Более 20 лет посвятил органам внутренних дел Пётр Васильевич Коробов

Экономика и малый бизнес

У органах унутраных спраў ён адслужыў 21 год і 3 месяцы. Адны лічылі яго прынцыповым, другія – прагрэсіўным, трэція – жорсткім. У кожнага вадзіцеля было сваё меркаванне аб яго ініцыятывах, але ў нашым раёне і Наваполацку, дзе ён працаваў раней, усе ведалі, хто такі П.В.Корабаў. Ну а гэтымі днямі яго імя ва Ушачах гучыць асабліва часта: павіншаваць Пятра Васільевіча з юбілеем спяшаюцца не толькі родныя, сябры, калегі, але і ўсе тыя, каму давялося мець зносіны з гэтым цікавым і справядлівым чалавекам.

Нарадзіўся Пётр Васільевіч у простай сям’і рабочых у вёсцы (цяпер аграгарадок) Вяркуды. З дзяцінства захапляўся тэхнікай і не раз уяўляў сябе за рулём аўтамабіля, што і вызначыла яго далейшы прафесійны шлях. Пасля заканчэння школы П.В.Корабаў некаторы час працаваў шафёрам калгаса “Савецкая Беларусь”, а ў 1981-м быў прызваны ў армію, службу праходзіў на ракетнай базе атамных падводных лодак у Мурманскай вобласці. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся на малую Радзіму, але ўжо ў лістападзе 1984-га мужчына знайшоў для сябе больш прывабную вакансію міліцыянера-вадзіцеля ў Наваполацку. А калі ва Ушацкім РАУС з’явілася вакансія старшага інспектара ДПС, без сумненняў перавёўся сюды. Завочна скончыў Арлоўскую сярэднюю спецыяльную школу Міністэрства ўнутраных спраў СССР. Некаторы час працаваў інспектарам па адміністрацыйнай практыцы групы ДАІ, а з кастрычніка 1994-га, дзякуючы адказнаму падыходу да справы, высокія паказчыкі ў рабоце, назначаны начальнікам падраздзялення.

На гэтай пасадзе герой нашага аповеду адпрацаваў 15 гадоў. Прычым, не сядзеў, як многія ўяўляюць, за паперамі – гэтак жа, як і яго падначаленыя, выходзіў на дарогу, спыняў парушальнікаў, працаваў на месцах аварый. Паніжэнне смяротнасці ад ДТЗ для П.В.Корабава ніколі не было проста радком у справаздачы. Ён асабіста выязджаў на аварыйна-небяспечныя ўчасткі і разам з калегамі распрацоўваў варыянты ўдасканалення дарожнай сеткі. За гады службы не раз даводзілася Пятру Васільевічу і фізічную сілу прымяняць, і гонкі па бездарожжы ўстройваць. Не тое, што сумаваць, паабедаць часу не заўсёды хапала. Што ж датычыцца зносінаў з калегамі, то ён аддаваў перавагу рабоце ў камандзе, а не камандаванню.

Такія ж прынцыпы “раўнавагі” выкарыстоўваў П.В.Корабаў і з блізкімі. Сваю другую палавіну – Ларысу Аляксандраўну Ясюк – мужчына знайшоў на Ушаччыне яшчэ да службы ў арміі. Час і адлегласць не пагасілі гарачых пачуццяў – пасля вяртання Пятра Васільевіча з войска згулялі вяселле. І па сённяшні дзень яны захоўваюць давер адзін да аднаго, павагу і паразуменне.

Сапраўдным шчасцем для сям’і стала з’яўленне на свет дачушкі. Кантакт з ёю Пётр Васільевіч наладжваў “загадзя”, прыціснуўшы вуха да жывата цяжарнай жонкі. А калі ўпершыню пачуў крык нованароджанай, заўсёды стрыманы і спакойны, заплакаў ад шчасця. “У нас з татам на рэдкасць цёплыя адносіны, – расказвае ўжо дарослая Ганна. – Ён заўсёды быў і застаецца для мяне ідэалам мужнасці, стойкасці. Менавіта пад яго пачаткам навучылася хутка вадзіць машыну. Ды і тое, што сваё прафесійнае жыццё звязала з органамі ўнутраных спраў, таксама яго заслуга”. Дарэчы, да юбілею П.В.Корабава – як своеасаблівы яму падарунак і доказ годнага выхавання дачкі – яна атрымала чарговае званне капітана міліцыі.

“Ні дня без работы над сабой!” – такі дэвіз у Пятра Васільевіча. Пасля службы ў органах ён не стаў сядзець склаўшы рукі – уладкаваўся ў ДТСААФ у Полацку, быў вадзіцелем на ўшацкім прадпрыемстве меліярацыйных сістэм, у ПМК-66, а зараз працуе ў філіяле “Маяк-Ушацкі” Полацкага КХП. І ўсюды яго паважаюць, да мудрых парад прыслухоўваюцца. Лепшы доказ таго, што ўсё ў сваім жыцці ён робіць правільна.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *