Ресторан едет к вам! Ушачское райпо предлагает услугу выездного обслуживания вашего мероприятия

Общество

На любой імпрэзе асаблівае месца займае святочны стол. І калі яго накрываць не ў рэстаране або кафэ, гаспадыням даводзіцца працяглы час стаяць каля пліты, каб прыгатаваць усё, ад закусак да гарачага, а потым – ля ракавіны за мыццём посуду. А можна значна спрасціць сабе задачу, заказаўшы ў райспажыўтаварыстве выязное абслугоўванне, якое апошнім часам называюць англійскім словам кейтэрынг, што ў перакладзе азначае “дастаўляць правізію”. Падрабязней пра гэта мы пагутарылі са старшынёй праўлення Ушацкага райспажыўтаварыства Л.А.ДОЛГАЙ.

– У сённяшніх умовах рынку і жорсткай канкурэнцыі трэба актыўна развіваць новыя віды паслуг і адпавядаць сучасным запытам. Стараемся рабіць гэта не толькі ў гандлёвым абслугоўванні, а і сферы грамадскага харчавання. Напрыклад, жыхары гарпасёлка часта выбіраюць нашы кафэ і рэстараны для правядзення сваіх мерапрыемстваў, а вось людзям з аддаленых кропак раёна не заўсёды зручна гэта зрабіць. Таму летась, прааналізаваўшы сітуацыю, арганізавалі “стол” на выездзе, тым больш што ў гэтым накірунку сталі актыўна працаваць канкурэнты-прыватнікі. Такая паслуга вызваліць ад непатрэбных клопатаў і зэканоміць час. Галоўная яго вартасць – гэта мабільнасць. Рэстаран сам прыязджае да вас, куды і калі вы скажаце.

Лілія Альбінаўна, што ў такім выпадку патрабуецца непасрэдна ад заказчыка?

– Усё, што трэба толькі – памяшканне са сталамі і стуламі, астатняе – клопат нашых работнікаў. На месца выязджаюць повары, памочнікі, афіцыянты. Яны прыгатуюць і аформяць заказаныя стравы, даставяць іх да месца правядзення ўрачыстасці або трызны, пасэрвіруюць сталы сваім посудам, паднясуць гарачае, а пасля ўбяруць. Адным словам, яны ўсё зробяць за вас, прычым, на адпаведным узроўні, а вы спакойна адзначыце свята.

– А як вызначаецца меню?

– Мы можам зладзіць святочнае застолле любой складанасці як па ўласным меню, так і па пажаданнях нашых кліентаў. Набор страў папярэдне агаворваецца, гатуецца на нашай базе, а ў патрэбны час – ужо на вашым стале.

– Паслуга, несумненна, вельмі зручная, а ці прывабны яе кошт?

– Прымальнымі з’яўляюцца і цэны за такое выязное абслугоўванне, якія практычна не адрозніваюцца, ні ад тых, што існуюць у стацыянарных кропках райспажыўтаварыства, ні ад цэн у прыватнікаў. Напрыклад, памінальны стол у разліку на аднаго чалавека абыдзецца каля 16 рублёў без уліку спіртнога (яго заказчык набывае сам). Гатовы выехаць у любую кропку раёна, і кошт страў ад гэтага не зменіцца. Наогул працуем на сумленне, каб заказчык усім быў задаволены.

– Ці карыстаецца паслуга папулярнасцю ва ўшачан?

– Падчас выязнога абслугоўвання ў асноўным даводзілася браць на сябе клопат пра памінальны стол. Яно і зразумела: у такую жалобную хвіліну нялёгка займацца яшчэ і прыгатаваннем. Дарэчы, працавалі не толькі на Ушаччыне, а выязджалі і ў суседні Лепельскі раён. Прыемна, што ва ўсіх выпадках у адрас прадпрыемства чулі толькі падзякі і добрыя водгукі, кшталту, што нашы клёцкі самыя смачныя, порцыі важкія, а абслугоўванне выдатнае. Будзем і надалей старацца для сваіх кліентаў і чакаем ад іх заявак на выязное абслугоўванне любой урачыстасці – ад дзён нараджэння да юбілеяў і вяселляў.

– Дзякуй за размову.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *