Поделить квартиру — без проблем! На актуальные вопросы читателей ответил нотариус

Правовая консультация

Падчас “прамой лініі” з натарыусам натарыяльнай канторы Ушацкага раёна Ж.Л.КАВАЛЕНКА, што праходзіла ў рэдакцыі на мінулым тыдні, тэлефон практычна не змаўкаў. Магчымасцю задаць свае пытанні Жанне Леанідаўне скарысталіся не толькі жыхары Ушаччыны, але і суседніх гарадоў. Тлумачэнні ж па іх, думаецца, будзе карысна пачуць многім нашым чытачам.

– Пабудавалі з мужам кватэру, узяўшы на гэтыя мэты крэдыт. Цяпер збіраемся развесціся. Ці зменіцца ў такім разе сума выплат у банк? І ці можна перааформіць права ўласнасці на кватэру і, адпаведна, абавязкі па крэдыце на мяне?

– У выпадку разводу і кватэра, і доўг перад банкам (яго сума не зменіцца) будзе падзелена паміж вамі ў роўных долях – пры ўмове, што іншае не прадугледжана шлюбным дагаворам. Зрэшты, заключыць апошні з другой палавінай можаце і зараз, пакуль знаходзіцеся ў шлюбе. Гэта дазволіць змяніць прававы рэжым сумесна нажытай маёмасці, напрыклад, прапісаць, што ўласнікам кватэры з’яўляецеся вы. Банк у такім разе ўнясе адпаведныя змены ў крэдытны дагавор.

– Якія дакументы для гэтага спатрэбяцца?

– Для заключэння шлюбнага дагавору ў натарыяльную кантору трэба прадставіць пашпарты, пасведчанне аб шлюбе, дакументы на кватэру, якую збіраецеся “дзяліць”, і выпіску на яе з арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомасці (БТІ).

– А калі муж не пажадае перапісаць на мяне ўсю кватэру?

– У шлюбным дагаворы можна таксама вызначыць долі, якія пасля разводу будуць належыць абаім. Тут можна адступаць ад роўнасці.

– Мне неабходна перавесці пасведчанне аб нараджэнні з украінскай мовы на рускую. Як гэта зрабіць?

– На сайце Беларускай натарыяльнай палаты ёсць спецыяльны рэестр “Перакладчык”, дзе можна знайсці кантакты неабходных спецыялістаў. Падкажуць іх і ў любой натарыяльнай канторы.

– Муж знаходзіцца ў Расійскай Федэрацыі. Тэрмінова патрэбна ад яго даверанасць на продаж дома. Калі аформіць дакумент там, у нашай краіне ён будзе сапраўдным?

– Канечне. Прычым дадаткова кудысьці звяртацца не спатрэбіцца.

– А ці падыдзе электронная форма даверанасці?

– Не. Вашаму мужу неабходна аформіць дакумент на папяровым носьбіце і пераслаць у Беларусь поштай.

– Яшчэ да шлюбу муж купіў і прыватызаваў кватэру, але крэдыт за яе плацім разам. У такім выпадку гэта яго маёмасць ці ўсё ж сумесна нажытая?

– Яго. Аспрэчыць жа гэта, калі ўзнікне такая неабходнасць, можна паспрабаваць праз суд.

* * *

З іншымі пытаннямі, што паступілі на “прамую лінію”, і тлумачэннямі па іх мы пазнаёмім нашых чытачоў у наступных нумарах газеты.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *