Новый этап ушачского промкомбината под «Знамем индустриализации»

Общество

Вам даводзілася купляць якасны модны тавар з гандлёвай маркай “DOMINION”? Мяркую, што так, бо менавіта пад ёй выпускаецца ўся мужчынская калекцыя адзення адкрытага акцыянернага таварыства “Сцяг індустрыялізацыі”. А на сённяшні дзень і ўся прадукцыя швейнага цэха нашага прамкамбіната – вось ужо месяц, як яго работніцы асвоілі новы для сябе выраб – мужчынскія штаны. І гэта не чарговы выйграны тэндар ці паслугі на давальніцкай сыравіне, а заказ галаўнога прадпрыемства. З 4 снежня ў прамкамбіната пачалася новая старонка гісторыі, ён стаў філіялам Ушачы ААТ “Сцяг індустрыялізацыі”. А змену статуса калектыў успрымае хоць і з невялікім сумам, аднак з намнога большымі надзеямі.

Працэс рэарганізацыі доўжыўся з красавіка. І прамкамбінат, і ААТ ”Сцяг індустрыялізацыі” ўваходзілі ў аб’яднанне “Віцебскпрам”, якім і было прынята рашэнне аб далучэнні нашага прадпрыемства да старэйшай швейнай фабрыкі краіны. З аднаго боку гэта згуба самастойнасці, а з другога – уздым на намнога вышэйшую прыступку. Рукавіцы ды робы, на якіх спецыялізаваліся ўшацкія швачкі, адышлі ў нябыт. Перад імі зараз – шырокая лінейка асартыменту таварыства, якое, дарэчы, нават на першым этапе даверыла ім выпуск брэндавых рэчаў.

– Я прашу, каб нам спачатку давалі нешта прасцейшае, – кажа начальнік філіяла Міхаіл Мікалаевіч Лёля. – Аднак і папярэдні заказ – выпуск вайсковай уніформы – ішоў на экспарт, і гэтыя партыі штаноў таксама прызначаны для рынку Польшчы. Нам самім не трэба зараз думаць пра пошук заказаў, іх будзе дастаткова. Галоўнае – якасць.

Ну а як правяраюць вырабы, перш чым яны павіснуць на плечыках і апрануцца ў цэлафан, убачыла на свае вочы. “Нешта не падабаецца мне, падаецца – сцягнута, мабыць перарабіць, – раілася кантралёр якасці Наталля Фёдараўна Полазава з начальнікам цэха Аленай Васільеўнай Каз’янінай.

– Гэта залішне, проста трэба лепш папрасаваць, а вось па гэтых сапраўды варта яшчэ раз “скрэпкай” прайсціся.

Кожная швачка выконвае сваю аперацыю. Адна – на кішэнях, другая – на гузіках: з фабрыкі паступаюць ужо раскроеныя дэталі, з якіх і нараджаецца брэнд “DOMINION”. Тут, дарэчы, Ганна Пячонкіна чапляе і этыкеткі, перад гэтым пачысціўшы кожны выраб – калі мадэлі падобныя, то вось тканіна розніцца па якасці, некаторая прыцягвае на сябе ніткі ды варсінкі. Але ўсёй прадукцыі поўнасцю надаюць таварны выгляд у цэху.

Менавіта таму ажно тры чалавекі заняты зараз на прасаванні. Раней гэтай аперацыі не было наогул, таму двое работніц – навічкі. Першы працоўны дзень быў у Жанны Баркоўскай, месяц, як улілася ў калектыў Саша Новікава. “Тут усе дружныя, мне вельмі падабаецца”, – кажа выпускніца Полацкага каледжа.

Чым на сённяшні дзень сапраўды не задаволены штат – гэта заработнай платай, якая, дарэчы, павінна істотна ўзрасці пасля далучэння, паколькі разлікі на ўсіх філіялах таварыства вядуцца па адзіных нормах.

– На 50 працэнтаў павялічылася тарыфная стаўка, на тры першыя месяцы прымяняюцца павышаючыя каэфіцыенты ад 1,3 да 1,1, – тлумачыць перавагі М.М.Лёля. – Вельмі гібкая і прэміяльная сістэма: і за асваенне новых мадэлей, і за перавыкананне нормы, якая, дарэчы, не прымяняцца да вучаніц. Сярэдні заробак швачак на фабрыцы – 600 рублёў. Таму спадзяюся, што хутка наш калектыў павялічыцца – мы ж здольны ўдвая расшырыць штат, прыкладна да 30 швачак.

А чакаюць на прамкамбінаце (мяркую, што на Ушаччыне назаўсёды прыжылася менавіта гэта назва) не толькі швачак, але і работнікаў сталярнага цэха. Нягледзячы на тое, што прадукцыя з драўніны не супадае з профілем галаўнога прадпрыемства, аднак цэх будзе працаваць і далей. “Цяпер ужо разам са “Сцягам індустрыялізацыі” будзем думаць пра мадэрнізацыю, ды і пра пошук заказаў таксама, – кажа М.М.Лёля. – Ужо ёсць дамова на тару з “Віцебскхлебпрамам”, гатовы выязджаць на замеры дзвярэй, рам па ўсёй нашай зоне – у таварыства ж мноства філіялаў – у Барані, Обалі: нават калі толькі для сваіх рабіць, і то аб’ёмы павінны павялічыцца.

Дарэчы, для “сваіх” прадукцыя “Сцяга індустрыялізацыі” прадаецца на 25 працэнтаў танней і ў лік зарплаты. Работніцы прамкамбіната яшчэ летам ацанілі разнастайны асартымент таварыства. Калі раней гэта былі пераважна мужчынскія касцюмы і верхняе адзенне, то зараз шмат мадэляў школьнай формы, ільняныя сукенкі і спадніцы, трыкатаж. Працуюць мадэльеры, якія распрацоўваюць модныя навінкі, а таксама аддзел па рабоце з філіяламі, разы два на тыдні ва Ушачы прыязджаюць тэхнолаг, наладчык, кантралёр якасці: дапамагаюць, тлумачаць, падказваюць.

Ну а асартымент “Сцяга індустрыялізацыі” са зніжанай гандлёвай нацэнкай хутка змогуць ацаніць і ўсе ўшачане: у будынку прамкамбіната будзе адкрыта гандлёвая секцыя прадпрыемства.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *