Чтоб игра не закончилась трагедией. Рейд по потенциально опасным объектам горпосёлка

Cлужба-101 Профилактика и безопасность

Аб трагедыі, якая здарылася не так даўно ў Магілёве, чулі многія. Падчас восеньскіх канікулаў трое дзяцей 9 і 10 гадоў пайшлі гуляць у недабудаваны дом, дзе на іх абрушылася бетоннае перакрыццё. Двое хлопчыкаў аказаліся пад заваламі: адзін загінуў на месцы, а другі са шматлікімі цяжкімі траўмамі быў дастаўлены ў абласную бальніцу. За яго жыццё змагаліся самыя вопытныя медыкі краіны, але праз паўтара тыдня ён памёр…

На Віцебшчыне штогод ад знешніх прычын гіне 20-30 дзяцей. Пытанне іх бяспекі становіцца асабліва актуальным менавіта на канікулах, калі падлеткі больш часу праводзяць на вуліцы. Між тым, вольнае баўленне часу без нагляду дарослых часта прыводзіць іх на патэнцыяльна небяспечныя аб’екты. І вельмі часта доступ туды ніяк не абмежаваны. Гэта кар’еры, штучныя вадаёмы, воданапорныя вежы, будоўлі, палігоны цвёрдых бытавых адходаў, невыкарыстоўваемыя будынкі сацыяльнага і вытворчага прызначэння – у пашпарце аб’ектаў, якія ўяўляюць пагрозу жыццю і здароўю людзей на тэрыторыі Ушаччыны, такіх значыцца 130, а ёсць яшчэ значная колькасць старых і трухлявых дамоў.

Набліжаецца час калядных і навагодніх святаў. Днямі мы разам з прадстаўнікамі аддзела па надзвычайных сітуацыях, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, спецыялістам па ахове працы райвыканкама наведалі аб’екты гарпасёлка, якія з’яўляюцца небяспечнымі ў першую чаргу для дзяцей. Нумарам адзін у нашым маршруце сталі будоўлі. Прама ў цэнтры вядзецца рэканструкцыя будынка старой школы пад новую музычную. Работы ідуць поўным ходам, а вось агароджа тут прысутнічае толькі часткова. Побач жа на заняткі штодня праходзіць вялікая колькасць дзяцей… Лепш у гэтым плане сітуацыя на тэрыторыі дзіцячага сада №3, дзе таксама вядзецца капітальны рамонт: тэрыторыя абгароджана, маецца папераджальная таблічка.

Рэальную пагрозу ўяўляюць збудаванні, якія раней належалі “Ушацкаму райаграсэрвісу” ў Градзянцы за вучэбным камбінатам: бетонныя і цагляныя апоры, здаецца, абрушацца пры першым жа моцным ветры. Хоць і прывабныя з выгляду, але ўжо небяспечныя тры аднолькавыя прыватныя дамы-доўгабуды на Лугавой. Аб былой магутнасці млына ў канцы вуліцы Каранеўскага сведчыць прыгожы здалёк цагляны будынак у некалькі паверхаў, а вось з бяспекай на цяперашні момант не ўсё так вясёлкава. Дзеці і падлеткі пра гэта ж не задумваюцца: пра тое, што яны бываюць у аварыйным збудаванні, падказваюць малюнкі і надпісы кшталту “Тут быў Вася” на сценах, а таксама забытыя цацкі…

Асобная тэма – вадаёмы. “Папераджальныя таблічкі “Выхад на лёд забаронены!” мы ўжо ўстанавілі на сажалках па Камсамольскай, Калінінскай, Е.Лось, каля фізкультурна-аздараўленчага комплексу і некаторых іншых”, – зазначае майстар па добраўпарадкаванні ЖКГ В.Шчэрбік. Аднак, акрамя названых вадаёмаў, якія замацаваны за ЖКГ (іх каля дзясятка), нямала ў раёне штучных копанак. І нават самыя невялікія ўяўляюць рэальную небяспеку – у  Полацкім раёне шасцігадовая дзяўчынка, якая прыехала на асеннія канікулы да бабулі і дзядулі, патанула ў маленькай сажалцы ля лазні.

Губернатарам вобласці пастаўлена задача максімальна зменшыць колькасць аварыйных і неэксплуатуемых будынкаў, прыцягваючы дзеля гэтага не толькі сродкі мясцовых бюджэтаў, а і сілы іншых арганізацый. Так, напрыклад, падчас нядаўніх вучэнняў Ушацкага раённага звяна дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны быў разбураны будынак былой канторы саўгаса “Ушацкі”.

Але ўсё ж нягледзячы на прымаемыя меры, першы заслон у справе бяспекі дзяцей – задача бацькоў. Менавіта яны сваім прыкладам павінны паказаць і растлумачыць, як трэба сябе паводзіць, каб не трапіць у бяду. У прыгаданым вышэй магілёўскім выпадку трэці хлопчык застаўся ў жывых дзякуючы наказам мамы, якая строга забараніла заходзіць у падобныя будынкі…

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *