Ушачане могут принять участие в акции «Бессмертный полк»

Общество

З мінулага года са сцяны на мяне паглядаюць дзяды. Партрэты фармату А-4 у драўлянай рамцы з’явіліся ў маі. Да Дня Перамогі я спецыяльна аднесла ў фотаатэлье два здымкі, і спецыяліст з групавых маленькіх фотакартак вылучыў, павялічыў, апрацаваў твары родных, якіх ніколі не бачыла. Іх не было, калі раслі іх дзеці, мае бацькі, яны не ведаюць, што ў іх нарадзіліся ўнукі. Але яны жылі ў нашай памяці ўсе пасляваенныя гады.

А летась мае Фама Якаўлевіч Караленка і Герасім Паўлавіч Усанаў упершыню прайшлі бессмяротным палком. Пераможным палком, якім не давялося прайсці ў 1945-м, хоць і набліжалі яны тую дарагую Перамогу. Праўда, калона была пераважна са школьнікаў, што неслі партрэты як сваіх родных, так і незнаёмых ім людзей. Дарослых жа, што замацавалі да дрэўка партрэты ці проста трымалі ля грудзей такія ж рамкі фармата А-4, было зусім нямнога. А шкада. Бо на Ушаччыне няма сям’і, у якой бы не ваяваў нехта з родных. А тых, хто можа прайсці ў калоне самастойна, засталося вельмі мала. Амаль не засталося.

Аднак у нашых сілах уваскрэсіць наш ушацкі полк, узяць з сабой дзяцей, унукаў, з гонарам пранесці па вуліцах гарпасёлка і на мемарыяльным комплексе “Прарыў” выявы дарагіх герояў і ў чарговы раз адчуць, што іх ахвяра недарэмна.

Сёлета калона “бессмяротнага палка” будзе фарміравацца 4 і 9 мая. Цудоўна, калі ўзначаляць яе дзеці ваяваўшых бацькоў, савет ветэранаў заклікае прыняць удзел у акцыі як старэйшае пакаленне, так і моладзь. Пазней мы паведамім дакладны час і месца збору. Ну а зараз яшчэ ёсць магчымасць зрабіць партрэты сваіх ваяваўшых продкаў. Дарэчы, прыватны прадпрымальнік Віктар Мікалаевіч Ярмош робіць такія здымкі па самых нізкіх расцэнках: 3 рублі 50 капеек.

Рэдакцыя ж звяртаецца да ўсіх нашых чытачоў з прапановай падзяліцца ўспамінамі пра сваіх ваяваўшых продкаў. Прыносьце фота ці дасылайце на электронны адрас рэдакцыі, у групы “Патрыёта” “ВКонтакте” або “Одноклассники”, абавязкова падпісвайце, паведамляйце, дзе ваяваў, назву фронту, званне, кім быў у Чырвонай Арміі, за што і дзе ўзнагароджаны, цікавыя моманты з баявой ці даваеннай біяграфіі. І абавязкова пакідайце свае кантакты. Мы змесцім звесткі калі не на старонках газеты, то на сайце. І такім чынам створым бессмяротны ўшацкі полк.

В. КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *