Летний призыв

Наш современник Общество

Зараз гарачая пара не толькі для студэнтаў, абітурыентаў, работнікаў сельскай гаспадаркі. Гэта і летні прызыў маладых людзей у войскі нашай краіны. Пад цяперашні набор трапіў і Андрэй Пятніца з вёскі Глыбачка. Як ён прызнаецца, ніколькі не засмуціўся, калі атрымаў павестку, бо пайсці служыць хацеў даўно. Ды і карані не дазваляюць павесці сябе інакш: служыў бацька, старэйшы брат. А прадзед, чым мог, дапамагаў партызанам.
Андрэй скончыў Вяркудскую сярэднюю школу. Затым вучыўся ў Ветрыне, пазней – У Барысаўскім тэхнічным каледжы лясной гаспадаркі. Як вынік – дзве спецыяльнасці: вадзіцель грузавога аўтамабіля і ляснік.
Юнак, пра якога пішу, адпрацаваў год у Глыбачанскім лясніцтве. На маё пытанне, як ён ставіцца да сваёй будучай службы ў войску, адказвае, што жадае аддаць даніну сваёй Радзіме, як нашы дзяды і прадзеды, за мірнае неба над галавой.
Маці Андрэя, Таісія Макараўна Пятніца, увогуле падзяляе памкненні сына, але разумее: мацярынскае сэрца спакойна яго не адпусціць. Будуць і бяссонныя ночы, і бясконцыя хваляванні.
Месца службы юнака прадвызначыла спецыяльнасць, атрыманая ў Ветрыне. Андрэй ідзе служыць у аўтамабільныя войскі. Да таго ж, сэрца ляжыць да гэтай справы.
Пра свае планы на будучае Андрэй гаворыць упэўнена. Пасля службы мяркуе развівацца ў абранай прафесіі.
– Я лічу, што нашаму раёну патрэбны кваліфікаваныя спецыялісты. І сфера лясной гаспадаркі не з’яўляецца выключэннем, – гаворыць юнак.
Ну што ж, хочацца пажадаць Андрэю лёгкай службы, новых сяброў, вяртання ў родныя мясціны. Няхай усё збываецца і потым.
К.ГАЙКО,
студэнтка Віцебскага
дзяржуніверсітэта
імя П.М.Машэрава.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *