В нынешнем сезоне зарегистрировано уже несколько взрывов бытовых котлов

Cлужба-101 Профилактика и безопасность

У сёлетнім ацяпляльным сезоне ўжо зарэгістравана некалькі выпадкаў выбухаў бытавых катлоў. Напрыклад, у мінулыя выхадныя ў вёсцы Семкава Мінскага раёна апёкі 46 працэнтаў цела атрымала гаспадыня дома: у цвёрдапаліўным катле куставой вытворчасці адбыўся выкід паравой сумесі. А ў Чаускім раёне 2 лістапада выбухнуў кацёл на жывёлагадоўчай ферме, у выніку загінуў вартаўнік-качагар. Пазбегнуць падобных сітуацый можна. Што трэба рабіць – рэкамендуюць нашым чытачам ушацкія выратавальнікі.

Катлы баяцца холаду

– Асноўная прычына, па якой узрываюцца катлы, – гэта замярзанне сістэмы ацяплення, у выніку чаго вада ў трубах перастае цыркуляваць. Паліва пры гэтым працягвае гарэць. Унутры чыгунных секцый катла або труб вада закіпае. Пры гэтым ціск пары ўнутры сістэмы вельмі хутка ўзрастае і метал не вытрымлівае, – адзначае начальнік Ушацкага РАНС С.Я.Аваднёў. – У лепшым выпадку ўсё скончыцца выбітымі шыбамі, пры горшым раскладзе будуць разбураны канструкцыі памяшкання.

Перад запускам упэўніцеся,

што запорныя сістэмы адкрыты адразу на двух трубаправодах – падаючым і зваротным. Адкрыць трэба і ўсе запорныя ўстройствы, устаноўленыя на сістэме ацяплення. З ніжняга аддзялення дымавой трубы трэба выдаліць назапашаны кандэнсат. Рэгулярна правярайце агалоўкі труб і каналаў дымаходаў. Перш чым распальваць кацёл, адкрыйце лінію падсілкоўвання сістэмы і кантрольную: запаўнення пашыральнага бака. Тое, што сістэма не замерзла, стане ясна, калі вада пачне сцякаць з кантрольнай лініі. Калі яна не пайшла, ціск у катле няспынна расце – сістэма ацяплення замерзла і распальваць кацёл катэгарычна забаронена. Неабходна вызначыць месца замярзання, адагрэць яго і праверыць, ці пацякла з кантрольнай лініі пры адкрытым сілкаванні вада. Толькі тады, кантралюючы паказанні манометра, можна распальваць кацёл.

У зоне рызыкі – катлы, якія працуюць не пастаянна, а эпізадычна. Слабыя месцы, дзе сістэму ацяплення можа “прыхапіць” лядком, – гэта пашыральныя бакі, цыркуляцыйныя трубы і халодныя памяшканні кшталту гарышча. Адаграваць кацёл і трубы адкрытым агнём катэгарычна забаронена. Рабіць гэта рэкамендуецца, напрыклад, з дапамогай гарачай вады. Калі ж пры разагрэве вы ўбачылі, што з паверхні нагрэва пайшла вада, значыць, кацёл разгерметызаваўся, да далейшай эксплуатацыі ён непрыдатны.

Далей ад самаробак

Больш 10 катлоў, якія ўзарваліся за апошнія пяць гадоў, былі самаробнымі. На такіх не ўстаноўлены ні тэрмометры, ні манометры, ні засцерагальныя клапаны. Ды і ўстаноўку сертыфікаваных агрэгатаў нельга давяраць людзям, якія не маюць спецыяльнай кваліфікацыі. Грошы, якія вы зэканоміце, могуць адгукнуцца пажарам, моцным разбурэннем, цяжкімі траўмамі. Дык ці варта дзеля эканоміі рызыкаваць маёмасцю, жыллём, здароўем або нават жыццём?

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *