Как ушачским мелиораторам удаётся держаться на плаву, в юбилейном интервью с руководителем предприятия В.Спирчонком

Общество

Калі б В.С.Спірчонак не пакінуў пасаду старшыні “Савецкай Беларусі”, упэўнена, гаспадарка існавала б і сёння. “У такім выпадку мы зараз, магчыма, не размаўлялі б – я мог не вытрымаць!”, – жартуе Васіль Станіслававіч, і так распачынаецца юбілейнае інтэрв’ю на абсалютна сур’ёзныя тэмы аб “лёгкім хлебе” кіраўніка.

– Калгас, участак АТП №6, прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Можаце сказаць, дзе працаваць складаней?

– Думаць трэба ўсюды, хаця на бюджэце, безумоўна, прасцей: выконваеш заказ, стабільныя расцэнкі і зарплата. Дарэчы, больш высокія, чым у нас, калі часам наогул не ведаеш, як аплаціць работу, не гаворачы пра тое, што кожны год даводзіцца шукаць яе, бо наш профіль – чыста меліярацыя – займае толькі 52 працэнты ад усіх аб’ёмаў. Ды і гэтая лічба была б меншай, калі б не падтрымка нашага дэпутата У.П.Андрэйчанкі, які дапамагае з бюджэтнымі аб’ектамі. “Сарочына”, “Воцькавічы”, “Замошша” – апошнія з іх. Пагаджаемся на любыя работы: складаныя, з невысокай рэнтабельнасцю, за межамі раёна.

– Настрой у Вас не зусім святочны. Спрацавалі горш, чым летась?

– Так, мы хоць і закончылі год з прыбыткам, аднак справіліся не з усімі заданнямі, якія ставіліся зыходзячы з папярэдняга, добрага для нас года – па выніках 2016-га занялі другое месца ў вобласці. Складанымі былі аб’екты на “Нафтане” па добраўпарадкаванні. Калі яно выконваецца ў такое нестабільнае надвор’е, як зараз, даводзіцца перарабляць па некалькі разоў. Ды і прыбытак хутчэй віртуальны, дэбіторская запазычанасць яго перавышае. А ў зімовы час цяжкасці толькі павялічваюцца: патрэбны сродкі на рамонт, водпускі, а заробкі, зразумела, не летнія.

– Да прадпрыемства меліярацыйных сістэм вельмі часта звяртаюцца як да палачкі-выручалачкі: без разлікаў па аплаце, авансаў, і вы берацеся…

– У гэтым пытанні – адказ, ці проста быць кіраўніком. Ты павінен забяспецыць калектыў работай, аднак не маеш права брацца за непрыбытковую. Рызыкуеш, аднак пагаджаешся, калі адчуваеш, што фінансаванне будзе. Дарэчы, выкарыстанне сваіх абаротных сродкаў на пачатковай стадыі – гэта ўжо хутчэй норма сённяшняга часу, чым выключэнне. А “выручалачкай” нас лічаць, бо трымаем планку многапрофільнага прадпрыемства, можам усё, хіба што не будуем. І, канечне, звяртаюцца за дробнай дапамогай, якую без нас ніхто не зробіць – ідзём насустрач, калі наша спецтэхніка знаходзіцца побач.

– Ведаю, што многія меліярацыйныя прадпрыемствы абанкруціліся, а ўшацкае на плыву, больш таго, дапамагае іншым.

– І сапраўды, банкрутамі сталі нават такія раней моцныя Валынецкае, Аршанскае, Полацкае ПМС, апошняе падпарадкоўвалася напрамую Мінску і заўсёды было з аб’ёмамі: змяніўся кіраўнік, мала стала меліярацыйных аб’ектаў – вось і не ўтрымаліся. Наша ж прадпрыемства яшчэ пры былым кіраўніку М.А.Гваздзю здолела пашырыць пералік работ, не проста захаваць калектыў, а і перапрафіліраваць спецыялістаў, таму і свае аб’ёмы выконваем, і іншым дапамагаем. Так, у апошнія гады працавалі ў Гарадку, Талачыне, Полацку, Віцебску. Нам давяраюць, маем добрую рэпутацыю, ніколі няма нараканняў на якасць, і самае галоўнае – свабодны разліковы рахунак, без даўгоў. А пры тэндарах ці субпадрадзе ўсё гэта ўлічваецца, таксама як і пацвярджэнне любога сертыфіката. Дарэчы, калі арганізацыя год не працавала, умоўна, на пракладцы каналізацыі, то ён анулюецца – і давядзецца пацвярджаць дадаткова.

– Гэта толькі пераконвае, што ўсё залежыць ад кіраўніка. Добра памятаю, у які час “нараджаўся” старшыня калгаса “Савецкая Беларусь”. Гаспадарка першай (з васемнаццаці на той час у раёне) “прэтэндавала” на званне банкрута, аднак, паўтаруся, пераканана, што калі б не Вы, яе не было б яшчэ ў канцы дзевяностых…

– У сельскай гаспадарцы, як і ў меліярацыі, скарацілася дзяржаўнае фінансаванне, і сельгаспрадпрыемствы пачалі развальвацца. Трымаліся там, дзе захаваліся моцныя кіраўнікі. У нас пасля А.А.Ляшчынскага іх змянілася многа, аднак свяціла банкруцтва. Гэта была мая гаспадарка, дзе трактарыстам адпрацаваў усё жыццё бацька, даяркай – маці. Тут я вырас, сюды вярнуўся механікам, ведаў людзей. Таму і пагадзіўся на старшынства, напэўна, спрацавала здаровае самалюбства. І не сорамна сёння жыць у аграгарадку, глядзець у вочы землякам: мы тады ўтрымаліся, хоць гаспадарка мела самую горшую ў раёне бальнасць зямлі. Адрадзілі травы, штогод на чвэрць аднаўлялі ўласнымі цялушкамі дойны статак, атрымлівалі добрыя надоі, а пазней і далучылі “Дубраўку”, узяўшы яе імя.

– А яшчэ кожны год за ўласныя сродкі рэканструявалі па адной ферме, і нават райсельгасхарч не ведаў, адкуль пры вялікім дэфіцыце тэхнікі, калі на раён прыходзілі адзінкі, у вас з’яўляліся новы камбайн ці машына.

– Без тэхнікі мы б нічога не зрабілі. Таму праз аблвыканкам дабіўся, каб нам далі шэфам “Полацк-Шкловалакно”, падключаў уласныя сувязі і ішоў да зусім незнаёмых людзей – завязваў дзелавыя адносіны, якія з часам станавіліся сяброўскімі. Вельмі многа залежыць ад уласных кантактаў. На тым жа “Нафтане” за 12 гадоў нашай там работы ў якасці субпадрадчыка ўжо некалькі разоў мяняўся генеральны падрадчык, і кожны раз прыходзіцца наноў усталёўваць сувязі. Наогул, сёння кіраўнік проста абавязаны быць маркетолагам, забеспячэнцам, юрыстам, эканамістам і нават празорліўцам, які бачыць на некалькі крокаў наперад.

– У савецкія часы, калі ў спецыяліста без дыплома інстытута прымячалі здольнасці кіраўніка, яго накіроўвалі ў Вышэйшую партыйную школу. Вы ж заступілі на пасаду, маючы дыплом аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а ўжо пасля атрымлівалі “вышку”.

– У ВПШ мне накіраванне таксама давалі – калі вярнуўся з чырвоным дыпломам з Гарадоцкага тэхнікума. Адмовіўся, паколькі ажаніўся, хацелася хутчэй стаць на ногі. Ужо пазней павышаў багаж ведаў у Расійскай гуманітарнай акадэміі, атрымаў спецыяльнасць юрыста. Вучымся мы ўсё жыццё, у тым ліку ў новых людзей падчас знаёмстваў. У нас добрыя сяброўскія адносіны паміж меліярацыйнымі прадпрыемствамі вобласці, выручаем адзін аднаго – добра, калі адчуваеш “плячо”. Люблю размаўляць з маладымі спецыялістамі, якія прыходзяць па размеркаванні: гляджу, ці здольны на наватарства, кіраваць падначаленымі. Спачатку лепім чалавека, а потым прафесіянала. І нічога б не зрабіў без каманды, а ў нас на прадпрыемстве моцныя спецыялісты і працавітыя работнікі.

– Хто забяспечвае Ваш тыл?

– Жонка, дачка, якая нядаўна падарыла нам унука, і сын – працуе на “Нафтане” і завочна вучыцца. Яшчэ браты і сёстры – нас шасцёра. А вось бацькоў няма даўно, я малодшы. Тата, Станіслаў Маісеевіч, наогул рана памёр: адбілася знаходжанне ў двух канцлагерах: трапіў у палон моцна параненым шаснаццацігадовым партызанам. Бацькі прывучалі нас не проста да працы, а і распараджацца заробленым: кожнаму на агародзе быў выдзелены ўчастак, на якім расцілі ўсё, а потым прадавалі і набывалі сабе тое, што хацелі. Цяжка было, аднак праца яшчэ нікога не сапсавала.

– Чым любіце займацца ў вольны час?

– Вырасшы ў Янове на беразе аднайменнага возера, канечне, рыбачыць: хадзілі з равеснікамі з крыгай, сядзелі з вудамі – некалі ў нашай вёсцы толькі дзяцей было пад сотню. Але зараз рыбалку замяніў трусагадоўляй. Па-ранейшаму люблю “ціхае паляванне”, падтрымаю кампанію, у якой магу паспяваць і ўзяць у рукі гармонік. Калі пайду на пенсію, мяркую паставіць некалькі калод пчол – для душы. Жонка любіць кветкі, таму з падарожжаў, у прыватнасці з Галандыі, вёз ёй заморскія дзівы, якія яна развяла. Дом у мяне той, што некалі выдзеліла гаспадарка – у Вяркудах. Меркаваў ва Ушачах пабудавацца, ды на сябе ўсё часу не стае…

Гутарыла Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *