Ученик Ушачской школы Александр Тимофеев принял участие в интеллектуальном телешоу «Я знаю»

Наши дети

У паўфінал гульні “Я знаю” выйшла прадстаўнічая дэлегацыя сямікласнікаў краіны, таму вось ужо чатыры суботы запар на Першым Беларускім тэлеканале змагаліся толькі яны. А калегі-тэлевізійшчыкі яшчэ і прымусілі пахвалявацца: у пазамінулым эфіры было многа віцебскіх прадстаўнікоў, а Аляксандра Цімафеева сярод іх не аказалася. Уяўляю, з якім нецярпеннем чакалі перадачу з яго ўдзелам бацькі, настаўнікі і аднакласнікі. І яно таго варта: праграма сама па сабе цікавая, як і кожнае інтэлектуальнае шоу. Я ж атрымала сапраўднае задавальненне і адчула гонар, калі ўбачыла ў студыі адразу траіх ушачан.

Нумар адзін з іх – канечне, Аляксандр, які вельмі ўпэўнена трымаўся перад аб’ектывамі камер, зусім не губляўся і правільна адказваў на каверзныя пытанні, што дазволіла яму лёгка выйсці ў другі тур гульні. У фінал не трапіў, аднак ніколькі не засмуціўся, правільна зрабіўшы вывад, што так распарадзілася фартуна, бо пытанні, якія задавалі іншым сямікласнікам у папярэдніх гульнях, ён лузгаў як арэшкі. У непрадказальнасці перамогі  пераконвае і той факт, што фіналістка з Віцебска ў адборачным туры саступіла вучню з Оршы.

Зразумела, абсалютна ўсе школьнікі мелі шырокае кола інтарэсаў, што і дазваляла адказваць на пытанні і пра музыку, і пра спорт. Аляксандр Цімафееў – таксама. Ён заканчвае мастацкае аддзяленне Ушацкай школы мастацтваў, любіць гуляць у настольны тэніс і футбол, цікавіцца гісторыяй і геаграфіяй, добра спраўляецца з дакладнымі навукамі і ўжо абраў будучую прафесію – хоча стаць праграмістам. Да конкурсу рыхтавацца не было часу, ды і як падрыхтуешся, калі тут уплывае агульная эрудыцыя, якую за тыдзень не назапасіш. “У нас многа дзяцей, моцных у матэматыцы ці біялогіі, але накіравала менавіта Сашу, паколькі ведала, па-першае, рознабаковасць яго інтарэсаў, па-другое, тое, што ён не разгубіцца, – гаворыць класны кіраўнік 7 “В” Вера Васільеўна Спірчонак. – Менавіта гэта вельмі важна падчас інтэлектуальных турніраў. Наведваў ён і гурток “Эрудыт”. Я, канечне, задаволена, што не памылілася. У адборачных этапах удзельнічалі прадстаўнікі з кожнай паралелі нашай школы, таксама моцныя дзеці, а прайшоў у паўфінал толькі Аляксандр”.

Настаўніцы Ушацкай школы Л.В.Трафімавай, якая суправаджала сямікласніка на шоу, зразумела, было хвалююча і цікава – аб гэтым сведчыў яе іскрыста-дапытлівы позірк, які часта вылучала камера. Менавіта  Людміла Васільеўна не адзін год вядзе гурток “Эрудыт”, рыхтуе дзяцей да інтэлектуальных спаборніцтваў, у якіх былі і вельмі сур’ёзныя перамогі, напрыклад, на “Кубку княгіні Вольгі”. Тэлевізійнае шоу “Я знаю” лічыць цікавай і карыснай перадачай. А падчас запісу яе чакаў сюрпрыз – у студыі побач аказалася настаўніца Віцебскай гімназіі Людміла Іванаўна Маліноўская – таксама выпускніца Ушацкай СШ. Яна ж перажывала як за сваю вучаніцу Аляксандру, якая, дарэчы, выйшла ў фінал, так і за нашага А.Цімафеева, тым больш што яе тата, як і бацькі Аляксандра, належыць да калектыву ДРБУ-105.

Перадача “Я знаю” з Дзмітрыем Калдуном і Дзмітрыем Новікам у якасці вядучых  – новая, прынамсі вывучаўся яе рэйтынг, а працяг запісу пераконвае, што ён аказаўся ў беларускіх тэлегледачоў высокім. Ва ўсялякім выпадку Аляксандр Цімафееў абавязкова будзе сачыць за выступленнем былых сапернікаў. Калі ж вы не ўбачылі гульню з удзелам ушачан, раім зазірнуць на наш сайт belpatriot.by і адкрыць раздзел відэа.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *