Как аграрии Ушаччины готовы к посевной кампании?

Сельское хозяйство

У цудоўнай беларускай казцы «Смачны хлеб», як вядома, размова iдзе аб тым, што араты ваўку, якi хацеў яго з’есцi, узамен прапанаваў лусту хлеба. Той драпежніку надта спадабаўся і ён стаў распытваць мужыка, што трэба ра­бiць, каб кожны дзень мець кавалак такога смачнага бохана. Але, даведаўшыся аб даўжыні «тэхналагiчнага ланцужка», на другім канцы якога атрымлiваецца хлеб, воўк прыйшоў да простай думкi: хлеб смачны, але ж надта цяжкі… Мы ж жывём не ў казцы – вельмі няпроста працаўнікам вёскі, якія гэтым часам заходзяцца на самым пачатку таго ланцужка. Аб тым, як аграрыі рыхтуюцца да старту земляробчага цыкла, аб планах правядзення сяўбы наша інтэрв’ю з першым намеснікам начальніка райсельгасхарча С.А.БЕЛАГРЫЎЦАВЫМ:

– Сяргей Аляксандравіч, якімі справамі заняты зараз земляробы?

– У час, які застаўся да пачатку сяўбы, кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў трэба прыкласці максімум намаганняў для завяршэння рамонту тэхнікі. Але па вялікім рахунку, палявыя работы распачаліся ўжо даўно. Падсеў траў выкананы ў ААТ “Агра-Селішча” на 200 гектарах, КУСГП “Вялікадолецкае” – на 297, ААТ “Ільюшынскі” – 270. ДП “Маяк-Ушацкі” плануе гэтыя работы з пачаткам вегетацыйнага перыяду, будуць займацца падсевам траў КУСГП “Арэхаўна”, дзе ёсць 2,5 тоны насення, і КУСГП “Кублічы”. Вывозілася арганіка, якую будзем уносіць пад сяўбу кукурузы.

– Якая сёлета будзе структура пасяўных плошчаў?

– Ва ўмовах дэфіцыту мінеральных угнаенняў яе неабходна якасна палепшыць, падбіраць пад зерневыя найлепшыя папярэднікі. У структуры ворыўных зямель – а гэта 22426 гектараў – зерневыя і зернебабовыя па плане зоймуць 50 працэнтаў: 11300 гектараў, з іх вясной трэба пасеяць 8258. Лічба сур’ёзная, бо гэта больш чым у мінулым годзе амаль на 2 тысячы гектараў. Астатнія 50 працэнтаў плануецца заняць рапсам (15 працэнтаў), кармавымі адналетнікамі пад сянаж (5), кукурузай (10). Дваццаць працэнтаў адведзена пад шматгадовыя травы з перавагай бабовых – канюшыны, люцэрны, баркуну. Іх, напрыклад, можна ўбраць у жніўні і пасеяць потым азімыя зерневыя. Плануецца 3390 гектараў зернебабовых – зерневы гарох, лубін, віка.

– Праблема мінулых гадоў – недахоп падрыхтаванага ворыва…

– Графік працы будзе вельмі напружаны. Самыя вялікія аб’ёмы – у “Вялікадолецкім”, “Ільюшынскім” і “Глыбачанах”. А вось у ААТ “Дземенец” аб’ём веснавога ворыва толькі 50 гектараў – амаль усе плошчы, 1400 гектараў, мясцовыя земляробы запрацавалі восенню, што з’яўляецца добрым прыкладам гаспадарчага падыходу, бо вясной вельмі шмат работ, а тэрміны сціслыя. Усяго ж у гаспадарках з восені ўзнята зябліва на плошчы 7617 гектараў, да якіх неабходна дадаць вясной 7075. Сельгаспрадпрыемствам таксама неабходна тэрмінова завяршыць падрыхтоўку глебаапрацоўчых агрэгатаў: дыскатараў, чызеляў, барон. З улікам нормы дзённай выпрацоўкі і гатоўнасці наяўнай тэхнікі “Вялікадолецкае”, напрыклад, павінна справіцца з падрыхтоўкай глебы за 8 дзён, “Агра-Селішча” – за 8, “Ільюшынскі” і “Дземенец” – за 11. А вось “Глыбачанам” і “Кублічам” пры самых аптымістычных прагнозах на гэта патрабуецца адпаведна 23 і 25. Зразумела, што без дапамогі тут не абысціся.

– Што з трактарамі, іх гатоўнасцю?

– Іх у гаспадарках маецца 157 адзінак усіх мадыфікацый. Асаблівая ўвага, канечне, энерганасычаным – такіх у пасяўной будзе задзейнічана 31, з іх 17 ужо падрыхтаваны. Самая складаная сітуацыя ў гэтым плане ў “Глыбачанах” і “Арэхаўне”. Плануецца аказаць ім фінансавую дапамогу з бюджэту, бо самастойна з гэтай задачай ім не справіцца.

– Але ж ад  падрыхтоўкі тэхнікі напрамую залежаць і тэрміны сяўбы.

– З улікам наяўнасці пасяўных агрэгатаў АПП-6, АПП-3, СЗ-4,2, СЗ-3,6 у гаспадарках раёна зараз пралічваюцца такія інтэрвалы часу сяўбы зерневых і зернебабовых: “Агра-Селішча” і “Дземенец” павінны ўкласціся ў два тыдні, нягледзячы на значныя плошчы не намнога большыя тэрміны ў “Вялікадолецкім” і “Ільюшынскім” – 17 і 18 дзён адпаведна. А вось, напрыклад, у “Арэхаўне”, дзе неабходна пасеяць звыш тысячы гектараў яравых зерневых і зернебабовых культур, маецца ўсяго адзін пасяўны агрэгат. Таму нават калі не будзе паломак і паспрыяе надвор’е, сяўба зойме не менш 36 дзён. Такіх тэрмінаў мы, канечне, не маем.

– Якое выйсце?

– Будзем перакідваць тэхніку, гаспадаркі будуць супрацоўнічаць. “Маяк- Ушацкі”, “Агра-Селішча”, “Ільюшынскі”, “Вялікадолецкае” і “Кублічы” зараз перажываюць перыяд уваходжання ў склад інтэграцыйнай структуры на базе Полацкага КХП, што дазволіць палепшыць іх забяспечанасць угнаеннямі, тэхнікай, узняцца на новы ўзровень вытворчасці. У бліжэйшыя дні на пляцоўку “Маяка-Ушацкага” павінны пасту­піць чатыры энерганасычаныя трактары К-744, ёсць сучасныя глебаапрацоўчыя агрэгаты. Будзе сфарміраваны мехатрад, які акажа дапамогу гаспадаркам у правядзенні пасяўных работ. Наогул, трэба адзначыць, што сельскагаспадарчая галіна знаходзіцца ў стадыі глыбокай рэформы. Працэдуру ліквідацыі праходзіць ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, у складзе якога знаходзіліся землі 6 былых гаспадарак – чвэрць сельгасугоддзяў раёна, якія неабходна будзе ўвесці ў абарот.

– Ці хопіць насеннага фонду?

– Для сяўбы яравых зерневых і зернебабовых культур неабходна 1730 тон насення, маецца 1701. У фізічнай вазе не хапае ўсяго 29 тон. Але з улікам кандыцыйнасці насення – усходжасці, засмечанасці – патрабуецца замена 381 тоны. Гаспадаркі, якія маюць некандыцыйны насенны фонд, заключылі дагаворы з іншымі сельгаспрадпрыемствамі на набыццё эліты і насення годных рэпрадукцый. Усяго плануецца закупіць эліты зерневых і зернебабовых культур не менш чым 140 тон. 55 ужо набыта.

– Ці ёсць праблемныя моманты ў арганізацыі работ?

– Патрабаванні губернатара на ўсіх нарадах – якасць работ. Нягледзячы на вопыт кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак, механізатараў, маюць месца выпадкі няякаснай працы. “Перарабляць” – гэта значыць павялічыць расход дарагіх рэсурсаў, траціць рабочы час. Механізатараў не хапае, таму з арганізацый і прадпрыемстваў раёна будзе прыцягнута каля двух дзясяткаў чалавек – патрабаванні па якасці высокія да ўсіх. Ажыццяўленне кантролю за ходам работ ускладзена на адказных асоб райвыканкама і райсельгасхарча, а належная іх арганізацыя – на кіраўнікоў гаспадарак.

– Якія яшчэ асаблівасці хуткай пасяўной кампаніі?

– 255 тон паліва выдзелена і размеркавана па гаспадарках. Асобная ўвага – спраўнасці сельгасмашын, трактароў, іх тэхнічнаму стану – яго агляд павінен праводзіцца перад кожным выездам. Норму высеву культур трэба ўстанаўліваць на пляцоўцы, а ў полі толькі праводзіць даводку, наладку. Каб не буксаваць, павысіць прадукцыйнасць працы і зэканоміць паліва, энерганасычаныя трактары павінны быць аснашчаны спаранымі коламі.

Вялікая ўвага надаецца глыбокай культывацыі, збору камянёў, з-за якіх выходзіць са строю дарагая тэхніка ў час нарыхтоўкі кармоў. Пры падсеве траў неабходна выкарыстоўваць толькі сеялкі СПУ і СЗТ, фосфарныя ўгнаенні пры сяўбе зерневых уносіць лакальна, не эканоміць на сродках аховы раслін. Напрыклад, пад рапс абавязкова трэба добра выраўнаваць глебу, каб павялічыць гушчыню парасткаў і хуткасць іх прарастання. У нашай справе шмат акалічнасцей і ўсе яны важныя, бо кожная ўплывае на канчатковы вынік.

Гутарыў Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *