Автомобильные пожары — не редкость. Выбираем огнетушитель для авто

Cлужба-101

Аўтамабільныя пажары нярэдкасць: па статыстыцы МНС толькі ў сталіцы кожны чацвёрты пажар адбываецца на транспарце. У выпадку кароткага замыкання і ўзгарання аўто можа цалкам выгарэць за 3-5 хвілін. Тым часам вогнетушыцель, які можа дапамагчы ў крытычнай сітуацыі, для многіх аўтаўладальнікаў ператвараецца толькі ў неабходны атрыбут удалага праходжання тэхагляду.

Які выбраць?

Аўтамабілі традыцыйна камплектуюцца парашковымі ці вуглекіслотнымі вогнетушыцелямі. Прызначэнне ў іх адно – спыніць доступ кіслароду да ачага гарэння, але патрэбны эфект яны забяспечваюць па-рознаму. Парашок, распыляючыся, пакрывае паверхню і перашкаджае паўторнаму ўзгаранню, але дзейнічае лакальна, а пры выкарыстанні ў ветранае надвор’е яго і без таго невысокая эфектыўнасць можа быць зведзена да нуля. Вуглекіслата мае эфект астуджэння і здольна пранікаць у цяжкадаступныя месцы, куды парашок можа не дабрацца, але не перашкаджае паўторнаму ўзгаранню. Важны момант і аб’ём прылады: літровыя прыборы, якія часта купляюць аўтамабілісты, дрэнныя памочнікі ў тушэнні пажару, лепш за ўсё набыць пяцілітровыя. Яшчэ адно істотнае адрозненне – кошт: вуглекіслотны амаль у два разы даражэй парашковага.

Як карыстацца?

Большасць вадзіцеляў, асабліва жанчыны, не ведаюць, як карыстацца вогнетушыцелем. Да такой высновы кожны год прыходзяць выратавальнікі сумесна з ДАІ падчас правядзення акцыі “Бяспечны аўтамабіль”. Купіўшы вогнетушыцель, адразу ж азнаёмцеся з інструкцыяй. Парадак дзеянняў для кожнай канкрэтнай прылады можа адрознівацца, таму не будзе лішнім запомніць, як працуе менавіта ваш. Парашковым вогнетушыцелем трэба карыстацца з адлегласці 2-3 м, а вуглекіслотны нельга трымаць за металічны раструб, таму што газ пры выхадзе  дасягае тэмпературы мінус 70 градусаў, што можа выклікаць абмаражэнне. Каб патушыць узгаранне неабходна: сарваць пломбу, выдзернуць чаку, накіраваць раструбам на ачаг узгарання, націснуць на рычаг.

Дзе захоўваць?

Трымаць вогнетушыцель трэба ў лёгкадаступным месцы, пажадана, каб ён быў замацаваны і не катаўся дзеcьці пад сядзеннямі або ў багажніку, што акрамя пашкоджанняў корпуса можа прывесці да дэфармацыі і закліноўвання чакі. Ну і, зразумела – ён не павінен награвацца на сонцы. Калі на вогнетушыцелі ёсць індыкатар ціску, трэба сачыць за яго паказаннямі і своечасова адвозіць прыладу на “рэанімацыю”.

Важныя дробязі

Пераканацца ў “працаздольнасці” вогнетушыцеля да яго пакупкі немагчыма. Адзінае, што можна зрабіць – акуратна і асцярожна праверыць, наколькі свабодна вызваляецца чака, якая прыводзіць прыладу ў стан баявой гатоўнасці. Лепш за ўсё адправіцца за вогнетушыцелем у спецыялізаваны магазін, сертыфікаваны тавар гарантуе дапамогу ў выпадку пажару. Вогнетушыцель абавязкова трэба перазапраўляць – парашковыя кожныя 1,5 года, а вуглекіслотныя – 1 раз у 5 гадоў. Тэрмін службы вогнетушыцеля звычайна складае ад 1,5 года да 5-7 гадоў.

!! За2017 год ушацкім выратавальнікам тройчы даводзілася выязджаць на тушэнне аўтамабіляў.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *