрыя заробкі можна і тут, галоўнае сумленна ставіцца да справы. Работа ж мне па душы, нягледзячы на тое, што кожны дзень на працу трэба дабірацца з гарпасёлка”, – зазначае І.Кароткі.

Са свайго боку кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства задаволена маладым работнікам, які ні разу не падвёў калектыў і ўдала ўпісаўся ў вялікую кагорту ільюшынскіх перадавікоў. А працавітых і старанных у гаспадарцы заўсёды цэняць.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *