Курган Дружбы в 59-й раз стал местом встречи ветеранов Беларуси, России и Латвии

Общество

У чаканні пачатку афіцыйных мерапрыемстваў на Кургане дружбы, дзе ў нядзелю, 1 ліпеня, праходзіла 59-ая міжнародная сустрэча ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху Беларусі, Расіі і Латвіі, міжволі праводзіў паралелі з урачыстасцямі на нашым мемарыяльным комплексе “Прарыў”. Агульнага хапае: атмасфера свята, элементы рэканструкцыі падзей ваеннага ліхалецця, выступленні лепшых творчых калектываў. Але галоўнае – увага да мерапрыемстваў на дзяржаўным узроўні. І да нас на Ушаччыну, і ў Верхнядзвінскі раён пакланіцца подзвігу народа напярэдадні знакавых дзяржаўных святаў, ушанаваць памяць ахвяр вайны, загінуўшых абаронцаў, якія кавалі Вялікую Перамогу і адстаялі нашу Незалежнасць, прыязджае кіраўніцтва рэгіёну, дэлегацыі ўсіх раёнаў Прыдзвіння.

Ганаровы грамадзянін Апочацкага раёна Віктар Паўлавіч Парамонаў на Кургане дружбы – у мясцінах, дзе ў 1943-1944 гадах яшчэ непаўналетнім юнаком са зброяй у руках змагаўся з фашысцкімі захопнікамі, аднолькава камфортна адчувае сябе як на расійскай, так і на беларускай частцы мемарыяла. Яго стварылі ў памяць аб гераізме і мужнасці беларускіх, рускіх і латышскіх партызан, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны змагаліся з фашызмам на стыку трох рэспублік былога Савецкага Саюза. Значны па плошчы комплекс складаецца з некалькіх аб’ектаў. Гэта помнікі маладым героям-падпольшчыкам з беларускай вёскі Прошкі, себежскай партызанцы Марыі Пынто і Герою Савецкага Саюза латышу Іманту Судмалісу. Памятны камень з імем апошняга, ды і сам Курган Дружбы, знаходзяцца непадалёк. А вось дабрацца да іх В.Парамонаву зараз вельмі складана. І справа нават не ў пратэзе замест страчанай на вайне нагі і значным узросце – з распадам савецкай дзяржавы і ўтварэннем самастойных рэспублік на кавалкі распаўся і мемарыял. І каб сёння наведаць яго латышскую частку, неабходна накіроўвацца не на масток праз невялікую рачулку, а найперш у пасольства Латвійскай Рэспублікі – мяжа з ёй у адрозненні ад нашай краіны і Расійскай Федэрацыі зусім не празрыстая.

– Гэта ў савецкія часы тры рэспублікі па чарзе адказвалі за падрыхтоўку ветэранскіх сустрэч на Кургане, – расказвае намеснік кіраўніка адміністрацыі Апочацкага раёна Пскоўскай вобласці Уладзімір Ігаравіч Палулях, які суправаджаў ветэранаў сваёй дэлегацыі. – З 1991 года Латвія не толькі перастала ўдзельнічаць у іх афіцыйна, а і адмовілася прапускаць удзельнікаў з нашага і беларускага бакоў для ўскладання кветак – мы іх можам толькі перадаць… А на сапраўды брацкім беларускім баку мы як дома. Сёлета менавіта ваша краіна адказвае за падрыхтоўку сустрэчы і няма сумненняў, што ўсё будзе арганізавана належным чынам.

Між тым, нягледзячы на ўсе перашкоды, у мерапрыемствах кожны год прымае ўдзел і латвійская дэлегацыя – у многіх жыхароў прыбалтыйскай рэспублікі свае погляды на гісторыю і яны працягваюць шанаваць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. У адрозненні ад кіраўніцтва іх краіны, у якога павагай карыстаюцца так званыя “лясныя браты” і ветэраны дывізіі Вафен-СС, ваяваўшыя на баку гітлераўскай Германіі.

Пра гэта казалі прадстаўнікі латышскай дэлегацыі, якіх хлебам-соллю сустракалі на беларускай частцы мемарыяла кіраўнікі памежных рэгіёнаў – старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалай Мікалаевіч Шарснёў і Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў, выконваючы абавязкі губернатара Пскоўскай вобласці Міхаіл Юр’евіч Вядзернікаў, старшыні і дэлегацыі раёнаў Віцебшчыны, Пскоўшчыны, прадстаўнікі шматлікіх ветэранскіх і грамадскіх аб’яднанняў. Падчас урачыстага мітынгу разам з дзяржаўнымі сцягамі краін-удзельніц сустрэчы быў упершыню ўзняты зацверджаны сцяг мерапрыемства.

– У нас адзінае мінулае, нашы народы прынеслі вялізныя ахвяры ў імя Перамогі. І нашу агульную гісторыю немагчыма ўявіць без Кургана дружбы, месца, куды мы прыходзім пакланіцца ўсім, хто абараняў Радзіму са зброяй у руках, стаяў ля станкоў у тыле, – казаў у сваім выступленні У.У.Цярэнцьеў.

У наваколлі Кургана дружбы ў гады Вялікай Айчыннай вайны як і ў нас на Ушаччыне на сотні кіламетраў раскінуўся партызанскі край, супраць якога фашысты ладзілі карныя экспедыцыі. Толькі ў Себежскім раёне яны сцерлі з твару зямлі звыш двухсот вёсак, многія – разам з жыхарамі. Неўзабаве манументы ў памяць загінуўшых патанулі ў моры кветак, карзіну перадалі і на латвійскі бок. Епіскап Вялікалукскі і Невельскі Сергій адслужыў памінальную літыю і малебен у капліцы Сергія Раданежскага, па традыцыі ўдзельнікі сустрэчы запалілі два вогнішчы дружбы – партызанскае і маладзёжнае. Старшыня Віцебскага аблвыканкама М.М.Шарснёў адзначыў, што з кожным годам у мерапрыемствах на Кургане дружбы прымае ўдзел усё больш моладзі і ў наступным годзе плануецца сустрэчу ветэранаў аб’яднаць з адкрыццём маладзёжнага міжнароднага лагера “Бе-Lа-Русь”. “Сёння мы жывём у розных дзяржавах. Але наша задача нязменная – захаванне сяброўскіх адносін паміж народамі ў імя памяці нашых продкаў і дзеля будучыні нашых дзяцей”, – заявіў М.Ю.Вядзернікаў. А дэпутат сейма Латвійскай Рэспублікі Артур Рубікс адзначыў, што нягледзячы на ўсе складанасці, ветэраны, партызаны, падпольшчыкі яго краіны, якіх на радзіме зараз называюць “акупантамі”, кожны год збіраліся і будуць збірацца ў гэты дзень ля граніцы, заклікаў моладзь сваёй краіны прыязджаць на гэта месца ў пошуках праўды аб падзеях той вайны.

Партызанская вёска са штабам, медсанчасцю і школай, аўтобус-музей “Кветкі Вялікай Перамогі”, баявая зброя тых часоў, фотавыстава і выстава дзіцячых малюнкаў, экспазіцыя “Лясная друкарня” нашых калег з “Дзвінскай праўды”, яркія выступленні беларускіх дэсантнікаў і акадэмічнага ансамбля песні і танца – няпоўны пералік таго, што можна было паглядзець на Кургане дружбы ў першы дзень ліпеня. Пастараліся і вытворцы, а самай вялікай папулярнасцю карысталіся палаткі ААТ “Шайцерава”, дзе на дэгустацыю мясной прадукцыі выстройваліся чэргі, і гасцінічна-турыстычнага комплексу “Чырвоны Бор” – сфатаграфавацца з чучаламі ваўка і мядзведзя. На працягу ўсяго дня працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, гандлёвыя кропкі – расійскаму баку прыйдзецца пастарацца, каб у наступным годзе падтрымаць узровень арганізацыі юбілейнай 60-ай сустрэчы.

А такія мерапрыемствы вельмі неабходныя. Удзел у іх упершыню прыняў і памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці А.М.Субоцін. “Гэта паказальна, што праз столькі гадоў традыцыя працягваецца, нягледзячы на перашкоды і забароны. Хоць надвор’е сёння і не радуе, але столькі людзей, усмешак і станоўчых эмоцый даказваюць, што Кургану дружбы быць!” – рэзюмаваў Аляксандр Міхайлавіч.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



1 комментарий по теме “Курган Дружбы в 59-й раз стал местом встречи ветеранов Беларуси, России и Латвии

  1. «…У адрозненні ад кіраўніцтва іх краіны, у якога павагай карыстаюцца так званыя “лясныя браты” і ветэраны дывізіі Вафен-СС, ваяваўшыя на баку гітлераўскай Германіі..» Каго шанаваць — справа выключна латышоў. А перад тым як iх у нечым абвiнавачваць, карысна было б прыгадаць брыгаду СС «Дружына», брыгаду Камiнскага, групу Ветвiцкага ды процьму iншых вайсковых адзiнак, што складалiся пераважна з рускiх ды беларусаў i ваявалi супраць саветаў на баку вермахта.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *