Молодой инженер-технолог Ушачского райпо Анастасия Баранич успешно справляется со своими обязанностями

Образование и молодежь

Інжынер-тэхнолаг Анастасія Бараніч – менавіта той спецыяліст аддзела грамадскага харчавання райспажыўтаварыства, дзякуючы якому на паліцы гандлёвых кропак трапляюць толькі цалкам якасныя пірожныя, пячэнне і тарты. Падгарэлі крыху бакі выпечкі, не той кансістэнцыі крэм, упакоўка з вырабам важыць менш, чым трэба – гэта пакупнікам наўрад ці прыглянецца, як і парушаная рэцэптура, з-за чаго змяняецца смак. Зрэшты, прыгаданыя вышэй выпадкі – рэдкія выключэнні, бо кандытары стараюцца такога не дапушчаць і не адправяць на праверку тэхнолагу, а таксама інжынеру па якасці няўдалы прадукт, ужо падрыхтаваўшы яго да рэалізацыі. Тым не менш, кантроль павінен быць абавязкова.

А прыглянецца пакупнікам, напэўна, новае пірожнае, якое з’явілася на прылаўку дзякуючы маладому спецыялісту. Анастасія прапанавала напрыканцы мінулай восені прыгатаваць вафельныя ражкі, начыненыя вяршковым крэмам. Патрэбнае абсталяванне было, справа не застопарылася. У выніку ласунак прыйшоўся ўшачанам да спадобы і прыжыўся ў асартыменце.

А акурат перад запускам навінкі ў вытворчасць Насця з кандытарам IV разраду Аленай Матвеевай прынялі ­ўдзел у абласным конкурсе прафесійнага майстэрства ў Дуброўне. Сярод іншага прадстаўлялі вясельны торт, пірожныя кап-кэйкі. Як першае, так і другое патрабуе амаль ювелірнай работы ў аздабленні каржоў масцікай, у падрыхтоўцы так званых салодкіх бараў. Зрэшты, гэта была не першая працоўная камандзі­роўка Анастасіі ў названы горад – раней ёй давялося прадстаўляць там раён на абласных “Дажынках”.

Улічваючы, што ўлетку Анастасія была яшчэ студэнткай Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання, можна канстатаваць, што яе кар’ера развіваецца добрымі тэмпамі. Адразу пасля атрымання дыплома Анастасія выйшла замуж і прыехала на сваю малую радзіму ў Сарочына. У райцэнтры была вакансія па яе адукацыі. А маладыя ў хуткім часе прыдбалі тут сабе дом. Сама дзяўчына не чакала, што адразу стане кіраўніком. У калектыве яна знайшла і маральную, і прафесійную падтрымку, дзякуючы калегам нават асвоіла новыя для яе азы тэхналагічнай калькуляцыі.

Увогуле ж, па словах маладога тэхнолага, навучанне ў магілёўскай ВНУ дае шырокія веды. Падчас практыкі Насця паспела азнаёміцца з вытворчасцю вядомай “Віцьбы”, хлебазавода і камбіната хлебапрадуктаў у Полацку. Паколькі ўніверсітэцкая спецыялізацыя прадугледжвала авалоданне ведамі аб выпуску кандытарскіх, хлеба-булачных, макаронных вырабаў і харчовых канцэнтратаў, апошняя практыка, дзе трэба было разбірацца ў рабоце з зернем, пашырыла веды і кваліфікацыю.

Зараз у падначаленні Анастасіі шэсць спецыялістаў-кандытараў. На лінейцы ж вытворчасці – 17 булачных вырабаў, 28 пірожных, 14 тартоў, 10 відаў пячэння. Распрацоўваюцца і новыя прапановы амаль у кожнай катэгорыі. Вялікім плюсам інжынер-тэхнолаг лічыць натуральныя інгрэдыенты іх прадукцыі. У вытворчасці сеткавых магазінаў іх менш. Там, безумоўна, высокая канкурэнцыя і вялікія аб’ёмы. Каб вырабы дакладна прадаліся, яны павінны мець доўгі тэрмін прыдатнасці, адпаведна ўтрымліваць магутныя кансерванты. Прыцягальнай жа прадукцыю нашага райспажыўтаварыства робіць яшчэ і пераважна ручная праца, высокая кваліфікацыя ўсіх работнікаў.

Вольга СЕВЕРЫНА.

Ушацкія тарты даўно заваявалі прыхільнасць не толькі мясцовых пакупнікоў, таму доўга не затрымліваюцца на прылаўках – толькі за некалькі навагодніх дзён было выраблена каля 500 кілаграмаў гэтых салодкіх ласункаў. Іх асартымент, дарэчы, нядаўна папоўніўся новым найменнем – торт “Ванільны пламбір” ужо ацанілі спажыўцы. Таксама кандытары прапануюць паспрабаваць пірожнае “Таронта”, а ў хуткім часе абяцаюць парадаваць і новым пячэннем уласнай вытворчасці.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *