Тема наведения порядка на земле рассматривалась на последнем заседании Ушачского райисполкома

Общество

Пытанні, якія разглядаліся на апошнім пасяджэнні райвыканкама, былі сугучнымі, бо работы па абмежаванні распаўсюджання баршчэўніку Сасноўскага з’яўляецца адной з састаўных частак мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі, вынікі якіх і падводзіліся. Выдзяленне ж тэмы барацьбы са шкоднай раслінай у асобную тлумачыцца вастрынёй праблемы і маштабамі работ.

Можна канстатаваць, што сёлетні год стаў адметным. Як паведаміў у сваім выступленні першы намеснік старшыні райвыканкама А.Я.Іоскін, пярвічныя мерапрыемствы па знішчэнні баршчэўніку праведзены на рэкордных 1450 гектарах. Але ж і маштабы забруджаных зямель уражваюць – зараснікі зялёнага захопніка да нядаўняга часу ацэньваліся ў 1050 гектараў, а на самой жа справе яны значна большыя. Напрыклад, у ліпені з удзелам спецыялістаў Віцебскага абласнога камітэта праведзена выбарачнае абследаванне тэрыторый КУСГП “Вялікадолецкае”, “Кублічы”, ААТ “Агра-Селішча”, ДП “Маяк-Ушацкі”, у ходзе якога выяўлена каля 70 раней не ўлічаных гектараў інвазійнай расліны. І, як адзначыў старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка, такія месцы ёсць у розных частках раёна, у тых жа здавалася б дасканала даследаваных Глыбачанскім і Вяркудскім сельсаветах – па ўскрайках лясоў, балацявін, у кустоўі.

Механічным спосабам баршчэўнік знішчаны на плошчы звыш 560 гектараў, хімічным – 400 і камбінаваным – каля 27. Паўторныя работы праведзены амаль на 460 гектарах. На гэтыя мерапрыемствы накіравана 215,4 тысячы рублёў, у тым ліку 156 тысяч з абласнога бюджэту, і ўсе сродкі асвоены. Лічбы ўнушальныя, а што атрымалася па факце?

З боку землекарыстальнікаў, асноўнымі з якіх з’яўляюцца сельгаспрадпрыемствы, назіраецца невыкананне задання па механічным выдаленні баршчэўніку. Дарэчы, яно працягваецца і зараз за кошт узворвання заражаных плошчаў пад азімую сяўбу. У.Г.Аўдошка звярнуў увагу кіраўнікоў гаспадарак на якасць работ – трэба максімальна запрацоўваць ускрайкі палёў, якія часцей за ўсё і з’яўляюцца своеасаблівым “рассаднікам” баршчэўніку. Тады і эфектыўнасць работ павышаецца, і расход сродкаў будзе іншы. Напрыклад, 20 гектараў за Цётчам апрацавалі хімікатамі, хаця поле можна было проста заараць, па прыкладзе прадпрыемства “Райнбов-Агро”, а хімпрэпараты накіраваць для знішчэння баршчэўніку ў сельскіх населеных пунктах.

Менавіта землекарыстальнікі нясуць адказнасць за парадак на сваіх плошчах – раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыцягвае да адказнасці юрыдычныя і пасадныя асобы за нясвоечасовае прыняцце мер па абмежаванні распаўсюджання баршчэўніку, але спыніць яго “наступленне” штрафамі немагчыма. Толькі паэтапнае правядзенне комплексных работ на вызначаных участках, недапушчэнне ўзнікнення новых ачагоў дазволяць выправіць становішча. Барацьба з баршчэўнікам будзе працягвацца, вось толькі, як зазначыў старшыня райвыканкама (і гэта павінны разумець жыхары раёна), праца гэта не аднаго года. Разглядаецца пытанне стварэння спецыялізаванага прадпрыемства, якое будзе займацца знішчэннем інвазійнай расліны.

Выкананне заданняў па навядзенні парадку на зямлі прадпрыемствамі і ўстановамі раёна праходзіць адпаведна спецыяльным мерапрыемствам на 2018 год, якія зацверджаны распараджэннем старшыні райвыканкама ад 26.02.2018 № 59р. Праведзены аналіз за студзень-ліпень бягучага года паказаў, што большасць з запланаванага выканана. Значныя аб’ёмы на рахунку УП ЖКГ. За азначаны перыяд камунальнікі на прыдамавых тэрыторыях шматпавярховай забудовы адрамантавалі 4 спартыўныя і дзіцячыя, 15 кантэйнерных пляцовак, высадзілі 50 дрэў і 100 кустоў, выканалі заданне па ўстройстве і рэканструкцыі газонаў (0,31 гектара). У месцах масавага адпачынку ўстаноўлена або адрамантавана 3 элементы малых архітэктурных форм, спартыўная гульнявая пляцоўка, грамадскі туалет, 7 кантэйнераў. На 4 грамадскіх могілках праведзены рамонт ці ўстаноўка агароджы, абсталявана 2 пляцоўкі для збору адходаў. Праведзены работы па рэкультывацыі міні-палігонаў бытавых адходаў у Двор-Пліне і Павуллі, на чарзе – Сарочына. Рэкультывацыі падвергліся ўнутрыгаспадарчыя кар’еры агульнай плошчай 1,9 гектара ў Красным, Старынцы, Федаронках, Вялікіх Дольцах, Карычыне.

ДРБУ-105 правяло работы па рамонце вулічна-дарожнай сеткі ў населеных пунктах раёна на плошчы 1,24 тысячы квадратных метраў. Выкананы работы па зносе 8 трухлявых дамоў на тэрыторыі Вялікадолецкага, Сарочынскага, Глыбачанскага і Ушацкага сельсаветаў, сельгаспрадпрыемствы працавалі на добраўпарадкаванні вытворчых тэрыторый, лясгас, меліяратары і дарожнікі выканалі значныя аб’ёмы па навядзенні парадку на сваіх аб’ектах. Праведзена некалькі суботнікаў – у тым ліку і з дапамогай іх добраўпарадкаваны многія месцы агульнага карыстання ў гарпасёлку і сельскіх населеных пунктах, помнікі і брацкія магілы. Наконт суботнікаў кіраўнік раёна справядліва выказаў заўвагу, што эфектыўнасць дзеянняў высокая тады, калі работнікі прадпрыемстваў працуюць пад кіраўніцтвам адказных асоб. Калі ж яны пакінуты на саміх сябе, то часцяком працоўны дэсант ператвараецца ў прагулку на прыродзе.

У.Г.Аўдошка дэталёва прайшоўся па пунктах праграмы, спыніўшыся на тых, якія не выкананы па выніках 7 месяцаў. У асноўным датычацца яны сельскагаспадарчых арганізацый, якія адстаюць ад графікаў вывазкі арганікі на палі. Вядуцца яшчэ работы па ўстаноўцы агароджы і рамонце сховішча арганікі на жывёлагадоўчай ферме “Сержаны” ААТ “Ільюшынскі”. Такія ж неабходна выканаць і на МТФ “Цыганок” КУСГП “Вялікадолецкае”, правесці рэкультывацыю ўнутрыгаспадарчага кар’ера “Жывалака” КУСГП “Арэхаўна”, рамонт павільёнаў артэзіянскіх свідравін на комплексе “Завячэлле”. Кіраўнікі прыгаданых арганізацый агучылі свае меркаванні і планы па завяршэнні запланаваных мерапрыемстваў. Сярод праблемных – ліквідацыйны тампанаж свідравін, якія не выкарыстоўваюцца гаспадаркамі. На гэта патрэбны вялікія сродкі, якіх у сельгаспрадпрыемстваў няма.

“Вынікі” суботнікаў, мерапрыемстваў па навядзенні парадку, экалагічных акцый – тоны смецця, сярод якога ёсць і карыснае, прызначанае для перапрацоўкі. Таму на пасяджэнні асобна прааналізаваны ход выканання задання па нарыхтоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў усіх відаў. Асноўнымі арганізацыямі раёна, якія займаюцца гэтай справай, з’яўляюцца прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі і райспажыўтаварыства. Па стане на 1 жніўня нарыхтавана амаль 250 тон адходаў паперы і кардону, што складае 73 працэнты ад гадавога задання. А вось па іншых відах адходаў сітуацыя насцярожвае: шкла сабрана 32,2 працэнта ад запланаваных аб’ёмаў, палімераў – 18,2, электрычнага і электроннага абсталявання – 23,9, адпрацаванага масла – 17 працэнтаў. У раёне няма лініі па сартаванні цвёрдых камунальных адходаў і фактычна асноўны адбор другасных матэрыяльных рэсурсаў ажыццяўляецца ўручную на палігоне. Мала пакуль у гэтай справе дапамагаюць і кантэйнеры для паасобнага збору смецця.

Старшыня райвыканкама акцэнтаваў увагу прысутных кіраўнікоў на тым, што заданні па зборы другаснай сыравіны іх арганізацый – справа сур’ёзная, гэта па сутнасці адзін з відаў дзяржзаказу, таму неабходна прыкласці ўсе намаганні, каб выканаць даведзеныя паказчыкі. Як і запланаваныя мерапрыемствы па навядзенні парадку – у Год малой радзімы яны на асаблівым кантролі.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *